Гігіена рук + рэспіраторны этыкет

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

     Рэспубліканская інфармацыйная кампанія па прафілактыцы сезоннага і пандэмічнага грыпу стартавала ў Беларусі. Яна з»яўляецца часткай сусветнай інфармацыйнай кампаніі па барацьбе з пандэміяй, а ў ролі яе ініцыятараў выступілі Міжнародная Федэрацыя Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ).

Цяпер узровень захваральнасці на сезонны і пандэмічны грып у Беларусі пачаў зніжацца. Аднак у суседніх краінах сітуацыя па-ранейшаму застаецца напружанай. І як будзе развівацца эпідпрацэс на еўрапейскім кантыненце і ў нашай краіне, сёння ніхто прагназаваць не бярэцца. Даводзіцца толькі канстатаваць, што пандэмічны вірус заняў дамінуючую пазіцыю сярод цыркулюючых вірусаў грыпу. Да таго ж, даказана здольнасць новага віруса A/H1N1 выклікаць цяжкую пнеўманію. Прычым клінічная карціна ў цяжкіх выпадках захворвання  істотна адрозніваецца ад клінічнай карціны, якая назіралася раней  падчас эпідэмій сезоннага грыпу.

— Вопыт паўднёвага паўшар»я планеты, дзе першая хваля пандэміі грыпу A/H1N1 ужо прайшла, сведчыць пра тое, што ўсе выпадкі цяжкага працякання грыпу звязаны з познімі зваротамі хворых па медыцынскую дапамогу, — паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры кіраўнік Бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь Ягор Зайцаў. — Тут дзейнічае «залатое» правіла 48 гадзін з моманту з»яўлення першых сімптомаў захворвання. Сапраўды, да пандэміі свінога грыпу, сведкамі якой мы з»яўляемся, праблема пнеўманій, якія ўносяць жыцці  дзесяткаў людзей, ніколі не выходзіла на першы план і не стаяла так  востра, як сёння.

Ягор Зайцаў паведаміў, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя  паставіла бясплатна ў Беларусь 60 тысяч упаковак «Таміфлю», якія  размеркаваныя для лячэння хворых у стацыянарах. Гэта менавіта той прэпарат, які ўключаны ў афіцыйныя рэкамендацыі СААЗ для лячэння так званага свінога грыпу. Адказваючы на пытанні журналістаў наконт айчыннай альтэрнатывы дарагому імпартнаму «Таміфлю», які да таго ж адпускаецца ў аптэках толькі па рэцэптах, Ягор Зайцаў сказаў, што ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя няма доказаў эфектыўнасці ці неэфектыўнасці беларускага прэпарата «Арпетол» і яго расійскага аналага «Арбідола».

Разлічваць на бясплатную вакцыну ад свінога грыпу ад СААЗ беларусам не даводзіцца — гэта не дазваляюць нашы эканамічныя паказчыкі. Таму ў Беларусі  абвешчаны тэндар на закупку вакцыны  супраць пандэмічнага грыпу. У якасці верагодных «кандыдатаў» разглядаюцца расійская, французская і нямецкая вакцыны. Аб»ём паставак вакцыны, якую плануецца набыць за кошт сродкаў рэспублікан-скага бюджэту,  таксама ўдакладняецца.

Кіраўнік Прадстаўніцтва Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Беларусі, Малдове і ва Украіне Джо Лауры звярнуў увагу журналістаў на важнасць шырокай тлумачальнай работы сярод насельніцтва, якая будзе перашкаджаць распаўсюджванню панічных настрояў.

— Інфармацыйная кампанія пад назвай «Ваша лепшая абарона — вы самі» базіруецца на пяці асноўных правілах, якія павінен захоўваць кожны чалавек, які не хоча заразіцца вірусам грыпу, — патлумачыў Джо Лауры. — Трэба рэгулярна мыць рукі з мылам, асабліва пасля кантактаў з хворым чалавекам. Абавязкова трэба прыкрываць рот пры кашлі і чханні. Ад суразмоўцы трэба трымацца на адлегласці паўтара метра, пазбягаць поціскаў рукі і наведвання месцаў масавай канцэнтрацыі лю-дзей.

Джо Лауры патлумачыў, што няправільнае выкарыстанне маскі не толькі не стварае ахову, а, наадварот, можа нанесці чалавеку шкоду. Маскі і рэспіратары пры правільным выкарыстанні могуць спрыяць зніжэнню рызыкі інфіцыравання грыпам, але ад удыхання вельмі дробных кропелек, якія выдзяляюцца пры кашлі ці чханні, маскі не абараняюць. Да таго ж,  іх заўсёды трэба выкарыстоўваць у спалучэнні з іншымі прафілактычнымі мерамі, такімі, як добрая гігіена рук, рэспіраторны  этыкет і захаванне бяспечнай дыстанцыі. Да маскі падчас нашэння не трэба дакранацца рукамі, вільготныя неабходна рэгулярна мяняць. Зняўшы маску, абавязкова  добра вымыйце рукі вадой з мылам ці выкарыстайце дэзінфіцыруючы раствор. Увогуле, нашэнне маскі апраўдана пры стасунках з хворым чалавекам ці ў месцах масавай канцэнтрацыі людзей, а таксама калі вы самі хварэеце, каб не заразіць сваіх блізкіх…


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.