На сонечных паверхах

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1 кастрычніка мы адзначаем цёплае і сардэчнае свята, выказваем сваю павагу да пажылых людзей. З дзяцінства чалавек бярэ ў старэйшага пакалення веды і мудрасць, пераймае традыцыі і звычкі.

Тамара Іванаўна Назарава – звычайная жанчына з лёгкім характарам і творчай працай. Яна – тынкоўшчык. Ужо трэці год на пенсіі, але работы не пакідае, хоць і не заўсёды ёй бывае лёгка. Хочацца ж і на канапе паляжаць, і любімыя кнігі пачытаць, і з унукам пагуляць…

Працаваць у Гарадзею Тамара Іванаўна прыехала ў 1971 годзе пасля заканчэння Кобрынскага тэхнічнага вучылішча. Дзяўчыне было толькі сямнаццаць гадоў, і калектыў, трэба прызнацца, не адразу прыняў яе. Маўляў, вельмі ж маладая. Але Тамара і сама паверыла ў свае сілы, і прымусіла паверыць астатніх. У ПМК-217 яна 20 гадоў працавала тынкоўшчыкам, а 19 – маляром.

– У маёй рабоце ўсё незвычайна. Гэта сапраўды цікавы творчы працэс. Мяне заўсёды ахоплівае вялікая радасць, калі гляджу на ўжо ўзведзеныя будынкі, ведаючы, што гэта прыгажосць зроблена і маімі рукамі, – усміхаецца Тамара Іванаўна.

Работа адбірае ў жанчыны вельмі шмат часу, і яго не хапае на актыўныя прагулкі і сустрэчы з сяброўкамі. Але Тамара Іванаўна, здаецца, не засмучаецца. Як прызнаецца, вельмі любіць разгадваць крыжаванкі і чытаць. Выпісвае шмат газет і часопісаў. Любіць на зямлі працаваць, яе агарод – люстэрка стараннасці і добрасумленнасці гаспадыні. На яго не шкадуе ні сіл, ні часу.

Але больш за ўсё жанчыне падабаюцца кветкі. Хатнія фіялкі. Гэтых ціхіх і пяшчотных, як і сама жанчына, кветачак у кватэры вялікая колькасць. Тамара Іванаўна даглядае іх, як сваіх дзяцей.

Звычайная жанчына са звычайнымі жаданнямі. І светлай душой. Побач з ёй не зважаеш на час. Побач з ёй становіцца лёгка і ўтульна. Мне здаецца, такія рысы мы павінны пераймаць у людзей старэйшага пакалення.

– У такі дзень мне б хацелася пажадаць людзям здароўя і поспехаў. Ніколі не трэба сумаваць, мы павінны верыць у свае сілы, у тое, што ўсё заўсёды атрымаецца, што і будучае нас чакае светлае і цікавае, – сказала мне на развітанне Тамара Іванаўна.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.