Казачная краіна на ўласным падворку

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Старыя, непатрэбныя рэчы могуць набыць новае жыццё, пераўтварацца ў шыкоўныя творы мастацтва і дэкору. У гэтым можна пераканацца, калі наведаць сядзібы ўдзельнікаў конкурса  на лепшы сельскі падворак сярод маладых сем”яў, які праводзіць РК ГА “БРСМ” і аддзел па справах  моладзі райвыканкама.

Зараз для яго арганізатараў пачаўся самы складаны і адказны момант – вызначыць пераможцу. А гэта, пагадзіцеся, вельмі цяжка, бо ўсе сем”і ўнеслі свой адметны каларыт у афармленне, уклалі ў кожную клумбу ці малую архітэктурную  форму часцінку душы.

Першымі камісія ў складзе  старшыні  Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў А.М.Драгаўца, першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” В.А.Сільвановіч і прадстаўнікоў адпаведных  сельскіх Саветаў  наведалі канкурсантаў у вёсках Лань і Лявонавічы.

Сем”і Івана Іванавіча і Святланы Аляксандраўны Булыга, Аляксандра Аляксандравіча і Святланы Уладзіміраўны Дуброва – суседзі, атрымалі разам у 2007 годзе ў Лані новае жыллё ў двухкватэрным доме. За два гады і без таго новы прыгожы  дом стаў яшчэ больш прыгажэйшым. Навокал раскінуліся  розныя кветкавыя кампазіцыі, дзе знайшлі сабе месца і вяргіні, і бархатцы, і астры. Нават сланечнікі цудоўна ўліліся ў агульную маляўнічую карціну. Веснічкі таксама расцвілі рознымі колерамі. Прыемна, што маладыя сем”і  не толькі добра працуюць, але і маюць цудоўнае захапленне – кветкі.

У Лявонавічах сядзібу  Сяргея Уладзіміравіча і Таццяны Іванаўны Юнкевіч відаць здалёк. Хляўчук расцвіў  незвычайнымі  казачнымі  кветкамі, якія, дарэчы, зробленыя з пластыкавых бутэлек. А шына  з аўтамабіля  ператварылася ў прыгожую лябёдку, побач з якой звілі  сваё гняздо буслы і пасяліўся дамавік, якім стала звычайнае палена. Усё гэта зроблена  залатымі рукамі гаспадароў.

Таццяна Іванаўна – настаўніца пачатковых класаў мясцовай школы – адзначыла, што пачала аздабляць  сядзібу ў час водпуску. Усе ідэі ўзнікаюць  спантанна. Убачыла якую-небудзь непатрэбную рэч – знайшла ёй прымяненне. Захапленне   падтрымаў і Сяргей Уладзіміравіч, які працуе ў мясцовай гаспадарцы слесарам-водаправодчыкам.

– Мой Сяргей прыйдзе з работы, а я яму і кажу, што з”явілася новая ідэя, – працягвае Таццяна, – і ён з задавальненнем дапамагае. Дзесьці што-небудзь падпіліць ці выража, падфарбуе. Увогуле ўсё пачыналася з дзіцячых арэляў. Потым ужо з”явіўся басейн, пясочніца і  астатняе. Асабліва гэта падабаецца дзецям, якія і самі  дапамагаюць нам.

Сакрэтамі па аздабленню сядзібы  сям”я Юнкевіч з задавальненнем дзеліцца з аднавяскоўцамі, якія таксама вырашылі ўпрыгожыць свае дамы. А самі плануюць яшчэ пабудаваць альтанку.

У бліжэйшы час камісія наведае іншых канкурсантаў, і будуць вызначаны пераможцы.

На фота: так выглядае двухкватэрны дом сем”яў Булыга і Дуброва;

сям”я Юнкевіч з Лявонавіч;

вось такую прыгажосць стварылі на сваім прысядзібным  участку Таццяна Іванаўна і Сяргей Уладзіміравіч.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.