Георгій Сцяпанавіч ТАМАШЭВІЧ: — І быў яшчэ «Чырвоны сцяг» — мая раённая газета…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Нядаўна госцем «Нясвіжскіх навін» быў заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб»яднання «Беларускі саюз журналістаў», выдатнік друку  Беларусі, наш зямляк  Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч.

Нарадзіўся ён у вёсцы Долкінды  Нясвіжскага раёна. Друкаваўся ў раённай газеце «Чырвоны сцяг», рэспубліканскіх выданнях.

Са школьнага ўзросту Г.Тамашэвіч удзельнічаў  у літаратурных конкурсах, быў  членам літаб»яднання пры  «раёнцы», якім кіраваў вядомы беларускі паэт Паўлюк Прануза. Скончыўшы дзесяцігодку, стаў адказным сакратаром  шматтыражкі роднага калгаса «Новае жыццё».

Пасля заканчэння журфака Кіеўскага дзяржуніверсітэта імя Т.Шаўчэнкі Георгій Сцяпанавіч 16 гадоў узначальваў шматтыражную газету «Тэкстыльшчык» у Баранавічах. Затым працаваў у Брэсце на дзяржаўнай службе ў кіруючых структурах абласных сродкаў масавай інфармацыі.

У 2007 годзе ўбачыў свет яго паэтычны зборнік «Жытнёвае слова». А сёлета старэйшы калега прывёз  нам у падарунак сваю чарговую кнігу — «Новы дзень». У ёй змешчаны вершы, паэма, гумар. Дарэчы, кнігу да друку падпісалі ў ліпені. А ў жніўні Георгій Сцяпанавіч адзначыў 70-годдзе. Што ні кажы — добры падарунак атрымаўся. І сабе, і людзям. І раённай газеце.

Сёння мы з радасцю знаёмім нашых чытачоў з некаторымі  творамі земляка. Яны — аб роднай Беларусі, аб Нясвіжскім краі, аб сваіх блізкіх людзях. Яны — як шчырая падзяка зямлі, якая нарадзіла, выхавала, узняла на крылы творчасці і жыццёвай мудрасці.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Квітней, Беларусь!

I.

З глыбінь вякоў жыццё віруе.

Мінулае у памяці жыве:

Iмёны продкаў слынных назаве

I дух свабоды умацуе

Святой малітвай Еўфрасінні

I першым кніжным подзвігам Скарыны,

Нататкамі духоўнае вязьміны

Нясвіжа, Полацка і Вільні…

Асветніцкая праўда мудрых слоў

Вяртала беларусаў да асноў:

Свабода, незалежнасць, згода,

«Пасад пачэсны між народаў!..»

II.

«Пасад пачэсны між народаў!» —

Купалы кліч развеяў шэры змрок.

Зямлі дзяцінства сімвал — васілёк

Вітаў не раз узнагародай.

Яшчэ крывавяць раны ліхалецця,

Вайны рубеж адважна-агнявы —

Курлычуць з паднябесся журавы

Жалобна   так аб кожным трэцім…

Вітаю мірнае світанне,

3 вясной жаданаю спатканне,

Хлеб-соль на ільняным абрусе

I лёс Дзяржаўны Беларусі!

III.

I лёс Дзяржаўны Беларусі

Ў жыццёвым   нашым лёсе назаўжды!

Хай згодай шчырай доўжацца гады,

Душой і ў думках не бываць у скрусе.

На перавале-пераломе

Радзіма-маці вызначыла шлях

Дзяржаўнасці Рэспублікі працяг

У родным клапатлівым доме.

Прывабная стваральнаю красой,

Падтрымкаю мільёнаў галасоў —

За Беларусь! За велічнасць ідэй!

Мой родны край,

мацуйся і квітней!

Гімнам услаўлена

Жытнёвае слова Купалы

I Коласа маладзіковае

Скрозь час і прастору вярталі

Радзіме імя ганаровае.

Пасад наш пачэсны і добры

Пад сонечным словам пастаўлены.

Мне мовы усе даспадобы,

А родная… Гімнам услаўлена.

3 мінулых часоў запаветам,

Набыткам святла — мова матчына,

Нашчадкам — Айчынным сусветам,

Духоўна-надзейнаю спадчынай.

Мае краявіды

Мае краявіды

З любві пачынаюцца

I з позірку матчыных

Добрых вачэй,

З праменьчыкаў сонечных

Летняе раніцы,

З вышынь калыханкавых

Дзён і начэй.

Мае краявіды —

Сцяжынкаю доўжацца

I ціхай рачулкай

За родным сялом.

Бярозкі і сад

Каля хаты прыпомняцца,

I той з маладосці

Сямейны альбом.

Мае краявіды

Малюнкі дарожныя

Зялёных прысад

I каменнай шашы,

З маланкамі яркага

Шчасця трывожнага —

Жаданыя сэрцу

Майму спарышы.

Мае краявіды —

Шляхі старажытныя

I горкая памяць

Суровых баёў.

Зямля наша родная

З рунямі жытнімі,

Табе наша вернасць

I наша любоў.

Замест аўтабіяграфіі

Вясна і лета адшумелі,

Сівее восені прыход,

Чаруюць памяць акварэлі

Любві, здабыткаў і турбот.

 

* * *

Нясвіжскі край — дзяцінства кут:

Палі, узгоркі і лагчыны…

Для тых, хто нарадзіўся тут,

Няма мілейшае мясціны.

Яна са мной заўжды была —

Хоць быў Савецк, Данбас і Кіеў…

Назад дарога прывяла,

Каб болей край свой   не пакінуў.

 

* * *

…Вады калодзежнай глыток

I водар матчыных аладак…

Вясковы родны мой куток-

У шлях жыццёвы тут пачатак.

 

* * *

I перш чым выйсці на бальшак-

На самастойны хлеб падацца —

Было наканавана так:

Казлоўскай школы вучнем звацца.

 

* * *

I быў яшчэ «Чырвоны сцяг» —

Мая раённая газета.

Заметкі з «Новага жыцця»

I вершы школьнага паэта.

 

* * *

«Нататкі» — марыла сям»я

Прыняць да сэрца трэба бліжай…

Паэма «Новая зямля»

Натхняла моваю Нясвіжа.

 

* * *

Ззяў друк Георгія Скарыны —

Святлом у сённяшнія дні…

Вучыла школа медыцыны

Сардэчнасці і дабрыні.

 

* * *

Армейскай службы без капрызаў

Спазнаў ўсе вартасці спаўна:

Дыхнуў вайной Карыбскі крызіс,

Затым —  Берлінская сцяна.

 

* * *

Як потым ні змяняўся лёс —

Было маё зярнятка чыстым,

Я мару па жыцці пранёс:

I ўсё ж застаўся журналістам.

 

* * *

На ніве друкаваных спраў

Знайшоў сябе ў газетным слове,

Але не ўсё яшчэ сказаў

Пра родны край

на роднай мове.

Плынь жыцця

Асветлена жыццёвая дарога

Дабром і ласкай маміных вачэй,

Праз далеч часу бацькаў позірк строгі

Мне сілы прыдае штодня яшчэ.

Размова вечарам і ранкам

У думках шчырых, трапяткіх

З тых фотаздымкаў, што за рамкай,

Дзе вобразы бацькоў маіх.

Мне з імі споведзь і прычасце,

I абярэг ад розных бед.

Такое засталося шчасце:

У сэрцы — памяць, на сцяне — партрэт.

Няспынны час ідзе віткамі,

Надзеі новыя дае.

Дзяцей ужо завуць бацькамі,

I ўнук руку мне падае.

Жыццё струменіць недзяліма

З глыбінь вякоў у новы шлях.

Сям»я — маленькая Радзіма —

Духоўнай спадчыны працяг.

* * *

Шчырай шчодрасцю прывабны

Гарады, пасёлкі, вёскі.

Пад буслінымі крыламі

Маладосці   нашай вёсны.

Салаўіныя спатканні,

Каравайныя вяселлі,

Васільковыя світанні,

Ураджайныя пасевы —

Гэта яваю і снамі,

Неразлучна і зычліва,

Чараўніцай-праўдай з намі —

Жывяць вераю шчаслівай.

* * *

Наш час мне прыбаўляе навізны,

Ды часта ўспамінаецца былое:

Не раз вяртаецца ў начныя сны

Сцяжынка светлая да роднай школы,

Дзе адкрываўся велічавы свет

Падзей, імёнаў, з»яў і разумення,

Сагрэты сэрцам продкаў запавет

I дум высокіх, векавых памкненняў:

Дзяржавы самастойнай Гімн і Флаг,

Каб родны край не жыў ніколі ў скрусе

Прайшла Радзіма шматпакутны шлях

Ад Кіеўскай Русі да Беларусі.

* * *

Пасляваенны лёс багаты

Узнёслай неабходнасцю дарог —

I сірацелі калыханкі-хаты,

I сніўся нам пакінуты парог…

Я ў смутку цешыўся радзімай,

Неперспектыўнай вёсачкай сваёй —

3 бацькоўскай хаты напамінам

Ліст дыхаў чуйна шчырай цеплынёй.

Душа і думкі хуткай птушкай

Вярталіся да рэчкі пад вярбой,

Што там струменілася стужкай,

Святою вабіла вадой.

* * *

На ўсё жыццё — дзяцінства памяць,

Вайной знявечаны той час,

У працы выспявала сталасць

3 малітвай на святы абраз,

I з верай ў справядлівасць долі,

У сонечныя, зрэшты, дні…

Бацькі вучылі ў хлебным полі

Жыць без ляноты і хлусні.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.