У гэтым хлебе — наша жыццё

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У сераду свята  ладзілася ў адным з прыгожых куточкаў Нясвіжчыны – СВК “17 верасня”. Шырока і ўрачыста. Пад гукі духавога аркестра ўдзельнікі жніва, прадстаўнікі працоўных калектываў, мастацкай самадзейнасці раёна стройнай калонай накіраваліся ад сельскага Дома культуры да месца правядзення мерапрыемства. Прырода  святкавала дажынкі разам з людзьмі: было сонечна, цёпла, а з неба нібы вітала ўсіх цэлая чарада журавоў. Яны закрылі сабой амаль увесь  небасхіл. І кружыліся над роднымі мясцінамі,  развітваючыся з імі перад доўгім пералётам на поўдзень. І ўрачыстасць пачалася ў самым прамым сэнсе пад  жураўлінымі крыламі.

З дажыначнымі снапамі, хлебным караваем, пад гукі ўрачыстай мелодыі камбайнер з СВК “Лань-Нясвіж” А.Р.Макаўчык,  вадзіцель  РУП “Эксперыментальная база “Буракаводчая» Г.В.Янкоўскі  і машыніст збожжасушыльнага комплексу СВК “Гарадзея” І.М.Яцкевіч узнімаюць сцяг раённых дажынак. З дынамікаў даносяцца словы: “У гэтым хлебе – праца тысяч мазолістых рук  хлебаробаў, у ім – вашы хваляванні і клопаты, бяссонныя ночы і трывожныя світанні, часцінка вашай душы. У гэтым хлебе – наша з вамі жыццё”.

Вядучыя вітаюць гасцей і гаспадароў свята – старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Л.Ф.Крупца, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.А.Новік, намесніка генеральнага дырэктара па нарыхтоўках ААТ “Крыніца” Л.І.Жыбуртовіча, старшыню Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта І.М.Макара,  яго першага намесніка, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.М.Коршуна, старшыню Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў А.М.Драгаўца і  старшыню сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “17 верасня” А.К.Ратомскага. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уручаюць гасцям і кіраўніцтву  раёна караваі – як сімвал адвечнага жыцця,  сімвал грамадскага дабрабыту.

З даўніх часоў вялося ў беларускага народа – распачынаючы вялікую справу, прасіць благаславення. На пачатку ўборкі, традыцыйных “Зажынаках”, прысутнічалі святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Таму вядучыя дажынак прывіталі людзей, дзякуючы малітвам якіх жніво закончылася ў час і з добрым ураджаем, – благачыннага цэркваў Нясвіжскага раёна айца Аляксандра, ксяндза-пробашча касцёла Божага цела ў Нясвіжы Пятра Шарко і настаяцеля храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в.Вялікая  Ліпа айца Аляксандра, якім таксама былі ўручаны святочныя караваі.

Са словамі да прысутных звярнуўся старшыня Нясвіжскага райвыканкама І.М.Макар:

– Спакон вякоў беларусы  ведалі цану хлебу, шанавалі яго. Народная мудрасць актуальная і зараз. Жніво-2009 ужо стала старонкай працоўнага летапісу нашага раёна, у якую занатаваны ваша працавітасць і любоў да зямлі. Вы, дарагія хлебаробы, зрабілі ўсё магчымае, каб агульны  каравай раёна быў важкім.

Старшыня райвыканкама таксама адзначыў, што, нягле-дзячы на цяжкія ўмовы ўборачнай, сярэдняя ўражайнасць па раёне дасягнула адзнакі 53 цэнтнеры з гектара, а валавы збор склаў больш 120 тысяч тон.  Даведзены раёну план паставак зерня дзяржаве ў аб”ёме 23650 тон на той дзень быў выкананы на 101,5 працэнта.

За гэтымі лічбамі, здабытымі  напружанай працай, стаяць воля, прафесіяналізм і вопыт людзей: камбайнераў, вадзіцеляў, спецыялістаў, ідэалагічных і прафсаюзных работнікаў, работнікаў грамадскага харчавання, культуры.

Ігар Мікалаевіч назваў прозвішчы  тых працаўнікоў, хто ўваходзіць у залаты фонд нясвіж-скага сялянства, хто сваёй працай праслаўляе раён. Гэта камбайнавыя экіпажы А.Р.Макаўчыка і К.С.Івашкі з СВК “Лань-Нясвіж”, С.І.Каспера і Д.І.Шляжко з ЗАТ “1 Мая”, Г.І. і Д.Г.Антановічаў з ААТ “Новае жыццё”, А.І.Барана і М.І.Мароза з СВК “Гарадзея”, В.К. і М.В.Хвіцько з СВК “Сейлавічы”, А.С.Жэркі і А.А.Чыркуна з СВК “Нясвіжскія Астроўкі”, П.М. і А.П.Куратнікаў з ААТ “Нясвіжскі райаграсервіс”, І.К.Касцюкевіча з СВК “Агракамбінат Сноў”, І.І.Аглашэвіча і В.Ч.Ратомскага з СВК “17 верасня”, А.І.Кукулы і Ю.Ю.Навошы з СВК “Юшавічы”, Г.П.Закудоўскага і Ф.І.Зайца з СВК “Грыцкевічы”, М.К.Варанковіча і Р.М.Бутрымо-віча з РУП “Эксперыментальная база “Ганусава”, С.А. і А.С.Чыбрыкаў з РУП “Насенняводчы саўгас “Друцкаўшчызна”, А.А.Платуна і І.А.Яўсюкова з РУП “Эксперыментальная база “Буракаводчая” і многіх іншых.

За якасную і выніковую работу на адвозцы зерня словы па-дзякі былі выказаны І.Д.Кобусю з СВК “Гарадзея”, Б.У.Праўлоцкаму з СВК “Лань-Нясвіж”, А.І.Петрашу з ААТ “Новае жыццё”, М.У.Маскаленку з СВК “Агракамбінат Сноў”, М.Д.Казакевічу з СВК “Грыцкевічы” і іншым.

Каб сабраны ўраджай захаваць, давесці да патрэбных кандыцый, днём і ноччу працавалі  машыністы збожжасушыльных комплексаў – звяно І.М.Яцкевіча з СВК “Гарадзея”, У.М.Хвіцько з СВК “Сейлавічы”, С.А.Калько з СВК “Лань-Нясвіж”, Д.М.Якаўца з СВК “Агракамбінат Сноў”, А.Я.Янцэвіча з СВК “Юшавічы”.

Прыемным з”яўляецца і тое, што ў раёне расце дастойная маладая змена. Добрых вынікаў дабіліся  экіпажы А.Тароцькі і І.Ратомскага з эксперыментальнай базы “Ганусава”, А.Дземідовіча і Д.Зянько з СВК “17 верасня”, А.Шарапа з СВК “Агракамбінат Сноў”. А таксама маладыя вадзіцелі А.Шынгель з СВК “Лань-Нясвіж”, Д.Міклашэвіч з СВК “Агракамбінат Сноў”, А.Ісакаў з ААТ “Нясвіжскі райаграсервіс”.

– Так трымаць! Мы спадзяёмся, што многія з вас у будучым стануць лідэрамі на ўборцы збожжавых не толькі раённага, але і рэспубліканскага спаборніцтва, – пажадаў старшыня райвыканкама.

Словы шчырай падзякі І.М.Макар выказаў працоўным калектывам прадпрыемстваў і арганізацый, з дапамогай якіх ураджай быў своечасова ўбраны. Гэта “Гарадзеянафтапрадукт”, райаграпрамэнерга, збожжапрыёмнае прадпрыемства.

З працоўнымі дасягненнямі павіншаваў нясвіжскіх хлебаробаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Л.Ф.Крупец:

– Вы заўсёды з”яўляліся і з”яўляецеся прыкладам для  працаўнікоў іншых рэгіёнаў Міншчыны. Шчыры дзякуй  вам за тое, што ў чарговы  раз паспяхова  вытрымалі экзамен на працавітасць. Нясвіжскі каравай дастойна ўвайшоў у  жытніцу Мінскай вобласці.

Са словамі віншавання да ўсіх удзельнікаў свята звярнуўся таксама старшыня СВК “17 верасня” А.К.Ратомскі. Іх гаспадарка ў сваёй другой групе заняла першае месца. Хлебаробы забяспечылі 112,8% росту валавага збору зерня да сярэдняга ўзроўню мінулых трох гадоў, выхад яго ў разліку  на адзін бала-гектар пасяўной плошчы склаў 160,3 кг.

Слова атрымлівае неаднаразовы пераможца раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў камбайнер СВК “Лань-Нясвіж” А.Р.Макаўчык. Ён з памочнікам Кірылам Івашкам намалацілі на ўмоўны камбайн 1712,5 т збожжа і занялі  першае месца сярод гаспадарак першай групы. Анатоль Расціслававіч павіншаваў усіх прысутных са святам і пажадаў новых працоўных перамог.

Затым І.М.Макар і А.М.Коршун уручылі пераможцам жніва-2009 у розных намінацыях  ганаровыя дыпломы і  граматы, грашовыя прэміі.

Рознакаляровы фон стварыла  святу  выстава майстроў народнай творчасці. Вока радавалі вырабы з саломкі, разьбы па  дрэве, ганчарныя і кулінарныя  вырабы. Тут жа былі выстаўлены прыгожыя караваі ад кожнай гаспадаркі. Прадстаўленне лепшых правёў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.К.Кендыш. Каштоўнымі падарункамі былі ўзнагароджаны ААТ «Новае жыццё», СВК «Лань-Нясвіж», «Грыцкевічы», «Агракамбінат Сноў», «Гарадзея».

Каштоўны падарунак атрымаў ад ААТ «Крыніца»  старшыня СВК «Юшавічы»  В.М.Азарка – за перавыкананне задання па продажы дзяржаве піваваранага ячменю.

На гэтым жа свяце кіраўніцтва СВК “17 верасня” назвала лепшых сваіх працаўнікоў на  жніве-2009.

Усіх удзельнікаў раённых дажынак на працягу доўгага часу радавалі самадзейныя артысты Нясвіжскага раёна.

Усё сышлося ў гэтым свяце –  пачатак і вынік палявых работ, рытуалы і традыцыі  хлебаробства… Адразу бачыцца шматколерны калейдаскоп звычаяў, абрадаў – усё плыве і ўзнімаецца на сонечных каруселях. Дзякуй хлебаробам за цёплы, румяны каравай!

На здымках: 1. старшыня аблвыканкама Л.Ф.Крупец і старшыня райвыканкама І.М.Макар знаёмяцца з выставай караваяў, выпечаных  умельцамі сельгаспрадпрыемстваў; 2. (справа налева) экіпажы збожжаўборачных камбайнаў у складзе А .Макаўчыка і К.Івашкі з СВК “Лань-Нясвіж“, Г.Ліхуты і Я.Ліхуты з СВК “Гарадзея” занялі адпаведна першае і другое месцы сярод гаспадарак першай групы раёна; 3. Гаспадынька з вёскі Смалічы І.М.Шчурская запрашае гасцей у сялянскую сядзібу.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.