Рэцэпты лявонавіцкіх гаспадароў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Натуральную гаспадарку хутчэй атаясамліваюць з сівой даўніной. Адразу ўзгадваюцца ўзорныя панскія фальваркі з добра арганізаванай вытворчасцю, якія не толькі поўнасцю забяспечвалі ўласныя патрэбы, але і гандлявалі. Адметна, што гэта датычылася не толькі прадуктаў харчавання, але і будматэрыялаў (колькі было цагельняў!), гаспадарчых прылад, тканіны. Карацей кажучы, выраблялі ўсё неабходнае — практычна поўная аўтаномнасць. Тое ж было і з сялянскімі падворкамі, прычым вяскоўцы і дасюль не адвучыліся здзіўляць гасцей разнастайнымі прысмакамі ўласнага прыгатавання. У гэтым пераканаўся, калі заехаў на Нясвіжчыну…

Вёска Лявонавічы старая — упершыню ўзгадваецца мо яшчэ ў XVI стагоддзі. Напэўна, жылі тут людзі і раней. Адметнасцю паселішча стала тое, што на гэтай тэрыторыі ніколі не было прыгоннага права. Тут сялі-ліся дзяржаўныя сяляне. Гэта, вядома ж, адпаведным чынам фарміравала псіхалогію мясцовых жыхароў.

— У кожнай сям»і быў свой участак зямлі, які ўсе разам апрацоўвалі, — заўважае старшыня Лявонавіцкага сельсавета Сяргей Шчэрбач. — Цяжка было сваім мазалём жыць, але жылі нядрэнна. Ніколі не галадалі, паколькі завіхаліся па гаспадарцы ад світання да змяркання. Людзі ведалі, што па-іншаму нельга.

За размовай пра мінуўшчыну Лявонавічаў разам з Сяргеем Георгіевічам шпацыруем па вясковай вуліцы да адной мясцовай кабеты -Любові Іванаўны Шынгель (на фота). Тутэйшыя яе паміж сабой даўно ўжо бабай Любай клічуць — паважаюць за жыццёвы досвед і заўсёдны аптымізм, бадзёрасць. Жанчына заўжды ў курсе ўсіх падзей і пра даўнія часы можа распавесці многа цікавага. Ці не такім чынам лепш за ўсё вывучаць мяс-ціны, дзе дагэтуль не выпадала пабываць?

Баба Люба чакае на сваім падворку, нават на выступленне артыстаў (да вяскоўцаў якраз завітаў з канцэртам фальклорны калектыў) не пайшла. Толькі падыходзім да плота — а бабуля ўжо спяшаецца да брамкі і вітае нас усмешкай. Праходзім на двор і, калі шчыра, не верыцца, што гаспадыні ўжо 83 гады — наўкола ўтульна, прыгожа і добразычліва.

Ведаеце, калі толькі ўвайшоў, то адразу быццам бы завітаў у дзяцінства. Здаецца, што час на сядзібе Любові Іванаўны дакладна спыніўся дзесьці ў 1970-х. Гэта так прыемна і незвычайна — зноў апынуцца ў тых гадах.

— Мы з мужам — карэнныя лявонаўцы, — з гонарам кажа баба Люба. — Я непадалёку адсюль разам з бацькамі жыла.

Дарэчы, тая хата яшчэ і дасюль захавалася, яе нават з раённага музея прыязджалі гля-дзець — мабыць, цікавы гістарычны экспанат. Апрацоўвалі мы разам з бацькамі тры гектары зямлі. Трымалі вялікую гаспадарку і з маленства прывучаліся працаваць. Памятаю, пойдзем на сена, награбёмся так, што ледзь ногі цягнем. Але дадому — з песнямі. Iмкнёмся хутчэй трапіць дахаты, каб памыцца і на вуліцу бегчы. Толькі, здаецца, выйдзем — а бацька ўжо дадому кліча, бо заўтра зранку зноў уставаць — і на поле.

Пасля вайны Любоў Іванаўна разам з мужам пачалі будаваць уласную хату. Засяліліся ў яе, калі ўзвялі толькі адзін пакой, а сенцы былі прыкрытыя ядлаўцовымі лапкамі. Цяжка, але гаспадар такі ўжо работнік быў, што пашукаць. 3 дрэва мог абсалютна ўсё зрабіць. Узвёў не толькі сабе ладную хату, а, мабыць, у большасці дамоў, што пабудаваныя ў вёсцы ў 1950-80-я гады, што-небудзь яго рукамі змайстравана. Любоў Іванаўна і Пётр Пятровіч Шынгелі ўсё жыццё адпрацавалі ў мясцовай гаспадарцы — калгасе «1 Мая». Паднялі траіх дзяцей — двух сыноў і дачку. Дарэчы, старэйшы зараз ужо сам на пенсію выйшаў.

Як сталі Шынгелі асобна жыць, то ўжо зямельныя ўчасткі вяскоўцам выдзялялі не такія вялікія. Мелі 50 сотак, але неяк хапала, каб пракарміцца. Пакуль мелі сілы, трымалі шмат жывёлы — карову, свінняў, курэй, качак…

Iмкнуліся, каб у доме заўжды быў дастатак. I атрымлівалася.

— Раней у краме набывалі толькі тое, што самі зрабіць не маглі, — узгадвае баба Люба. — Хіба якога селядца возьмеш, солі ды запалак. Калі вялікія госці прыязджалі, то бутэльку гарэлкі бралі. А можа, яшчэ куплялі часам тканіны для святочнага строю. А так, дык я з лёну ткала палатно і шыла кашулі, посцілкі прыгожыя, палавікі рознакаляровыя вязала. Сытыя і апранутыя былі, не горш за іншых. Карова, само сабой, ва ўсе часы была галоўная карміцелька. Памятаю, стары ўжо неяк дрэнна сябе адчуваў і амаль не ўставаў з ложка. Але кажа: схадзі карову замяні (ужо старая жывёла была). Вельмі хацеў, каб малако сваё было, а што ж, якая старому іншая ежа? Пайшла я ў Смалічы, замяніла карову, прывяла новую на падворак, якраз пад акно, каб паглядзеў мой Пётр Пятровіч.

Чуў я і раней пра розныя малочныя далікатэсы, аднак баба Люба разам са старшынёй сельсавета ўзгадалі мне вельмі цікавыя рэцэпты. Напрыклад, як у хатніх умовах зрабіць сыр — па словах Любові Іванаўны, на выгляд такі ж, які ў краме прадаюць, толькі смачнейшы. Перш за ўсё, трэба адтапіць у печцы малако, зрабіць тварог. Пасля дадаць у яшчэ цёплы тварог яйкі, масла, соду ды соль-усяго на ўласны густ. Перамешваецца да такога стану, што па кансістэнцыі атрымліваецца, быццам гель. Разліваем у міскі і чакаем, пакуль застыне. Атрым-ліваецца той самы сыр. У некаторых, кажуць, быццам бы глазураваны сырок па смаку атрымліваецца.

Прыкладна такую прадукцыю рабілі раней сяляне, а рэцэпт, мабыць, калісьці перанялі ад майстроў панскай сыраварні, якая працавала раней у суседніх Смалічах. Дарэчы, той будынак захаваўся і дагэтуль, праўда, цяперашнія гаспадары яго пад гараж перарабілі. Масла білі ў маслабойках, а пасля ў спецыяльных драўляных скрыначках рабілі акуратныя кавалкі — хто на кілаграм, хто на паўтара. На рынак месцічы рэдка вазілі прадаваць, але ж такім чынам больш зручна і спажываць, і захоўваць. Скрыначкі для фармавання масла ў лявонаўцаў былі розныя — у каго простыя, без упрыгажэнняў, а ў каго і разьбой аздобленыя.

Рабілі ў Лявонавічах і сушаны сыр. Шылі спецыяльны клінок з ільнянога палатна, куды вылівалі тварожную масу. Калі сыроватка сцякала, то адціскалі той тварог пад прэсам. Клінок здымалі і сыр сушылі на сонцы. Ён мог захоўвацца на працягу года і не псаваўся. Але, магчыма, столькі часу вясковы далікатэс не залежваўся — з»ядалі. Звычайна сушаны сыр вяскоўцы бралі з сабой на абед, калі працавалі ў полі.

— 3 дзяцінства памятаю, як у ліпені літаральна ўся вёска на найбліжэйшым балоце завіхалася, — з усмешкай узгадвае Сяргей Шчэрбач. — Непадалёку праходзіць водападзел паміж Балтыйскім і Чорным морам. За вёскай — балота, дзе ў кожнага была свая дзялка. Хочаш — засявай гэты ўчастак, хочаш — торф капай. Здабывалі «энерганосьбіт» для ўласных патрэбаў. Але эканомілі: шмат торфу не капалі, а дакладна столькі, колькі неабходна, каб хату абаграваць на працягу «ацяпляльнага сезона».

Вось тады сушаны сыр быў адной з асноўных страў «палявога стала». Перакусвалі і вяленым мясам — сцегнякі падсушвалі на сонцы. Ну, а каўбасы ды паляндвіцы звычайна захоўвалі на вялікія святы — напрыклад, да Вялікадня. Лявонавіцкія гаспадыні заўжды пяклі свой хлеб. Працэс прыгатавання пачынаецца з «правільнай» дзежкі, якая павінна быць зроблена з двух гатункаў дрэва — дубу і елкі. Па-першае, два-тры разы рабілі закваску, але хлеб з яе адразу не пяклі. Пасля тую дзежку не мылі, каб закваска добра «працавала».

Заліць вады, пасаліць, дадаць мукі, памяшаць і пакінуць на ноч — няхай квасіцца, — дзеліцца рэцэптам баба Люба (адна з нямногіх у Лявонавічах, хто захаваў сакрэты тутэйшых хлебапёкаў). — Галоўнае, каб укісла, а пасля замешваеш — і на лапату. Хочаш — можна ліст дубовы падкласці, а то і на муцэ можна выпякаць. Толькі печ трэба належным чынам выпаліць, каб тэмпература патрэбная была. Я, напрыклад, муку сыплю: калі ўспыхне, то тэмпература пакуль высокая, нельга булкі ў печ садзіць. Iншыя соль сыплюць: калі яна падскоквае на чаране, то таксама зарана выпечку пачынаць. Я на лапаце, а хтосьці і на блясе выпякаў.

Любові Іванаўне на ўвесь працэс дзесьці 1,5 гадзіны патрабавалася. За адзін раз шэсць булак атрымлівалася. Мабыць, кожнаму ў сям»і па адной ды яшчэ адну — на запас. Калі больш сур»ёзна, то такім чынам да стала заўсёды быў духмяны смачны каравай. Такога, будзьце ўпэўненыя, у краме ніколі не дакупішся. Баба Люба частавала сваім хлебам аднавяскоўцаў, а цяпер усё радзей сыпле муку ў печ, каб праверыць тэмпературу. Дарэчы, печ стаіць у асобным будынку — гэта адначасова і кухня, і ванны пакой.

— Каб выпечы хлеб, трэба прылады збіраць з усёй вёскі, — уздыхае баба Люба. — Дзежка цяпер у іншых гаспадароў. Ужо сілы не тыя, але гаспадарку трымаю — ёсць трусы, куры. На агародзе завіхаюся. Дзеці дапамагаюць, але ж і ім працаваць трэба, каб пенсію зарабляць. Цяпер лягчэй стала жыць, а ўжо жыць няма калі — прайшлі мае гады. Але я не шкадую.

… Баба Люба выносіць на ганак узнагароды, што атрымала за добрую працу. У сенцах стаяць нарыхтоўкі на зіму…


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.