Наша Валя

Колькі людзей прайшло праз рэдакцыйныя кабінеты! І кожны пакінуў добры след, бо выконваў  важную місію — удзельнічаў у стварэнні летапісу Нясвіжчыны. Свой адметны ўклад у добрую справу ўнесла і Валян-ціна Сцяпанаўна Галаўня, былая  машыністка райгазеты «Чырвоны сцяг».

Родам яна з  Капыльскага раёна, закончыла курсы машынапісу пры Слуцкім гарнізонным Доме афіцэраў, а ў Нясвіж на работу прыехала, дзякуючы сваёй зямлячцы Ніне Сцепановіч, якая трапіла сюды раней. Маладой дзяўчынай у 1954 годзе прыйшла ў рэдакцыю Валянціна Траццяк (дзявочае прозвішча В.С.Галаўні).

— Рэдактарам тады быў Перасятнік, — расказвае Валянціна Сцяпанаўна.- А  размяшчаліся мы ў адным з будынкаў на Ленінскай вуліцы каля воінскай  часці. Пазней пераехалі ў былую плябанію, што ля касцёла. Працавалася весела, бо ўсе  былі маладыя, актыўныя. У мае абавязкі ўваходзіла не толькі друкаванне рукапісных тэкстаў літсупрацоўнікаў газеты і няштатных аўтараў, але і прыём па прыёмніку ВЭФ урадавых паведамленняў,  афіцыйных тэкстаў і навін з Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Дыктар чытае павольна, дыктуе,  а я на машынцы друкую.  Іншы раз, калі матэрыял вялікі, ад манатоннасці магла і збіцца.  Але ў канцы дыктар  для зверкі паўтараў увесь тэкст.  І цікава, і складана было.

Даводзілася прымаць падобную інфармацыю і вечарам, і ноччу, асабліва аператыўныя ці важныя перадачы, бо раніцай яны  павінны  былі ўжо стаяць на газетнай паласе.

Нягледзячы на складанасці, Валянціна Сцяпанаўна паспяхова спраўлялася са сваімі абавязкамі. Хаця нагрузкі хапала, бо пасля строгага рэдагавання даводзілася па некалькі разоў перадрукоўваць матэрыялы.

Разам з тым, пасля работы трэба выкраіць час і для асабістага жыцця. У Нясвіжы сімпатычная Валянціна пазнаёмілася з Чаславам, які, лічы, з першага дня пасадзіў сваю  нявесту ў кабіну (ён працаваў шафёрам у райспажыўтаварыстве) і павёз у Навасёлкі знаёміць са сваімі бацькамі. Неўзабаве маладыя пажа-ніліся і пражылі дружна больш 40 гадоў, разам будавалі хату ў Нясвіжы. Выгадавалі дачку і сына. Апошні выбраў прафесію ваеннага,  цяпер падпалкоўнік у адстаўцы, курыруе ваенкаматы, прымаў удзел у сёлетніх беларуска-расійскіх вучэннях «Захад-2009″. Па слядах бацькі пайшоў і старэйшы сын Валерыя Часлававіча: Міша вучыцца ў Чарапавецкім ваенным вучылішчы, рыхтуецца стаць інжынерам-аналітыкам электронных тэхналогій. Малодшы сын яшчэ вучыцца ў 10-м класе (сям»я жыве ў Бабруйску), але таксама марыць аб кар»еры ваеннага. Што ж, прафесія — Ра-дзіму абараняць — высакародная справа.

Калі я пачала працаваць у раённай газеце (канец 70-х), Валянціна Сцяпанаўна была мала-джавай, мілавіднай жанчынай. Рухавая, працавітая, як цяпер сказалі б, камунікабельная. Яна ўмела хутка друкаваць, вяла рэдакцыйную касу, многа  чаго ведала, прыгожа вязала. Усе ласкава называлі яе «наша Валька»,  пры афіцыйных абставінах — Валянціна Сцяпанаўна.

В.С.Галаўня па-добраму, па-мацярынску ганарыцца сынам і ўнукамі. У  дзень майго наведвання Валерый быў у бацькоўскім доме. Намерыўся зрабіць прыбудоўку. Побач круціўся яго пляменнік, самы меншы ўнук Валянціны Сцяпанаўны. Сашка сёлета пайшоў у першы клас.  Ён паведаміў мне, што ў школе добра і цікава. Яго мама, Святлана Чаславаўна, працуе галоўным бухгалтарам  на замежным фармацэўтычным прыватным унітарным прадпрыемстве «Лат Інфарм». Вось такая сям»я ў В.С.Галаўні.  Гаспадар, Часлаў Антонавіч, ужо сем гадоў, як памёр. Але Сцяпанаўна, як заўжды, не падае духам. У яе чыста і прыгожа ў доме, парадак у  агародзе, гаспадыня смачна гатуе, не можа без работы. Толькі здароўе, на жаль, з узростам падводзіць.

А што б пажадала ветэран «раёнкі» яе сённяшнім маладым супрацоўнікам?

— Я жадаю маладым працаваць у газеце да пенсіі, — сказала Валянціна Сцяпанаўна. — А то і болей. І старацца, каб усё было добра. Калі  выбралі гэту работу — то працаваць ад душы. Каб здаровыя былі, дзетак выгадавалі і далі ім адукацыю вышэйшую. Хачу яшчэ, каб нашу раённую газету любілі ўсе, бо я ганаруся і рада, што працавала ў ёй 31 год.

Дарэчы, у працоўнай кніжцы В.С.Галаўні занатавана дзесяць падзяк за добрасумленную работу. І гэта — красамоўнае сведчанне годнасці добрага чалавека, адданасці справе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.