“Я вельмі любіла сваю справу”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Лёс старэйшых прадстаўнікоў журналістыкі Нясвіжчыны — гэта цэлыя старонкі летапісу, гэта наша гісторыя. Няма ўжо тых, хто ў далёкім 39-м пачынаў тут газетную справу. На жаль, няма і некаторых іх паслядоўнікаў, з кім ужо мы працавалі разам: рэдактара, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Івана Паўлавіча Тартоўскага, яго намесніка  Генадзя Аляксандравіча Крэскіяна, адказнага сакратара Тамары Пятроўны Ярмоленкі,  галоўнага бухгалтара Лідзіі Сяргееўны Ухваронак, фотакарэспандэнта Васіля Аляксандравіча Мядзведскага, вадзіцеля  Івана Венядзіктавіча Семянкевіча.

Проста яны жывуць у нашай памяці, у сваіх справах, у газетных матэрыялах.

Але ж хочацца пачуць сведку тых часоў, няхай не самых далёкіх. І я іду на  нясвіжскую вуліцу Садовую…

Тут жыве былая работніца «Чырвонага сцяга» Зінаіда Іванаўна Цар. 18 гадоў аддала яна рабоце карэктара ў «раёнцы».

Нашы шляхі ў «Чырвоным сцягу» не перасякліся: Зінаіда Іванаўна звольнілася  1 мая 1973 года, а я прыйшла працаваць 3 верасня таго ж года. Але потым пазнаёміліся. Гэта, мусіць, звычайная з»ява, калі жывеш у адным невялікім горадзе, калі звязаны агульнымі інтарэсамі. А мая суразмоўца, хоць і перайшла на іншую работу, пра сваю газету не забывалася, выпісвала яе пастаянна.

I вось напярэдадні чарговага юбілею «раёнкі» я папрасіла Зінаіду Іванаўну ўспомніць былое.

— Я пачала працаваць у рэдакцыі ў 1955 годзе. Адукацыю мела сярэднюю. Добра ведала і беларускую, і рускую мовы, — расказала Зінаіда Іванаўна. — І цяпер з цікавасцю слухаю перадачы па радыё аб маючых адбыцца зменах у беларускай мове.

Займалася я падчыткай матэрыялаў пасля набору ў друкарні, асвоіла  знакі карэктарскай праўкі, вычытвала палосы.

Для людзей недасведчаных у гэтай справе патлумачу: карэктура — гэта таксама навука, са сваімі правіламі і сімваламі. І, вядома ж, галоўнае — добрае веданне арфаграфіі, пунктуацыі, стылістыкі і культуры мовы. І — вялікая ўважлівасць. Звычайная літара «п», пастаўленая памылкова замест «н», ці наадварот можа прывесці не проста да бязглуздзіцы ў тэксце, а яшчэ горш…

— Зінаіда Іванаўна, раскажыце  пра людзей, з якімі побач працавалі.

— На работу мяне браў рэдактар Уладзімір Максімавіч Перасятнік. Яго змяніў Аляксандр Міхайлавіч Кляўко. Тады ўжо быў адказным сакратаром  Іван Паўлавіч Тартоўскі, які стаў рэдактарам у 1961 годзе. Над выпускам газеты на розных пасадах працавалі Міхаіл Мікалаевіч Кадэбскі, Мікалай Міхайлавіч Яроцкі, Вікенцій Вікенцьевіч Наркевіч. Патрабавальна ставілася і да сябе, і да падначаленых намеснік галоўнага рэдактара Марыя Сцяпанаўна Лобыр. У 1958 годзе прыехаў Яўген Ягоравіч Зубараў, якога паставілі на сельгасаддзел. А калі Тартоўскі паехаў вучыцца ў Вышэйшую партыйную школу, Зубарава на яго месца прызначылі адказным сакратаром, потым — намеснікам рэдактара. Талковы быў чалавек. Што ні спытай — усё раскажа, падкажа. Ды й адукацыю меў адпаведную: закончыў філфак БДУ па спецыяльнасці «журналістыка», працаваў у газеце да прыезду ў Нясвіж. Затым прыйшлі ў калектыў Канстанцін Пятровіч Прыёмка, Тамара Пятроўна Беляковіч (пасля замужжа — Ярмоленка), Генадзь Аляксандравіч Крэскіян, Леанід Канстанцінавіч Саланевіч… Бяззменным бухгалтарам працавала Лідзія Сяргееўна Ухваронак, машыністкай — Валянціна Сцяпанаўна Траццяк (Галаўня). Усіх проста немагчыма назваць…

— І як вам працавалася?

— Ой, усякае было. Да 10, да 12 гадзін ночы часам сядзелі: то матэрыял нясвоечасова быў зда-дзены ў нумар, то памылак шмат трэба выправіць. Усе дамоў разыходзяцца, а я, дзяжурны па нумары,  рэдактар і дзяжурная вярстальшчыца друкарні выпускаем газету…

І ў 55-м, і ў 56-м, і ў 60-х гадах газета выходзіла тры разы ў ты-дзень, у тым ліку — у нядзелю. Добра памятаю: моладзь з танцаў ідзе ў суботу ноччу, а я — з работы. А друкарам трэба было яшчэ ўвесь тыраж аддрукаваць, бо падпісчыкі назаўтра чакалі «раёнку».

У 62-м годзе, калі «Чырвоны сцяг» стаў газетай Мінскага абкома  КПБ і абласнога Савета дэпутатаў  працоўных  пры Нясвіжскім тэрытарыяльным вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні (яно аб»ядноўвала Клецкі, Капыльскі і наш раёны), ён выходзіў нават чатыры разы на тыдзень. Так што турбот у нашых старэйшых калег тады таксама хапала.

— Можа, раскажаце пра які-небудзь «ляп», якімі, на жаль, мы ўсе хоць калі-небудзь ды грашым…

— Памятаю, пры Кляўко прайшла памылка ў заметцы пра каларадскага жука. Гэты шкоднік толькі-толькі пачынаў з»яўляцца ў Беларусі, і газета расказвала, што ён сабой уяўляе. І трэба ж было рэдактару самому ў даўжыні жука (15 міліметраў) паправіць на «сантыметраў». Назаўтра, здаўшы на пошце сігнальныя экземпляры «Чырвонага сцяга», я забегла ў магазін. Бачу: стаіць прадаўшчыца з драўляным метрам і паказвае  пальцамі адрэзак у 15 сантыметраў (!),  жанчыны абмяркоўваюць велічыню каларадскага жука… І смяюцца.

Пачуўшы пра такі выпадак, я рассмяялася.

— Вось, і ты цяпер смяешся, а нам тады было вельмі сумна. І нічога дзіўнага. Стомленасць давала пра сябе знаць. Нават самы разумны чалавек мог памыліцца.

Але я любіла сваю справу. Пра сябе не думала. А вось работай захаплялася…

Зінаіда Іванаўна і цяпер выпісвае нашу газету. Сваю газету.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.