Працуем над Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

2 кастрычніка 2009 года пачала работу трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. У парадку дня — 31 пытанне. Усяго ж у профільных камісіях знаходзіцца больш за 60 законапраектаў.

Адзін з дакументаў, над якім зараз працуюць народныя пасланнікі, — праект Кодэкса аб адукацыі.

Сістэма адукацыі з»яўляецца адным з важнейшых гарантаў сацыяльнай стабільнасці, асновай эканамічнага развіцця грамадства, крыніцай росту інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу нацыі. Галоўныя яе мэты і задачы, шляхі рэфармавання ўсіх звенняў вызначаны Асноўнымі накірункамі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2006 года №5 «Аб зацвярджэнні плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2006 год» Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь было даручана сумесна з Нацыянальным цэнтрам законапраектнай дзейнасці распрацаваць праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Аб гэтым сёння — наша размова з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нясвіж-скай выбарчай акрузе №72 А.А.НОВІК.

Алена Аляксандраўна, чаму ўзнікла такая неабходнасць?

— Праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі распрацаваны на аснове аналізу заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне адукацыі, міжнародных дагавораў у гэтай сферы, асноўных актаў ААН, ЮНЕСКА, іншых міжнародных арганізацый. Пры распрацоўцы дакумента ўлічаны заканатворчы вопыт, нормы міжнароднага права, патрабаванні уніфікацыі заканадаўства.

Грамадскія адносіны ў сферы адукацыі па некаторых узроўнях асобнымі законамі не ўрэгуляваны, і іх распрацоўка не прадугледжваецца (аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, аб дашкольнай адукацыі, аб адукацыі дарослых). Адносіны на гэтых узроўнях у асноўным рэгулююцца падзаконнымі нарматыўнымі прававымі актамі, што патрабавала ажыццявіць трансфармацыю гэтых норм у праект Кодэкса.

Прыняцце дакумента дазволіць завяршыць працэс фарміравання заканадаўства аб адукацыі як поўнай, ла-гічна паслядоўнай і эфектыўнай сістэмы прававых норм. Пры стварэнні праекта Кодэкса ў максімальнай ступені ўлічаны практычны вопыт функцыянавання сістэмы адукацыі, праведзены аналіз патрабаванняў, думак, пажаданняў педагагічнай грамадскасці краіны.

Што ляжыць у аснове праекта?

— Праект Кодэкса асноўваецца на прыярытэце агульначалавечых каштоўнасцей. На першае месца выво-дзіцца чалавек, яго правы, свабоды і інтарэсы ў сферы адукацыі. Разам з тым, з яго прыняццем у беларускім заканадаўстве з»явіцца новая галіна права — адукацыйнае права.

Праект складаецца з дзвюх частак. У агульнай частцы плануецца замацаваць асновы, прапісаць мэты дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, а ў асобнай — зафіксаваць нормы канкрэтна па ўсіх відах адукацыі.

Нагадайце, калі ласка, асноўныя аспекты дакумента.

— У адпаведнасці з Кодэксам бяс-платным будзе навучанне ў школах, прафесійна-тэхнічных вучылішчах, за выключэннем школ мастацтваў. Акрамя таго, робіцца спроба пашырыць сістэму крэдытавання для навучання, распаўсюдзіўшы яе на прыватныя вучэбныя ўстановы.

Праект прадугледжвае адлічэнне з вучэбных устаноў за непаспяховасць па трох прадметах на старэйшай ступені — 10-11-я класы, за акадэмічную запазычанасць, няяўку на экзамены, пропуск больш 10 дзён заняткаў без уважлівай прычыны, сістэматычнае парушэнне дысцыпліны, нявыплаты за вучобу.

Рэалізуецца ў новым праекце Кодэкса прынцып адраснай сацыяльнай абароны. Дзякуючы гэтаму плата за падручнікі, вучэбныя дапаможнікі бу-дзе залежаць ад размеру даходаў сям»і і вучня. Можа стаць бясплатным праезд школьнікаў да сваёй навучальнай установы ў сельскай мясцовасці і на прыгарадных, і на міжгародніх аўтобусных маршрутах, а таксама на цягніках мясцовага значэння. Для студэнтаў ВНУ і ССНУ прадугледжана сем відаў стыпендый, у тым ліку імянная і персанальная.

З»явіцца норма аб дысцыплінарнай адказнасці трох бакоў: настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Будуць вызначаны парушэнні, і якую канкрэтна адказнасць будуць несці за іх вучань і яго бацькі. У прыватнасці, прапрацоўваецца ўвесці нормы аб матэрыяльнай адказнасці бацькоў за пашкоджанне маёмасці іх дзецьмі, аб адказнасці настаўнікаў за якасць навучання, а вучняў — за парушэнне школьнай дысцыпліны.

Праект дакумента прадугледжвае пераход на кантрактную форму навучання пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай. Навучанне мяркуецца весці на аснове дагавораў, дзе будуць указаны ўмовы: правы, абавязкі навучэнцаў, падрыхтоўка будзе весціся за плату ці за бюджэтныя сродкі, тэрмін і ўмовы размеркавання. Заключацца дагаворы будуць пры паступленні ў навучальныя ўстановы.

Праект таксама ўрэгулюе пытанні аднаўлення ў навучальных установах студэнтаў. Раней адпаведных нормаў у заканадаўстве не было, а цяпер пра-пісаны канкрэтны тэрмін — не больш чым праз тры гады.

Для студэнтаў пашырыліся ўмовы атрымання акадэмічнага водпуску. Гэта хваробы, траўмы, зніжэнне працаздольнасці і іншыя прычыны — па дамоўленасці з кіраўніцтвам вучэбнай установы.

У праекце Кодэкса дакладна прапісаны пытанні размеркавання. Калі палова і больш тэрміну навучання былі за сродкі бюджэту, то выпускнік падлягае размеркаванню, калі менш за палову, то — не. Ліквідуюцца пытанні паўторнага размеркавання: калі выпускнік ПТВ адпрацаваў па размеркаванні, а пасля паступіў у ВНУ, то папярэдняе размеркаванне будзе залічана.

У дакуменце з»явіцца новае паняцце — «адукацыя дарослых». Гэта вялікі пласт работы, які ўключае ў сябе прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку, атрыманне новай прафесіі. У дакуменце прапісаны ўсе нормы, якія рэгулююць гэту галіну адукацыі.

У праекце агаворваюцца пытанні сацыяльнай абароны педагогаў. Улічваючы інавацыйнае развіццё галіны, устанаўленне ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы педагагічных работнікаў не ніжэй узроўню сярэднямесячнай зарплаты работнікаў у прамысловасці, а прафесарска-выкладчыцкага саставу — не менш чым у 1,5 раза вышэй гэтага ўзроўню з»явіцца адной з гарантый прыярытэтнасці адукацыі, будзе садзейнічаць яе якасці.

Гэта ўсё — прапановы…

— Так, праект Кодэкса аб адукацыі зараз знаходзіцца на разглядзе ва ўсіх пастаянных камісіях парламента. Калі канцэптуальных заўваг не будзе, плануецца прыняць нарматыўны дакумент на асенняй сесіі ў аўтарскай рэдакцыі. Затым дакумент будзе дапрацоўвацца, і ў другім чытанні можа быць разгледжаны на парламенцкай сесіі не раней, чым праз год. Мяркуецца доўгае і актыўнае абмеркаванне дакумента, у якім вы таксама можаце прыняць удзел.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.