Салодкія сюжэты

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

«Зорны час» кандытара Алены ШАТОХIНАЙ прыпаў на 80-я гады мінулага стагоддзя. Яна стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР у галіне гандлю і спажывецкай кааперацыі.

Такую ўзнагароду мы, два чалавекі з былога Савецкага Саюза, атрымалі ўпершыню, – прыгадвае Алена Лявонаўна.

Алена Шатохіна і на сённяшні дзень адзіны кандытар у Беларусі з такім пачэсным званнем.

Гэта было якраз напярэдадні свята – 69-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, – успамінае яна. – У Маскве дэлегацыю з Беларусі сустракалі на шыкоўнай аўтамашыне. З кветкамі. Вялізны букет – 21 чырвоны гваздзік! – падарылі адразу на пероне. Узнагароды ўручалі ў Крамлёўскім Палацы. Быў урачысты банкет. Для герояў свята было і сваё «Поле цудаў». Кожнаму лаўрэату дазволілі папрасіць усё, чаго той захоча. Але не для сябе асабіста – для справы.

Алена Лявонаўна папрасіла фінскую печку для запякання, цестамясільную і крэмаўзбівальную машыны, а таксама аўтамашыну для развозу кандытарскіх вырабаў. Праз месяц усе заказы Шатохінай былі выкананы. Так сціплая дзяўчына з Гарадзеі, якая нарадзілася ў мнагадзетнай сям”і, дзе гадавалася шэсць дзяўчынак, раптам праславілася на ўвесь Савецкі Саюз. Але ж гэта здарылася не раптам і не выпадкова. Бацька – адзіны кармілец у сям”і, быў адмысловым шаўцом. Шыў боты. Без эскізаў і выкраек. Меў прыроджаны мастацкі густ. Такой жа майстрыхай была і мама. Яна пякла прыгожыя і смачныя пірагі, караваі на вяселлі. Бывала, замесіць цеста, а потым пасадзіць вакол стала сваіх дзяўчынак і дасць кожнай работу: каму – птушак ляпіць, каму – шышкі, каму – кветачкі.

Алена пайшла на свой хлеб рана. Хацелася самастойнасці, ды і бацькам даць палёгку. Вучылася ў вячэрняй школе і працавала ў сталовай Гарадзейскага цукровага камбіната. Займалася там і выпечкай. Завочна скончыла Баранавіцкі тэхнала-гічны тэхнікум і ўжо загадвала кандытарскім цэхам у Гарадзеі.

На пачатку 70-х, калі сталі папулярнымі конкурсы маладых кандытараў, была іх актыўнай удзельніцай. На першым абласным заняла першае месца. Выйшла ў лідэры і на рэспубліканскім. Алена Лявонаўна і сёння памятае той першы салодкі шэдэўр. Гэта быў мілы дзіцячы сюжэт: прыгожы белы заяц з узбітых яечных бялкоў сустрэўся на духмянай бісквітнай паляне з шакаладным вожыкам, што ся-дзеў на хрумсткім пяньку са здобнага цеста… Рашэнне журы было аднадушнае: Шатохіна зрабіла конкурсны торт на высокім мастацкім узроўні. Ды і смачны – у роце растае!

З таго часу Алена пастаянна ўдзельнічала ў такіх спаборніцтвах. Яе неаднаразова запрашалі ў Маскву на ВДНГ. І тут яна здзіўляла наведвальнікаў сваімі салодкімі творамі, неардынарным мастацкім падыходам, арыгінальнай рэцэптурай выпечкі.

У 1972 годзе ў Нясвіжы адкрылася абласная школа кандытараў, якую ўзначаліла Алена Шатохіна. Тут яна перадавала сваё майстэрства вучням. Iх у яе было больш сотні! Сапраўднымі майстрамі сваёй справы сталі Таісія Аліноўская (цяпер яна ўзначальвае ў Гарадзеі кандытарскі цэх), Раіса Баркоўская, Ганна Шахнер і іншыя.

Па яе слядах пайшоў і сын Эрнест, які працуе ў сталовай Гара-дзейскага цукровага камбіната, дзе пачынала свой шлях у прафесію яго маці. Працягвае сямейную дынастыю і яго дачка Вера. Цяпер яна, як бабуля і бацька, вучыцца ў Баранавіцкім тэхнала-гічным тэхнікуме.

І сёння Алена Шатохіна застаецца вернай сваёй прафесіі. Апошнія восем год працуе ў сталовай гандлёвага цэнтра ААТ «Нясвіжскі райаграсервіс». Яна не толькі клапоціцца пра смачныя абеды для працаўнікоў гаспадаркі (Алена Лявонаўна – загадчык вытворчасці), а і сумяшчае гэтую справу з прыгатаваннем прыгожага печыва. Рыхтуе святочныя сталы на вяселлях і юбілеях. Працуе з вырабамі пад заказ. А задаволіць патрэбы заказчыкаў – няпростая справа. Тут мала быць мастаком, трэба быць яшчэ і псіхолагам. Алена Лявонаўна заўсёды цікавіцца, для каго заказ, з якой нагоды ён робіцца. Калі кандытарскі выраб, скажам, адрасаваны жанчыне, ён выконваецца ў пяшчотна-ажурным афармленні, з кветкамі. Для мужчын салодкае прывітанне ў больш строгім стылі. Напрыклад, у выглядзе разгорнутай кнігі. Для дзіцяці падбіраецца сюжэт лю-бімай казкі.

I ўсё гэта – рукатворная прыгажосць.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.