Імёны вяртаюцца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У мінулую суботу Мінаблвыканкам сумесна з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі выдалі каля 150 копій архіўных дакументаў сваякам савецкіх вайскоўцаў, што загінулі ў палоне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Людзі нарэшце змаглі даведацца пра дату смерці і месца пахавання сваіх бацькоў, братоў, дзядоў і іншых родных. Дакументы гэтыя – уліковыя карткі з нямецкіх канцлагераў. Іх даследчыкі знайшлі ў архівах.

Час паспеў адабраць шмат чые жыцці тых, хто аплакаў родзічаў, якія прапалі без вестак, а хтосьці яшчэ і сёння жыве з болем у сэрцы, – сказаў старшыня Мінаблвыканкама Л.Ф.Крупец. – Выраслі іх унукі, праўнукі, якія яшчэ спадзяюцца даведацца пра лёс сваіх блізкіх.

На сустрэчы прысутнічаў пасол ФРГ у Беларусі Гебхардт Вайс. Ён прапанаваў тым, хто захоча наведаць магілы загінуўшых, атрымаць візу ў Германію бясплатна. Гэта падзея – працяг сумеснай з нямецкім бокам гуманітарнай акцыі, якая пачалася ў 1999 годзе, па вяртанні з небыцця імён ахвяр Другой сусветнай вайны. Па савецкіх даных, у нямецкім палоне аказалася 4,5 мільёна ваеннаслужачых Чырвонай Арміі. Беларускія даследчыкі апрацавалі архіўныя дакументы больш чым на 12 тысяч ваеннапалонных – ураджэнцаў нашай краіны, у тым ліку больш чым 3 тысячы – з Мінскай вобласці.

Як мы паведамлялі раней, у гэтым спісе значылася прозвішча Івана Васільевіча Нагорнага са Сноўскага сельсавета. Яго дачка – Ірына Іванаўна Квяткоўская – жыве цяпер у Заслаўлі. Мы звязаліся з ёй. Ірына Іванаўна распавяла пра бацьку, што ведала з расказаў сваёй маці (“НН” за 16 верасня 2009г.).

На днях я зноў патэлефанавала ў Заслаўе. Папрасіла Ірыну Іванаўну па-дзяліцца ўражаннямі ад паездкі ў аблвыканкам.

Прыехаўшым раздавалі копіі дакументаў, якія пралілі святло на лёс іх родных. У мяне, калі ўбачыла бацькавы адпячаткі пальцаў, пацямнела ў вачах, – расказвае мая субяседніца.

Узрушэнне было велізарнае. Я не магла гаварыць. Але трэба было ўзяць сябе ў рукі, бо мяне папрасілі выступіць са словамі ў адказ. Па-дзякавала за клопаты тым людзям, хто займаўся і займаецца пошукамі і апрацоўкай архіўных дакументаў, хто шануе памяць пра нашых родных, загінуўшых у фашысцкім пекле. Развеяны ўсе сумненні. Наша сям”я цяпер ведае, дзе і як закончылася жыццё бацькі, дзядулі, прадзядулі.

У палон І.В.Нагорны трапіў 21 ліпеня 1941 года ля Кобрына. 2 жніўня яго перавялі ў іншы лагер. Памёр ён 12 снежня 1941 года, не вынесшы катаванняў.

Што характэрна, як растлумачылі родным загінуўшых вайскоўцаў, палонныя пры запаўненні немцамі такіх картак не называлі сапраўдных імён сваіх родных з Беларусі, не ўказвалі правільна месца нараджэння. Баяліся, каб фашысты не знайшлі іх сем”і і не закатавалі. Напрыклад, Іван Васільевіч Нагорны жонку Алімпіяду Іосіфаўну запісаў Аляксандрай Сцяпанаўнай. Ён і там, у лапах нелюдзяў, памятаў пра самых блізкіх людзей і стараўся аберагчы іх, як толькі мог зрабіць у тых абставінах.

Перажыўшы такое страшэннае хваляванне, – працягвае Ірына Іванаўна (на фота), – я зразумела, якое ўзрушэнне было ў мамы, калі ёй паведамілі, што муж прапаў без вестак. Колькі яна, бедная, перанесла, як пакутавала. Мы, малыя, бачылі яе боль, невыноснае гора, муку ў яе позірку. Я магу не ўспомніць, што было ўчора, а вось тыя хвіліны, дні, гады жывуць і ў памяці, і ў вачах. “Дзеткі, чакайце вестачку”, – яна верыла ў тое, што муж жывы, і ўсяляла гэтую веру, гэтую пашану да бацькі нам. Вось мы і дачакаліся вестачкі, хоць праз колькі часу.

Родным загінуўшых выдалі і карты гарадоў Германіі, у якіх пахаваны ваеннапалонныя. І.В.Нагорны пахаваны ў г.Эльстбрвердэ. Бліжэйшы ад яго буйны горад – Дрэздэн. Далі адрас інтэрнэт-сайта аб”яднання “Саксонскія мемарыялы”, якое займаецца пошукамі такіх звестак.

Дзеці, унучка Вераніка паабяцалі Ірыне Іванаўне, што яны хоць калі ды з”ездзяць на магілку.

А яна кажа:

Каб хоць нашы дзеці і ўнукі такога не бачылі, каб у іх заўсёды было ўсё добра і яснае неба над галавой.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.