15 кастрычніка

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі ААТ “Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў”. Да таго ж, бягучы год – юбілейны для прадпрыемства.

З 2008 года акцыянернае таварыства ўзначальвае С.С. Прасмыцкі, які і расказаў нам аб рабоце завода.

– Сяргей Сяргеевіч, як узнікла ваша прадпрыемства, і як праходзіла яго развіццё на працягу 50 гадоў?

– У 1960 годзе на базе Альбянскага спіртзавода быў наладжаны выпуск кармавога антыбіётыка хлортэтрацыкліну (біяміцыну) з першапачатковай гадавой магутнасцю 4 тоны ў год, якая потым была даведзена да 43 тон.

У 1983 годзе пабудаваны цэх па выпуску мікраарганізмаў для сельскай гаспадаркі – рызатарфіну. Праз два гады тут была асвоена вытворчасць лекавых сродкаў (балізу). У 1992 годзе ў цэху рызатарфіну правялі тэхнічную рэканструкцыю і на базе вытворчасці балізу адкрылася новая лінія. Так мы сталі выпускаць растворы для ін”екцыі – па 700 тысяч бутэлек у год. У 1994 годзе загадам дзяржаўнай карпарацыі па вытворчасці лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння “Фарміндустрыя” прадпрыемства перайменавана ў “Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў”. З таго часу мы і займаемся выпускам непасрэдна лекавых сродкаў. Пастаяннае ўдасканаленне тэхналагічных працэсаў, мадэрнізацыя абсталявання і пашырэнне відаў выпускаемай прадукцыі дазволілі нам давесці гадавы аб”ём вытворчасці да 17 мільёнаў бутэлек.

– Што новага адбылося на прадпрыемстве за апошні час, якія новыя тэхналогіі ўведзены ў вытворчасць?

– У 2008 годзе рэалізаваны праект па стварэнні лініі па вытворчасці інфузійных раствораў па тэхналогіі “Bottlepack”. Новы цэх пабудаваны і аснашчаны сучасным абсталяваннем, згодна з патрабаваннямі GMP. Гэтая тэхналогія не мае аналагаў у нашай краіне, ды і на прасторах СНД такіх ліній няшмат. Яна прадугледжвае разліў і ўпакоўку раствораў у поліэтыленавую тару. Магутнасць гэтай вытворчасці складае зараз да 10 мільёнаў бутэлек у год. Па гэтай тэхналогіі прадпрыемства выпускае інфу-зійныя растворы ў поліэтыленавай упакоўцы па 50, 100, 250 і 500 мл.

Увогуле, мы выпускаем прадукцыі больш за 30 найменняў – стэрыльных інфузійных ін”екцыйных раствораў у шкляных і поліэтыленавых бутэльках розных фармакатэрапеўтычных груп: растворы электралітаў, сродкі вугляводнага харчавання, гіпертанічныя растворы і многае іншае.

У нас ёсць гама-ўстаноўка для стэрылізацыі, зніжэння мікрабіялагічнага абнасеньвання і абпраменьвання ў мэтах змянення фізіка-хімічных асаблівасцяў прадукцыі.

Разам з развіццём і ўдасканаленнем тэхналагічных працэсаў, мы звяртаем асаблівую ўвагу на якасць нашай прадукцыі, паніжэнне нагрузкі на навакольнае асяроддзе. На прадпрыемстве распрацаваныя і ўкаранёныя сістэма менеджменту якасці, адпавядаючая патрабаванням СТБ ІСО 9001-2000, сістэма кіравання навакольным асяроддзем – СТБ ІСО 14001-2005, сістэма ўпраўлення аховай працы – СТБ 8001-2009. Эфектыўнасць гэтых сістэм пацверджана адпаведнымі сертыфікатамі. Вытворчасць інфузійных раствораў у поліэтыленавай упакоўцы адпавядае патрабаванням ТКП 030-2009 (02040).

Асноўным спажыўцом нашай прадукцыі з”яўляецца рэспубліканскае аптова-рознічнае прадпрыемства “Фармацыя”. Таксама пастаўляем растворы ў Расію, Малдову, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан. Штогадова ўдзельнічаем і ў розных спецыялізаваных выставах. Нараканняў на якасць прадукцыі ў нашых партнёраў не ўзнікае.

– Новае абсталяванне патрабуе і высокай кваліфікацыі работнікаў. І тое, што няма нараканняў, – напэўна, заслуга менавіта іх – граматных і кваліфікаваных спецыялістаў, якія працуюць на прадпрыемстве і забяспечваюць высокі ўзровень вытворчасці і выканання тэхналогій?

– Безумоўна, гэта так, усе нашы поспехі – гэта пастаянная шчырая праца нашых работнікаў.

Зараз на прадпрыемстве – 548 чалавек, больш паловы з якіх – жанчыны. Калі заглянуць у гісторыю, то 50 гадоў таму працавалі толькі 187 чалавек.

Мы ўпэўнены, што кожны работнік павінен разбірацца не толькі ў агульнай палітыцы развіцця свайго прадпрыемства, але і фармацэўтычнай галіны ў цэлым. Толькі ў гэтым выпадку магчыма стварыць калектыў прафесіяналаў, якому пад сілу справіцца з любымі задачамі.

На прадпрыемстве назіраецца і актыўная змена пакаленняў. Толькі за апошнія тры гады да нас прыйшло працаваць больш за 25 маладых спецыялістаў. Іх мы забяспечваем усім неабходным, у першую чаргу, жыллём. У нас ёсць свой інтэрнат.

Ёсць у нас і цэлыя працоўныя дынастыі: Сідаровіч, Вайтовіч, Лаўрыновіч, Святловіч, Трасько. Раней працавалі іх бацькі, а зараз – дзеці.

Да юбілею і прафесіянальнага свята чатыры работнікі Указам Прэзідэнта краіны № 4474 ад 8 верасня 2010 года за шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм будуць узнагароджаны медалямі, пяць – ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, трое – граматамі Мінаблвыканкама, многія атрымаюць граматы і падзякі райвыканкама і самога прадпрыемства.

– Што б Вы хацелі пажадаць вашым працаўнікам з нагоды юбілею і прафесійнага свята?

– У першую чаргу, хачу пажадаць моцнага здароўя. Як ні парадаксальна, але: каб мы ніколі не карысталіся прэпаратамі, якія выпускаем. Каб на працу кожны наш работнік ішоў з задавальненнем. Працоўнага плёну і сямейнага дабрабыту.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі на прадпрыемстве склала ў мінулым годзе 32134 млн. рублёў, аб”ём экспарту – 2912 тысяч долараў ЗША, аб”ём вытворчасці прадукцыі ў дзейнічаючых цэнах складаў 29660 млн. рублёў.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.