У горадзе над Нёманам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Адным з асноўных накірункаў дзейнасці Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі з”яўляецца вывучэнне гісторыі і культуры Беларусі. Гэта рэалізоўваецца праз дзейнасць шматлікіх аб”яднанняў, што працуюць пры бібліятэцы. На іх пасяджэннях ідзе знаёмства з цікавымі і малавядомымі старонкамі мінулага і сучаснага беларускай зямлі. Вялікае месца адведзена царкоўнаму краязнаўству. Былі наладжаны паломніцтвы ў Жыровіцкі праваслаўны манастыр, храмы Мінска, на магілу Валянціны Мінскай, у Станькава, да Вітаўскай крыніцы. Цікавым і запамінальным для сяброў аб”яднанняў было знаёмства са святынямі Полацка. Нікога не пакінулі абыякавымі маляўнічыя куточкі Валожыншчыны, таямнічыя гісторыі Гальшанаў.

Сёлета ў жніўні гэтага года мы наведалі Гродна – горад, які вядзе адлік сваёй гісторыі з канца дзесятага стагоддзя. Наш шлях ішоў паўз Слонім, Зельву, Скідзел, Ліду.

Гродна адметны тым, што тут многае на тэрыторыі Беларусі здзейснілася ўпершыню. Напрыклад, заснавана першая на Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы медыцынскага персаналу – Гродзенская медыцынская акадэмія (школа), якая існавала з 1775 па 1781 год. У 1781 годзе яна была пераведзена ў Вільню, дзе стала базай для стварэння медыцынскага факультэта Віленскага уні-версітэта. Будынак гродзенскай медыцынскай школы захаваўся да нашых дзён. У гэтым горадзе быў закладзены першы ў Беларусі і Рэчы Паспалітай батанічны сад, які налічваў каля 2 тысяч раслін. I калі звярнуцца да нашага часу, то першы мікрараён з”явіўся таксама тут.

Знаёмства з горадам пачалося са старэйшага на Беларусі заалагічнага парка, які створаны ў 1927 годзе па ініцыятыве прыродазнаўцы, выкладчыка біялогіі мясцовай гімназіі Яна Каханоўскага.

Гродна – адзіны горад Беларусі, які мае статус горада-помніка архітэктуры. Вялікае ўражанне ва ўдзельнікаў экскурсіі выклікала знаёмства з архітэктурнымі збудаваннямі мінулых часоў, якія, у сваёй большасці, добра захаваліся. Мы мелі магчымасць пабыць у Каложскай (Барысаглебскай) царкве, помніку гродзенскай школы дойлідства, пабудаванай у другой палове 12 стагоддзя, касцёле святога Францішка Ксаверыя; пабачыць Стары Замак Вітаўта-Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца гісторыка-археалагічны музей. Стары замак – комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў 11-19 стагоддзя. Наведалі і новы замак (1751 год), Пакроўскую царкву, помнік архітэктуры неарускага стылю, пабудаваную ў пачатку 20 стагоддзя. У Гродна і сёння дзейнічае яўрэйская сінагога, нямецкая лютэранская кірха (1905 год). Цікава было пазнаёміцца са старэйшай аптэкай Беларусі, створанай езуітамі ў 1687 годзе. I гэта малы пералік з таго, што можа пабачыць уважлівы падарожнік. Па-за кадрам засталося вельмі многае, і таму мы вырашылі ў наступным годзе паўтарыць сваё падарожжа ў гэты горад. Мы адправімся на экскурсію па Аўгустоўскім канале.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.