Добрыя справы ардэнаноснага калектыву

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ад мінулага

да сучаснага

З далёкага 1940 года вядзе сваю гісторыю ААТ «Нясвіжскі райаграсервіс», пачынаючы з машынна-трактарнай станцыі.  Зараз цяжка ўявіць, што на час заснавання ў былым маёнтку  Рудаўка Нясвіжская МТС  мела ў сваім распараджэнні толькі канюшню, гумно ды панскі дом.

У 1945 г. адбыўся першы выпуск 13-і трактарыстаў, з якіх было 3 дзяўчыны. У 1947 г. створаны 3 трактарныя брыгады,  пабудавана электрастанцыя. Былі запушчаны ў работу такарныя, свідравальныя і тачыльныя станкі, электразварка. Да канца года  працавалі 4 трактарныя брыгады, у якіх налічвалася 12 трактароў.

У 1950 г. былі набыты  самаходныя збожжаўборачныя  камбайны, складаная малатарня, трактары, бензавозы.

        Першым кіраўніком прадпрыемства стаў П.Амельчанка, з 1945 года — М.С.Чудзянкоў, з 1953 — Р.Д.Фядотаў, з 1959 — Я.А.Харытонаў.

Пад  кіраўніцтвам Р.М.Лазара былі пабудаваны кацельня, майстэрня для рамонту трактароў, бульбаўборачных  капалак, такарны цэх, кузня, мыйка, цэх парашковай металургіі, цэх  па рамонце і тэхнічным абслугоўванні жывёлагадоўчага абсталявання. З цягам часу пачалі рамантаваць збожжаўборачныя  камбайны, стварылі аўтамабільную  гаспадарку, уласнымі сіламі  ўзвялі вытворчыя  памяшканні  райсельгасхіміі і райагразабеспячэння ў Гарадзеі. Пабудавалі клуб, магазін, сталовую,  спартыўную залу, 400 кватэр для работ-нікаў.

Асаблівым радком у гісторыю райсельгастэхнікі ўвайшло 26 студзеня 1971 года. У гэты дзень яна была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Калектыў прадпрыемства адзначаўся таксама дыпломамі і пераходнымі Чырвонымі Сцягамі ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ з занясеннем на Усесаюзную Дошку гонару на ВДНГ СССР у 1979-м, 1981-м, 1984-м і 1985-м гадах.

Назаўсёды ўвайшло ў гісторыю Нясвіжскай райсельгастэхнікі імя Мікалая Мікалаевіча Германа, Героя Сацыялістычнай Працы, таленавітага слесара, залатым рукам якога  былі падуладныя любыя механізмы. М.М.Герман быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай  вайны  1-й ступені, медалямі (на здымку 1).

У 1986 г. райсельгастэхніка была пераўтворана ў райаграпрамтэхніку. З 1989 г. прадпрыемствам кіраваў М.М.Мурашка, а ў 2009-м  яго ўзначаліў Ю.В.Скрыба.

У 1995 г. райаграпрамтэхніка  пераўтворана ў ААТ «Нясвіжскае раённае прадпрыемства па вытворча-тэхнічным абслугоўванні», у 2003-м таварыства стала  называцца Нясвіжскім райаграсервісам.  У 2004 г. да яго быў далучаны СВК «Карцэвічы», які стаў  гаспадарчым участкам «Карцэвічы».

Сёння гэта шматпрофільнае прадпрыемства, якое не толькі выконвае сервісныя і аўтатранспартныя  работы, але і выпускае прамысловую  прадукцыю. Як і вынікае з назвы, сервісная служба займае самае  значнае месца ў структуры  аказваемых паслуг. У іх уваходзіць перадпродажная падрыхтоўка «МАЗаў», тэхнічнае абслугоўванне, гарантыйны рамонт. Усё гэта райаграсервіс выконвае як дылер Мінскага аўтама-більнага завода. Праводзяць таксама тэхнічнае абслугоўванне  энерганасычаных трактароў МТЗ,  рамонт рухавікоў, рэгуліроўку і рамонт  паліўнай апаратуры.

Акрамя гэтага, абслугоўваецца  абсталяванне жывёлагадоўчых  ферм, у тым ліку і хала-дзільнае. А ў гэтым годзе райаграсервіс стаў дылерам ААТ «Гомель-агракамплект» па мантажы, абслугоўванні, гарантыйным і паслягарантыйным рамонце даільных залаў. Для аказання аўтатранспартных паслуг задзейнічаны  такія вялікагрузныя машыны, як МАЗы і КамАЗы. У аўтатранспартную структуру райаграсервісу таксама ўваходзіць механізаваны атрад, які займаецца ворывам глебы, унясеннем арганічных і мінеральных  угнаенняў, вапнаваннем, уборкай  траў, перавозкай  сельскагаспадарчых грузаў.

Калі холад

на карысць

Асобнага слова заслугоўвае прамысловая прадукцыя  — халадзільныя ўстаноўкі для малочнатаварных ферм,  вытворчасць якіх і паслужыла тым «выратавальным кругам», што дазволіў прадпрыемству  не толькі застацца, як кажуць, «на плаву», але і паступова  набіраць эканамічныя абароты.

Выраб халадзільнай устаноўкі пачынаецца з атрымання камплектуючых частак і металу, які затым сячэцца, зварваецца і ў выніку становіцца тым  халадзільнікам, які ідзе спажыўцу.

На сённяшні дзень на вытворчасці халадзільнікаў  занятыя 23 чалавекі, кожны з якіх  разумее сваю адказнасць за давераны ўчастак работы, а значыць, і за прадукцыю ў цэлым. Так, падчас знаёмства з вытворчасцю я назірала за  работай устаноўкі па зварцы  падоўжаных швоў. Запушчаная ў работу ў гэтым годзе, яна дазволіла павысіць  прадукцыйнасць працы на гэтай аперацыі ў 5-6 разоў і зварваць  20 сантыметраў металічнага шва ў мінуту. На ўстаноўцы працуюць маладыя рабочыя Раман Янкоўскі  і Дзяніс Кобусь, якіх навучаў  вопытны газаэлектразваршчык Уладзімір Філіпчык. Наступны важнейшы этап  вытворчасці — гэта выраб непасрэдна малочнага танка —  ёмістасці, у якой і бу-дзе  захоўвацца малако. Тут працуюць вопытныя работнікі: бацька і сын У.І.Філіпчык, А.У.Філіпчык (на здымку 2 справа налева), А.П.Губанаў, М.М.Целяховіч, У.Р.Лепцюк, Ч.В.Бука.

Эліпсоідная форма танка дазваляе атрымаць максімальны эфект ад работы халадзільнага агрэгата і аўтамата прамыўкі. Вытворчасць  такой формы ўпершыню  ў Беларусі арганізавана менавіта ў  нас, у Нясвіжы, намаганнямі  былога галоўнага інжынера райаграсервісу Уладзіміра Рыгоравіча Камёнкі. На жаль, ён пайшоў  з жыцця раней, чым новы цэх  запрацаваў у поўную сілу, аднак і сёння  калегі ўспамінаюць яго з павагай і ўдзячнасцю.

Ды і ўся канструкцыя халадзільнай устаноўкі варта ўвагі. Яе выпуклае дно павялічвае плошчу  судакранання малака з выпарнікам, і гэта дазваляе атрымаць  хуткі эфект ахалоджвання. Па меры таго, як малако падымаецца, уключаюцца дадатковыя секцыі выпарніка ў сценках танка. Гэта дазваляе найбольш рацыянальна  выкарыстоўваць плошчу  ахалоджвання. Выпарнік халадзільніка  падчас вырабу двойчы правяраецца на герметычнасць, а  трэцяя, канчатковая праверка адбываецца на ўчастку мантажу і абкаткі, дзе  халадзільнік павінен поўнасцю выйсці  на тэхналагічныя параметры.

Аўтамат прамыўкі халадзільніка забяспечвае  5 асноўных цыклаў, два з  якіх — кіслотны і  шчолачны, пры тэмпературы 55-56 градусаў. Акрамя таго, ён мае вельмі  гібкую сістэму настройкі — ад 0,5 да 4 атмасфер — у залежнасці ад вытворчых умоваў непасрэдна на ферме заказчыка.

Як адзначыў галоўны эканаміст прадпрыемства В.Д.Пупынін, аптымальная магутнасць  цэха — прыблізна  1 халадзільнік у рабочы  дзень. Аднак на практыцы гэта  лічба нават перавышаецца: напрыклад, у верасні  выпусцілі 32  халадзільнікі.

З моманту асваення новай прадукцыі прададзена ўжо 168 установак. Спажыўцы могуць разлічваць на дапамогу вытворцаў не толькі на працягу 24 месяцаў гарантыйнага тэрміну, але і надалей. Сервісныя службы выязджаюць  на месца эксплуатацыі і праводзяць тэхнічнае абслугоўванне, пры неабходнасці і рамонт.

У верасні акцыянернае таварыства прымала ўдзел у выставе «Залатая восень-2009» у Маскве, дзе халадзільнік знайшоў  свайго пакупніка. А ў лістападзе нашы землякі ўдзельнічалі ў расійскім тэндэры па закупцы халадзільнага абсталявання сумесна з  дылерскай фірмай  з Уладзіміра, дзе таксама прадалі некалькі ўстановак.

Увогуле, як заўважыў В.Д.Пупынін, ёсць усе падставы спадзявацца, што наша прадукцыя будзе запатрабавана на рынках СНД.

Укараненне навінкі дазволіла не толькі стварыць новыя рабочыя месцы, але і павысіць заработную плату, якая за 10 месяцаў 2009 года склала на прадпрыемстве 788,2 тысячы рублёў, што на 38,5 працэнта больш, чым летась. Прычым, што вельмі важна, тэмпы росту  прадукцыйнасці  працы апярэджваюць рост заработнай платы.

У калектыве ставяць задачу выйсці на пастаянную магутнасць у 20-25 халадзільнікаў у месяц і асвоіць новую прадукцыю — цыстэрны для малакавозаў, якія запланавана паставіць на паток у 2010 годзе. Дарэчы, па словах дырэктара Ю.В. Скрыбы,  праз рэспубліканскае аб»яднанне «Белаграсервіс» на будучы год запланавана рэалізацыя ў лізінг 60  нясвіжскіх аўтацыстэрнаў для перавозкі малака.

Яшчэ адно добрае дасягненне апошняга часу — асваенне мантажу новых даільных залаў вытворчасці ААТ «Гомельагракамплект», два з якіх устаноўлены ў гэтым годзе на новых фермах раёна. Увогуле ж, рост аб»ёму таварнай прадукцыі па станцыі тэхнічнага абслугоўвання жывёлагадоўчых ферм за 10 месяцаў бягучага года склаў 154,2% да леташняга ўзроўню. А ў цэлым за гэты перыяд аб»ём паслуг, што райаграсервіс аказаў сельгаспрадпрыемствам, на 83%  перавысіў  мінулагодні паказчык.

 

Усё трымаецца

на людзях

Ад першых дзён існавання прадпрыемства ў яго развіццё ўклалі самаадданую працу І.Акімаў, В.Секушэнка, П.Лычкоўскі, А.Шах, В.Калоша, В.Міхалап, М.Красінскі, Ф.Обух, В.Макарэвіч, А.Чапко, І.Кандрукевіч, І.Сідорка, Я.Кандрукевіч, М.Волкаў, Э.Платун, Д.Фалітар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Г.П.Клюсілаў.

Выдатна працуюць  зараз ветэраны:  слесар М.М.Чырко, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», і  намеснік дырэктара па аўтатранспарце І.М.Шыдлоўскі, работа  якога адзначана ордэнам Працоўнай Славы III ступені і медалём «За працоўную адзнаку».  Ганарыцца калектыў  сваім былым работнікам, слесарам Л.А.Пашчэнем, кавалерам ордэна  Працоўнай Славы III ступені.

І сёння райаграсервіс трымаецца на працавітых руках іх маладзейшых таварышаў  — слесараў В.М.Яновіча (на здымку 3 справа налева ён са слесарам А.Г.Жывенем), М.В.Плаксы , К.М.Дашко, В.А.Главінскага, М.К.Хвіцько, У.І.Зайца, трактарыстаў-машыністаў  У.П.Шыбута і В.А.Троські, вадзіцеля І.А.Булы, шліфоўшчыка А.А.Шыцько і многіх іншых.  Умела арганізуюць вытворчы  працэс начальнік станцыі тэхнічнага абслугоўвання і рамонту трактароў В.А.Аксінскі, начальнік станцыі тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў С.І.Сідарэнка, начальнік участка па мантажы сантэхнічнага абсталявання і ацяплення М.С.Крыўко, галоўны механік мехатрада А.М. Калкоўскі, начальнік станцыі тэхнічнага абслугоўвання жывёлагадоўчых ферм М.М.Платун, в.а. начальніка цэха па вытворчасці сельгасмашын Д.В.Пякуцька, в.а.галоўнага інжынера М.Ф.Секяржыцкі і іншыя спецыялісты.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.