…І кампетэнтныя рэкамендацыі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Многія несвіжане змаглі даведацца пра сваё здароўе, дзякуючы праводзімай медыкамі райбальніцы агульнарэспубліканскай акцыі “Памерай свой ціск, скажы інфаркту і інсульту “Не!” Я таксама прыняла ўдзел у гэтай добрай справе, атрымала кансультацыю ўрачоў і карысныя памяткі. Да 14.30 іх займелі 58 чалавек у машыне каля Ратушы, дзе ўрач-валеолаг і медсёстры райбальніцы правяралі артэрыяльны ціск гараджан. Дарэчы, падыходзілі з рознымі эмоцыямі: адны з усмешкай на тварах, другія – з недаверам і няўпэўненасцю, трэція зусім спакойна. А выходзілі ўсе аднолькава: з усмешкамі і словамі падзякі медыкам. Іх чула ў свой адрас малады ўрач-стажор тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Кацярына Віктараўна Боган, якая ахвотна давала пацыентам кампетэнтныя рэкамендацыі.

Кароткую характарыстыку праведзенаму за паўдня абследаванню патэнцыяльных пацыентаў даў урач-валеолаг В.А.Івашкевіч:

– Людзі ідуць, і гэта добра, бо некаторым няма калі наведацца ў паліклініку. А іншым проста неабходна гэта зрабіць. Вось вам прыклад: з 58-і абследаваных 24 маюць павышаны ціск. Значыць, ім трэба звяртацца да ўрача, павялічыць фізічную актыўнасць, магчыма, знізіць масу цела, весці здаровы лад жыцця. І пастаянна прымаць назначаныя прэпараты пры гіпертанічнай хваробе, гэта – бэта-блакатары, комплексы вітамінаў. Наша акцыя нацэлена на тое, каб засяродзіць увагу людзей на сваім здароўі, дапамагчы ім парадай. Дарэчы, пры выяўленні павышанага ціску давалі таблетку каптапрыла, памяткі аб здаровым ладзе жыцця і правільным харчаванні. А яшчэ мы будзем аналізаваць вынікі праведзенай акцыі. Гэта дапаможа ўрачам-спецыялістам мець рэальную карціну аб стане здароўя пэўнай часткі людзей, што дапаможа прызначыць дакладнае лячэнне і прадухіліць рызыку інфаркту і інсульту.

Другім пунктам абследавання была цэнтральная раённая аптэка. Тут вяла прыём жадаючых ведаць свой ціск медсястра Святлана Вячаславаўна Лепяціла. Яна паведаміла:

– За гадзіну прыйшлі 15 чалавек, у пяці з іх ціск аказаўся павышаным, траім аказана дапамога – выдала па таблетцы каптапрылу. Аднаго давялося накіраваць у бальніцу, бо паказанні вельмі высокія: 240/130. Па даных росту і вагі вызначаем індэкс масы цела, даём адпаведныя рэкамендацыі.

Памераць ціск села маладая дзяўчына, аказалася – 90/60. Яе змяніў малады мужчына, які прадставіўся:

– Аляксандр Русак, будаўнік. Лічу, што такая акцыя патрэбная людзям, адчуваеш клопат. І медыкі абыходзяцца ўважліва. Я ўдзячны ім за гэта. Летась таксама прымаў удзел у падобнай акцыі. Думаю, усе мы павінны сачыць за сваім здароўем, і не толькі па ініцыятыве медработнікаў.

Заўвага слушная, што ні кажыце. Недарэмна бытуе думка: “Ваша здароўе – у вашых руках”. Дык давайце берагчы яго, а медработнікі нам дапамогуць.

Як паведамілі рэдакцыі в.а. намесніка галоўнага ўрача па медабслугоўванні насельніцтва раёна І.В.Непачаловіч і ўчастковы ўрач Н.М.Жышко, у гэты дзень у раёне было абследавана 3157 чалавек. Павышаны ціск мелі больш тысячы грамадзян, у іх ліку – 499 працаздольных і 510 пенсіянераў. Індэкс масы цела перавышае аптымальны ў 902-х чалавек, сярод іх пераважаюць асобы працаздольнага ўзросту. Калі гаварыць пра гарадское насельніцтва, то праблемы з ціскам заўважаны ў 1321 чалавека. Усё гэта азначае, што нам варта задумацца пра свае недахопы, весці здаровы лад жыцця, захоўваць дыету і больш рухацца.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.