На шляху да выпраўлення. Але не ўсе

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Аб”езд пачаўся з наведвання сям”і Н.В.Мерзляковай. Дома была Наталля Віктараўна, якая знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. У пакоях чысціня і парадак, а сама гаспадыня прыбірала на кухні. Яна і расказала, што зараз яны з сужыцелем не толькі не п”юць, але і трымаюць хатнюю гаспадарку.

Сям”я Кавалевіч стаіць на ўліку з-за таго, што ў іх непаўналетняга сына Аляксандра Лялебіна непераадольная цяга забраць усё, што дрэнна ляжыць, дадому. Дома нікога не было, усе на працы. Але, як патлумачыла старшыня Ланскага сельскага Савета Л.І.Буглай, справы ў іх наладзіліся. Маці прыклала ўсе намаганні, каб пазбавіць сына такой звычкі. Неаднаразова наведвала з ім спецыялістаў Нясвіжскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і ўрачоў.

Наступнай мы наведалі Н.І.Урбановіч, якая жыве з непаўналетнім сынам у кватэры інтэрнатнага тыпу. У пакойчыку таксама чысціня і парадак. Наталля Іванаўна зараз цяжарная. Са сваім сужыцелем яны шлюб не зарэгістравалі. Неадкладна зрабіць гэта ім і параілі. Толькі ў такім выпадку для сям”і могуць аддаць яшчэ адзін пакой, а з цягам часу – і асобны дом. (На жаль, ужо праз тыдзень маці зноў не ўтрымалася і пачала злоўжываць спіртнымі напіткамі, што і стала прычынай выкліку яе на бліжэйшую камісію па справах непаўналетніх, для правядзення выхаваўча-прафілактычнай гутаркі).

Таццяна Іванаўна Сень знаходзіцца на суправаджэнні спецыялістаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра і УА “Ланская ДАСШ” па прычыне таго, што яе непаўналетняя дачка з 19 студзеня па 15 ліпеня знаходзілася на рэабілітацыі ў дзіцячым сацыяльным прытулку. Таццяна Іванаўна даглядае і дзвюх састарэлых бабуль. І тут пасля апошняга наведвання шмат зменаў у лепшы бок. Жанчына ўладкавалася на працу, а ў хаце навяла парадак. Хочацца спадзявацца і верыць, што ў далейшым так і будзе, што больш ніколі маці не прамяняе дачку на чарку гарэлкі.

Валянціна Іванаўна Ветрава з вёскі Касмовічы з”яўляецца абавязанай асобай у адносінах да старэйшага сына. Удзельнікаў рэйду чакалі толькі прыемныя ўражанні. Так, на пад”ездзе да дому адразу кінулася ў вочы, што ў ім нядаўна аконныя рамы заменены на новыя шклопакеты. У хаце таксама чыста. У гэты дзень сям”я рыхтавалася да зімы. Сужыцель Валянціны Іванаўны завяршаў на кухні новую печку. Усё ўбачанае дае надзею спадзявацца, што маленькую дачушку ў бацькоў хопіць сіл выхаваць самім, і яе не чакае лёс старэйшага брата.

Не горшыя справы і ў Лявонавіцкім сельскім Савеце. Разам з дырэктарам мясцовай школы А.І.Макаўчык наведалі бацькоў, дзеці якіх стаяць на ўнутрышкольным уліку. Ва ўсіх чысціня і парадак у дамах, новая мэбля, усе трымаюць хатнюю гаспадарку. А ўдзельнікаў рэйду, можа нават упершыню за час іх правядзення, сустракалі ўсмешкамі, а не лаянкай і кулакамі.

Праўда, лыжку дзёгцю ў агульную “бочку мёду” ўнесла ўсім вядомая Таццяна Уладзіміраўна Крывецкая, дзеці якой ужо праходзілі рэабілітацыю ў дзіцячым сацыяльным прытулку. Урок не пайшоў ёй на карысць. У хаце было не зусім чыста і прыбрана, а сама гаспадыня за прагулы была звольнена з работы. Удзельнікаў рэйду сустрэла з цэлым спісам патрабаванняў таго, што ёй павінна зрабіць мясцовая і раённая ўлады. Прычым, усё гэта прад”яўлялася ў суправаджэнні крыкаў і слёз. Неабходна адзначыць, што жанчына неаднаразова ўладкоўвалася на розныя работы ў мясцовай гаспадарцы, але ўсе яны яе не задавальнялі. Таму, напэўна, і вырашыла жыць як у казцы: не працаваць, а каб усё з”яўлялася па волі чароўнага шчупака ці пярсцёнка. Аднак у жыцці так не бывае. Можа, лепш было б самой навесці парадак у доме, уладкавацца на працу, заняцца выхаваннем дзяцей, а не чакаць, каб ёй паднеслі ўсё на талерачцы з блакітным беражком?!


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.