Дастойныя прадстаўнікі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

   У чацвер у РЦКіА ўпершыню прайшоў конкурс «Містэр Нясвіж-2009» сярод навучэнцаў устаноў адукацыі горада, прысвечаны 70-годдзю раёна. Яго арганізатарамі выступілі аддзелы культуры і па справах  моладзі райвыканкама, раённы  камітэт ГА «БРСМ».

Мерапрыемства  стала сапраўдным святам юных джэнтльменаў — ветлівых, вынаходлівых,  неверагодна артыстычных і сапраўдных інтэлектуалаў.

За званне «Містэр Нясвіж-2009»  змагаліся Андрэй Мышалаў і Уладзіслаў Рэмез (СШ №1 г.Нясвіжа), гімназіст Алег Карабко, Дзмітрый Дэмух (СШ №3) і навучэнец Нясвіжскага каледжа  імя Якуба Коласа Ілья Горынаў.

На першым этапе конкурсу — дэфіле — рабяты прадэманстравалі ўменне падаць сябе публіцы,  затым прайшло самапрадстаўленне пад красамоўнай назвай «Знаёмцеся, гэта — я!», падчас якога трэба было як мага больш і цікавей раскрыць свой характар і  захапленні.

Вынаходлівасць удзельнікаў выявілася на этапе «Я ўсё ведаю», дзе  яны шукалі выйсце з нечаканай сітуацыі. Тут канкурсантаў часта выручала  пачуццё гумару, на што зала  адразу рэагавала гарачымі  апладысментамі.

 Аднак сапраўдны шквал эмоцый гледачоў выклікаў конкурс «Тайм-аут». На ім юнакі-джэнтльмены пераўвасабляліся ў зорак эстрады. Кожны нумар  быў бліскучым і непараўнальным, аднак  па арыгінальнасці рашэння і сіле парадыйнага майстэрства цяжка  аказалася пераўзысці Дзмітрыя Дэмуха: ён  пераўвасобіўся ў тры жаночыя вобразы —  Анастасіі Прыходзька, Лаліты і  Ксеніі Сітнік.

Няпростым было і апошняе выпрабаванне — прызнанне ў каханні. Тут канкурсантам вельмі спатрэбіліся галантнасць і акцёрскія здольнасці.

Перад журы стаяла надзвычай складаная задача, таму што кожны з удзельнікаў быў па-свойму цікавы і таленавіты, меў свае мацнейшыя  і слабейшыя бакі. Тытул «Містэр Нясвіж-2009» прысудзілі абаяльнаму Андрэю Мышалаву (на здымку), чыё ўменне спалучаць сціпласць і смеласць, гумар і сур»ёзнасць  пакарыла журы.

Яго бліжэйшы сапернік Ілья Горынаў атрымаў званне «Містэр вынаходлівасць», Уладзіслаў Рэмез  — «Містэр Рамантычнасць», Алег Карабко — «Містэр Галантнасць», а Дзмітрый Дэмух — «Містэр Артыстычнасць».

Думаецца, што конкурс яскрава прадэманстраваў, што ў нас ёсць добра выхаваная, разумная і таленавітая моладзь, якой па плячы любыя  конкурсы і выпрабаванні. І, мяркуючы па актыўнасці залы і груп падтрымкі, конкурсная канкурэнцыя ў будучыні толькі ўзмацніцца.

Андрэй Мышалаў  узнагароджаны  Граматай пераможцы.

На памяць аб  мерапрыемстве ўсе канкурсанты атрымалі прызы  і падзякі за ўдзел ад арганізатараў. 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.