Як вясновы ручаёк

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Больш за 40 гадоў жыве ў Нясвіжы на першы погляд нічым непрыкметная жанчына – Леаніда Якаўлеўна Усовіч. Але не прыкметная яна для тых, хто не ведаў яе ў маладосці. Бо маладосць  была вельмі адметная,  біяграфія –  цікавая, а ў нечым – асаблівая і незвычайная.

Нарадзілася Леаніда Якаўлеўна ў 1930 годзе на адным з хутароў вёскі Карцэвічы Нясвіж-скага раёна, у сялянскай сям”і, дзе  было трое дзяцей: два сыны і яна, самая малодшая. Малодшы брат загінуў без вестак у час Вялікай Айчыннай вайны, а старэйшы (родны толькі па маці) – жыў асобна са сваёй сям”ёй і працаваў на гаспадарцы. Бацька пайшоў з сям”і, калі Лёні было ўсяго 4 гады. І яна яшчэ зусім дзіцем стала сапраўднай памочніцай для  маці. “І самае крыўднае, што бацька забраў у нас, сваіх дзяцей, палову зямлі, а яе было, можа, крыху больш за гектар”, – успамінае Леаніда Якаўлеўна. У школу яна пайшла ў дзевяць гадоў і закончыла ўсяго пяць класаў: трэба было працаваць, дапамагаць маці па гаспадарцы.

А сапраўдная яе біяграфія пачалася тады, калі  19-гадовай дзяўчынай пайшла працаваць прычэпшчыкам на трактары. Потым скончыла курсы трактарыстаў пры Нясвіжскай МТС, вучылася ў Навагрудскай школе механізатараў, далей –  курсы шафёраў. Працавала трактарысткай, памочнікам брыгадзіра трактарнай брыгады, шафёрам, камбайнерам.

Жанчына-трактарыстка? Не можа быць. Верылі і не верылі, глядзелі на яе, як на нейкае дзіва. Адны сцвярджалі: «Не зможа, збяжыць, як толькі заглохне трактар». Другія, гледзячы на яе  агрубелыя рукі і зашмальцаваны камбінезон, шкадавалі: “Навошта ёй гэта?” Але яна змагла, не разгубілася, вытрымала выпрабаванне часам і экзамен на сталасць. Не збегла, хаця часам здавалася, што няма ніякіх сіл і хацелася ўсё кінуць. Былі хвіліны расчаравання, слёзы, калі нешта не атрымлівалася, і ад страшнай стомленасці нылі рукі, ногі і ўсё цела.  Але з цягам часу ўсё праходзіла, і яна ўжо не ўяўляла сябе ў другой ролі. А на насмешкі яна, заўсёды “вострая на язык” і ўсмешлівая, ведала што адказаць.

Л.Я.Усовіч працавала не адна, а ў складзе трактарнай брыгады з сямі чалавек. Усе маладыя, прыгожыя, вясёлыя. Былі тады, як кажуць, і на віду, і на слыху. У брыгадзе было дзве Лёні: Усовіч і Дзігмунтовіч (дзявочае прозвішча), цяпер і яна жыве ў Нясвіжы.

Для нас, вясковай дзетвары, гэта было сапраўдным цудам. Мы бегалі на поле, каб здалёк (блізка падысці баяліся) па-глядзець, ці праўда на трактары жанчына. Глядзелі на Лёню Усовіч з пачуццём зайздрасці, захаплення і нейкага дзіцячага страху. А некаторыя з дзяцей, асмеліўшыся, прасіліся, каб яна правезла іх. Але гэта забаранялася, і яна праганяла назойлівых хлопчыкаў. “Хаця, я ведала, як ім хацелася пракаціцца на трактары”, – успамінае Леаніда Якаўлеўна.

Працавала Леаніда Якаўлеўна і на іншых работах, але больш за ўсё ўспамінае гады, калі была трактарысткай і шафёрам. Яна любіла і ганарылася сваёй работай і аддавалася ёй цалкам. Не было часу, а можа, і сіл пасля такой працы ісці на танцы, сустракацца з хлопцамі, было не да лірыкі. Яе лірыкай, радасцю, болем і сябрам была машына. Можа, таму і не склаўся  асабісты лёс. У 1958 годзе выйшла замуж, але скора разышлася і ўжо больш ніколі аб гэтым не думала. На трактары яна заворвала па 4-5 гектараў за змену. Сёння гэтыя лічбы здаюцца смешнымі, а тады гэта быў добры паказчык. Працавала з душой, з вялікай адказнасцю, не ўступала дзяўчатам з брыгады і нават мужчынам. Ёй не сорамна было даць справаздачу (калі патрэбна) аб сваёй рабоце на калгасным партыйным сходзе (яна была членам Камуністычнай партыі). Калгас “Радзіма” ў тыя гады ўзначальвала таксама жанчына – Феадосія Дзмітрыеўна Шаніна, што таксама было рэдкай з”явай.

Аб тым, што працавала Леаніда Якаўлеўна сумленна,  сведчаць  яе ганаровыя граматы, званне ўдарніка камуністычнай працы,  знак “За работу без аварый”. Аб гэтым я даведалася, зазірнуўшы ў яе працоўную кніжку.

– Самымі цяжкімі гадамі ў маім жыцці, – са слязьмі на вачах гаворыць Леаніда Якаўлеўна, – былі 1961-1962 гады, калі стары хутар знеслі, і мы з матуляй будавалі свой дом у вёсцы Карцэвічы. Прыходзілася рана да работы і позна пасля яе самой займацца будаў-ніцтвам. Авалодала нейкімі навыкамі па падказках людзей і выконвала ўсю мужчынскую работу. Нават дах сама клала. Была майстар на ўсе рукі, нават самой не верыцца. Добра яшчэ, што працавала тады на грузавіку.

Леаніда Якаўлеўна – цікавы суразмоўца. Цяпер, як і ў маладосці, любіць жыццё, гаварлівая, усмешлівая. Яна спрабавала нават пісаць вершы.

– Стала складаць, – расказвае Леаніда Якаўлеўна, – пасля таго, як у 1993 годзе ў мяне была клінічная смерць, але я выжыла і з таго часу  з”явілася патрэба хоць словамі аддзячыць і Божай Маці, і Богу, і, вядома ж, урачам за маё выратаванне.

І прачытала напамяць свае вершы –  самыя шчырыя, ідучыя ад сэрца, словы хвалы, веры, любові да Бога, да ўсіх святых і ўсяго святога.

Леаніда Якаўлеўна, як і кожны сумленны чалавек, цэніць багацце зямлі, прыгажосць прыроды і з боллю ўспрымае факты бяздушных, цынічных адносін да наваколля. Год роднай зямлі лічыць сваім годам, бо  з ранняга дзяцінства працавала на зямлі. Разам з сонейкам уставала, позна клалася спаць. Яна і цяпер мае невялікую градку.

З радасцю ўспамінае, як, працуючы ў полі, іншы раз прыпыняла трактар, каб пачуць кукаванне зязюлі ці песню жаўрука. З заміраннем сэрца гля-дзела на прылятаючых ці адлятаючых у вырай птушак. Усё гэта было для яе родным, з дзяцінства любым і жаданым, прыносіла радасць, дапамагала ў працы. Дом, дзе яна нарадзілася і доўгі час жыла, стаяў каля самага лесу. Леаніда Якаўлеўна ўспамінае: “Я з вялікай цікавасцю назірала і першай бачыла, як прачынаюцца пасля доўгай зімы дрэвы, як зацвітаюць пралескі. У дзяцінстве, чуючы ад старэйшых, што зямля дыхае, часта прыхілялася да яе вухам, слухала і, на самой справе, адчувала яе подых, і, здаецца, нават чула стук сэрца зямлі. А яшчэ любіла і люблю цяпер ні з чым не параўнальны пах і цеплыню зямлі. Ніколі, нават у дажджлівыя восеньскія дні, калі прамакала, як кажуць, “да ніткі”, не пакідала свайго жалезнага сябра. І не таму, што трэба было выконваць норму, а больш таму, што мне гэта падабалася і, што самае цікавае, ніколі не прастуджвалася, не хварэла. Была дужаю, як мая машына”. Гэта было яе жыццё, яе лёс, які яна сама сабе абрала. Таму  радавалася і сонцу, і ветру, і дажджу. А калі яна па стане здароўя развіталася з машынай, то пайшла зноў на “не жаночую” працу – вартаўніком калгаснага сада.

– Не жаночая – бо хадзіла з ружжом, якое было больш для форсу, – гаворыць Леаніда Якаўлеўна.

Вось такая яна – былая трактарыстка калгаса “Радзіма”.

А на пытанне: “Якой яна лічыць восень свайго жыцця?” – адказала так:

– Лічу, што я знайшла сваё месца ў жыцці. Рада, што жыву ў такі добры, мірны час у сваёй Беларусі. 1 мая адзначыла 79-годдзе. Можа, таму і пражыла столькі, што многа працавала і ў працы загартоўвалася. Вось каб яшчэ не балелі ногі, то было б зусім добра. Сваю восень лічу ўраджайнай, бо жыццё прайшло на зямлі. Мне ёсць што ўспомніць. Я ні аб чым не шкадую і лічу сябе шчаслівым чалавекам.

Развітаўшыся з Леанідай Якаўлеўнай, я прыйшла да думкі, што, напэўна, невыпадкова нарадзілася яна ў дзень вясны і працы. Можа, сапраўды, таму і была такой працавітай, такой гаварлівай і вясёлай, як вясенні ручаёк. Ды яна і цяпер такая.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.