Дазвол на шлюб

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Казімір Лазоўскі  хадзіў па лесе, любаваўся прыродай, нешта запісваў у блакнот. Ішоў далей, спыняўся і загадкава ўсміхаўся. А то раптам хмурыўся, моршчыў лоб. Старонні назіральнік мог бы падзівіцца такім пераменам твару мужчыны. Але ўсё тлумачылася проста: ён быў закаханы і меў надзею на ўзаемнасць.

Ну як можна быць раўнадушным да слаўкаўскай прыгажуні Разаліі Астрэйка, бацька якой меў свой герб Ажэшка з выявай металічнай брамы. Да яе сваталіся многія важныя, на брычках, у лісіных футрах, жаніхі, але ўсё марна. Дасведчаныя людзі казалі, што суіскальнікамі рукі знакамітай паненкі былі 80(!) сватоў. І ўсім яна дала ад варот паварот. А калі да панскага дому пад»ехаў на кані радзівілаўскі служка, статны, прыгожы, высокі, — сэрца Разаліі затрапятала. Казімір адразу спадабаўся ёй, але, каб не выдаць сябе, хітрая паненка абыякава спытала:

— А чаго ж гэта пане экспедытар да нас заблукаў?

— Ды вось, людзі кажуць, — упэўнена прамовіў Лазоўскі, — прыгажуня тут на выданні ёсць.

— Можа быць, можа быць, — праспявала Разалія. — Але яе трэба заслужыць.

— А чым жа? — пацікавіўся хлопец.

— Ну, абыходжаннем перш, розумам, сілай, — адказала паненка.

— Для гжэчнай паненкі на ўсё гатовы. Цалую вашы ручкі, яснавяльможная. Прашу дазволу выслухаць мяне.

І палілася лёгкая, дасціпная гутарка, з фліртам і смешкамі, з выразным паглядам гарачых вачэй. Узрушаныя маладыя людзі дагаварыліся аб новым спатканні. Як на крылах, ляцеў на сваім кані Казік дамоў, сэрца рвалася з грудзей.

І паімчаліся радасна  трывожныя дні спатканняў, каханне лунала над імі залатымі павуцінкамі шчасця, лёгкі туман  быў у галаве. А калі Разалія дала згоду стаць  жонкай Казіміра, ён не  помніў сябе ад шчасця, цалаваў каня, дрэвы, зарываўся ў траву, смяяўся.

Але гарачы парыў закаханага астудзіла вестка аб тым, што без дазволу князя Антонія Вільгельма Радзівіла (гэта быў 1899 год) ксёндз Фарнага касцёла не дасць маладым шлюбу. І за гэтым дазволам трэба было ісці ў замак. Хаця як служачы князя, К.Лазоўскі бываў там, але на  гэты раз ён пабойваўся. Непаслухмянымі нагамі падышоў да моста, ля якога ахоўнік спытаў:

— Хто ты і да каго ідзеш?

— Экспедытар Лазоўскі, іду да князя.

Па нейкай, невядомай для старонняга чалавека сувязі, ахоўнік перадаў гэта князю Антонію. Той загадаў апусціць мост і ўпусціць госця. Ён увайшоў і адразу атрымаў выпрабаванне ад ягамосці:

— Вось мае ручныя мядзведзі. Здолееш пазмагацца — атрымаеш бясплатны дазвол на шлюб. Ну, а калі  не… Сам вінаваты.

Лазоўскі ведаў пра такія княжацкія забавы, і сілу меў незвычайную, а ўсё ж  страшнавата стала. Але выхаду не было: дазвол на шлюб быў патрэбен. Сабраўшыся з духам і сіламі, Казімір падышоў да рыжага, калматага звера. Той стаў на заднія лапы, пачаў свідраваць сваімі маленькімі вочкамі чалавека. Калі Лазоўскі наблізіўся, мядзведзь зароў, але Казімір хутка абхапіў яго дужымі рукамі і пачаў хіліць  долу. Князь паціраў рукі і любаваўся паядынкам, раз-пораз кідаючы «дапаможныя» слоўцы:

— Ну, давай, Казік! Куды? О, пся крэў, асцярожна! Холера ясна!

Барацьба чалавека і мядзведзя цягнулася некалькі хвілін, за якія Лазоўскі праліў сем патоў, але ведаў, як яго абхапіць. І ў канцы сабраў сілы і паваліў мядзведзя на падлогу. Зняможаны, адышоў убок, а вясёлы князь паднёс яму келіх добрага віна.

— Ну, ты й асілак! Люблю такіх служак. Што ж, даю табе дазвол на шлюб. І зайздрошчу, бо нявеста твая вельмі гжэчная, з добрага роду.

Падзякаваў Лазоўскі і пайшоў да ксяндза. Так і ажаніўся са сваёй Разаліяй, павёз яе на родную Уздзеншчыну. Выгадавалі трох дзяўчат, усе ладныя, прыгожыя.

У 1944 годзе, аб»ехаўшы паўсвету, К.П.Лазоўскі, як і абяцаў, прывёз сям»ю ў Нясвіж. Тут жыве цяпер унучка Казіміра-асілка, якая расказала гэту цікавую гісторыю.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.