У баях пад Монтэ-Касіна

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сёлета грамадскасць адзначала сумны юбілей — 70-годдзе пачатку Другой сусветнай вайны. Вайны, якая змяніла лёс краін і народаў, не кажучы ўжо пра лёсы асобных людзей. На жаль, дагэтуль яшчэ мала вядома пра тых нашых землякоў, для каго вайна пачалася не ў чэрвені 1941г., а на два гады раней. Тысячы з іх змагаліся супраць фашызму не толькі ў радах Савецкай Арміі і партызанскіх атрадах, але і ў  саюзных войсках у Заходняй Еўропе. Адным з такіх ветэранаў быў ураджэнец Нясвіжчыны Мікалай Буцька.

Яго жыццё пачалося пад гукі артылерыйскай кананады. Вёска Пагарэльцы, дзе Мікалай у 1916г. з»явіўся на свет, знаходзілася за 10 кіламетраў ад руска-нямецкіх пазіцый. На супрацьлеглым баку Шчары, пад Баранавічамі, стаялі немцы, якія бесперапынна абстрэльвалі Пагарэльцы з цяжкіх гармат, пакуль руская артылерыя не прымусіла іх змоўкнуць. У гэтай вёсцы, пры чыгунцы, прайшлі дзіцячыя і юначыя гады Міколы, сына Алеся і Яўгеніі. Тут ён скончыў сямігодку, працаваў на паравым млыне, наймаўся на будоўлю польскіх фартыфікацыйных збудаванняў, каб падзарабіць грошай. У 1937г. быў прызваны на тэрміновую службу ў Войска Польскае, атрымаў ранг капрала.

Да дэмабілізацыі заставалася няшмат часу, калі 1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу.

Сапёрны батальён, у якім служыў М. Буцька, знаходзіўся ў Нова-Георгіеўскай крэпасці пад Варшавай. Праз два тыдні яго перакінулі на абарону польскай сталіцы, неўзабаве кола акружэння вакол горада замкнулася. Пра тыя дні ён прыгадваў: «Выжыць у абложанай Варшаве было надзвычай цяжка: ні харчоў, ні вады, антысанітарыя, а людзей — жыхароў, уцекачоў, жаўнераў — маса.» А людзі ж не проста выжывалі, яны змагаліся. Варшава трымалася нават тады, калі было ясна, што вайна прайграна, калі польскі ўрад і камандаванне выехалі за мяжу, калі ў Брэсце злучыліся нямецкія і савецкія войскі, калі стала відавочным, што дапамогі ад заходніх саюз-нікаў не будзе. Толькі 29 верасня абаронцы склалі зброю. Уражаныя іх мужнасцю, немцы дазволілі палонным вярнуцца па дамах.

У родных Пагарэльцах Мікалай прабыў нядоўга. Праз нейкі час уся сям»я — бацькі, браты, сястра — была вывезена ў Паўночны Казахстан. Тут дазналіся пра напад Германіі на Савецкі Саюз, а потым выпадкова пачулі, што ў СССР утвараецца польская армія. Падрабязнасцей, вядома ж, не ведалі. А між тым, яшчэ ў жніўні 1941г. кіраўніцтва СССР падпісала дамову з польскім эміграцыйным урадам, паводле якой пачалося фарміраванне арміі пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Яе аснову складалі польскія салдаты і афіцэры, якія знаходзіліся ў палоне з верасня 1939г., а таксама ссыльныя і вязні — былыя грамадзяне Польшчы. Акрамя палякаў, у армію спяшаліся запісацца тысячы беларусаў — былых жыхароў Другой Рэчы Паспалітай. Для іх гэта быў шанс апынуцца на волі. Сам Андэрс падкрэсліваў, што беларусы — выдатныя жаўнеры, якія мужна змагаліся ў 1939 г.

Такім чынам, Мікалай апынуўся ва Узбекістане, дзе ішло фарміраванне арміі. Неўзабаве былі арганізаваны тры дывізіі, запасны полк, артылерыйскія і танкавыя аддзелы, яшчэ тры дывізіі знаходзіліся ў стадыі камплектавання. М. Буцьку прызначылі ў сапёрныя войскі. Трэба сказаць, што ў аддзелах новай арміі было нямала ўраджэнцаў Нясвіжскага павета (сучасныя Нясвіжскі і Клецкі раён).  Толькі ў спісках вайскоўцаў, якія памерлі падчас фарміравання войска ў Сярэдняй Азіі, знаходзім 13 прозвішчаў несвіжан. Самым маладым, Яўгену Якавецкаму з Астроўчыц і Аляксандру Буйвілу з Моўчана, было 15 і 16 гадоў.

З-за палітычных рознагалоссяў паміж польскім і савецкім урадам армія Андэрса была выведзена з СССР у Персію і перайшла ў падпарадкаванне брытанскага камандавання. Байцы атрымалі англій-скую уніформу, забеспячэнне паводле стандартаў каралеўскіх узброеных сіл. Для людзей, якія перажылі голад і холад, з»явілася магчымасць адкарміцца і адпачыць. М.Буцька ўспамінаў: «У Іране мы файна адкарміліся! Кухня працавала і днём і ноччу — бяры колькі ўлезе. Хлопцы паснедаюць ад пуза, паляжаць на пяску — і зноў да кухні.» Аднак армію выводзілі зусім не для адпачынку. Неўзабаве пачалася баявая вучоба. Польскія аддзелы праз Іран і Палесціну перакінулі ў Егіпет. Тут быў сфарміраваны 2-гі польскі корпус для адпраўкі на Італьянскі фронт. У гэтым корпусе, у складзе 10-га сапёрнага батальёна, апынуўся і Мікола Буцька. Разам з ім служылі землякі-беларусы — Антон Есіс з Паначы, Вікенцій Цішкевіч і Пётр Зіневіч з Сіняўкі.

Баявым хрышчэннем для 2-га польскага корпуса стаў штурм нямецкіх пазіцый пад Монтэ-Касіна, якія перакрывалі саюзнікам шлях у глыб Італіі. Перад гэтым, на працягу трох месяцаў, пазіцыі беспаспяхова штурмавалі амерыканскія, новазеландскія, індускія, французскія, англійскія войскі. Умацаванні здаваліся непрыступнымі. Кожны квадратны метр прыстраляны артылерыяй, кожная вузкая горная сцежка перагароджана міннымі палямі, на кожнай зручнай пляцоўцы — варожы бункер. А над усім гэтым, на вяршыні гары, узвышаліся муры манастыра Касіна. Яго сцены былі настолькі трывалымі, што вытрымлівалі непасрэднае пападанне авіябомб.

Пра штурм М.Буцька ўспамінаў: «Немцы заселі ў гарах і цяжкай артылерыяй абстрэльваюць усе падыходы. А падыходы вузкія, для пяхоты месца мала. Штурмуем іх, штурмуем (1800 польскіх і англійскіх гармат палілі!), ажно каменне ў пясок пачало ператварацца, а немец надта мудра абараняўся — не выкурыш яго з укрыццяў. Але ў выніку даканалі немца. Надта вялікай крывёй далася нам перамога. У маім батальёне было 320 чалавек, большасць палягла.» Менавіта сапёры ішлі наперадзе наступаючых ад-дзелаў, размініруючы дарогі і масты і, у літаральным сэнсе, пракладваючы шлях сваімі целамі. Сведка той бітвы пісаў: «Сапёры — гэта мурашкі вайны. Іх недаацэньваюць. Лаўры забіраюць кавалерысты, артылерыя, пяхота… А куды б усе гэтыя «героі» дайшлі без сапёраў?»

У выніку баёў з 11 да 18 мая 1944 г. Монтэ-Касіна было здабыта.

1 верасня 1945 г. каля ўзвышша ўрачыста асвяцілі польскія вайсковыя могілкі. Сярод магіл 7 пахаванняў ураджэнцаў Нясвіжскага павета: стральцы Павел Лахута з  Кухчыц, Юрый Міцькоўскі з Заастравечча, Канстанцін Папельскі з Клецка, Аляксандр Лукевіч з Рудкоў, Мікалай Протас з Гавезна, Рыгор Жук з Лані, улан Іосіф Роўба з Качановіч.

Прарыў пазіцый пад Монтэ-Касіна адкрываў дарогу на Рым, але да заканчэння вайны было яшчэ далёка. У складзе 8-й брытанскай арміі польскі корпус наступаў уздоўж адрыятычнага ўзбярэжжа. У гэтых баях Мікалай Буцька быў паранены. А вось яго старэйшы брат Юліан загінуў у Італіі. Малодшыя ж браты — Аляксей і Павел — дайшлі да Берліна ў радах Войска Польскага, якое змагалася побач з Савецкай Арміяй. Сам Мікалай скончыў вайну ў Балоньі.  Быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Польскімі — памятным крыжам Монтэ-Касіна, бронзавым Крыжам Заслугі з мячамі, Медалём вайны 1939-1945 гг. Англійскай  Зоркай вайны 1939-1945г. і Зоркай Італіі.

Пасля вайны трэба было нанава наладжваць жыццё, і Мікалай вырашыў шукаць шчасця ў Канадзе. Эміграцыйная палітыка гэтай краіны якраз заахвочвала прыезд маладых нежанатых мужчын. У Канаду накіравалася каля 7 тыс. былых жаўнераў арміі Андэрса, сярод іх — і наш зямляк. Спачатку працаваў на ферме, потым — на пілараме і ўрэшце рэшт — на нікелевых шахтах у Садбуры, штат Антарыё. Тут, пад зямлёй, адпрацаваў 28 гадоў.

Ажаніўся, пабудаваў уласны дом. Негледзячы на цяжкую працу, не пакідаў грамадскай дзейнасці, быў сябрам Згуртавання Беларусаў Канады. Да апошніх дзён жыцця падтрымліваў беларускі рух у гэтай краіне. У газеце ЗБК «Беларускае слова» (№11 за снежань 2008 г.) на апошняй паласе надрукаваны спіс ахвярадаўцаў. Першым у гэтым спісе стаіць прозвішча М.Буцькі, які ахвяраваў на газету 100 долараў. Прозвішча абведзена чорнай, жалобнай рамкай…

На здымках: Мікола Буцька падчас тэрміновай службы ў Войску Польскім, 1939 г.; пасведчанне да Памятнага крыжа Монтэ-Касіна;  руіны манастыра і польскія вайсковыя могілкі пад Монтэ-Касіна. 1945 г.; цырымонія асвячэння польскага цвінтара пад Монтэ-Касіна. 1 верасня 1945 г. (Здымкі салдата 10-га сапёрнага батальёна А.Есіса — ураджэнца в.Панача. З фондаў музея гісторыі Клеччыны).


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.