Прыгажосці можна навучыцца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1 кастрычніка – Міжнародны дзень музыкі

У Гарадзейскую школу мастацтваў мяне прывяла любоў да “вечнага і велічнага”. Я некалькі гадоў наведвала мастацкі клас. А цяпер, будучы студэнткай, прыйшла, каб напісаць пра школу артыкул. Будынак сустрэў меладычнымі акордамі фартэпіяна. Здавалася, што я апынулася ў казачнай краіне музыкі. Дырэктар школы Іван Іванавіч Буглай лагодна ўсміхнуўся, вітаючы мяне. Жвава пацякла гаворка.

Ужо колькі год дзеці з вялікай ахвотай паступаюць у музычную школу і вучацца ў ёй. Зараз налічваецца каля ста навучэнцаў – гэта і яшчэ зусім няўмелыя пачаткоўцы, і ўжо амаль дарослыя школьнікі старэйшых класаў. Працуюць класы баяна-акардэона, фартэпіяна, цымбалаў, гітары, духавых інструментаў. Найбольшая ўвага надаецца духавому аркестру, кіраўніком якога з”яўляецца Іван Мікалаевіч Галяновіч. Аркестр мае званне “ўзорны”, ён суправаджае ўсе ўрачыстыя вечары, мітынгі і, што самае галоўнае, з”яўляецца ўдзельнікам штогадовага абласнога марш-параду “Майскі вальс”, мае шматлікія дыпломы.

Акрамя музычных, у школе дзейнічаюць мастацкі і харэаграфічны класы. Малюнкі юных навучэнцаў выстаўляліся на раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах. Выступленні вучняў харэаграфічнага класа можна назіраць на розных раённых мерапрыемствах.

Штогод школа арганізоўвае “Тыдзень музыкі” – паказальныя выступленні ў навучальных установах пасёлка. Вучні заўсёды з задавальненнем удзельнічаюць у аглядах мастацкай самадзейнасці, у разнастайных канцэртах.

Як адзначыў Іван Іванавіч, нейкага аднаго метаду выкладання няма. І гэта не дзіўна, таму што кожны вучань патрабуе свайго падыходу. Заняткі вядуцца індывідуальна. “Некаторыя дзеці з першых гадзін дэманструюць нядрэнныя здольнасці, а іншым патрэбен час, каб асвоіцца, раскрыцца, – паведаміў Іван Іванавіч. – І мы намагаемся ім у гэтым дапамагчы”. У школе вучацца дзеці не толькі з Гарадзеі, але і з блізкіх вёсак: Лысіцы, Ужанкі, Маляўшчыны. І дырэкцыя стараецца кожнаму пада-браць зручны расклад заняткаў.

Школе мастацтваў ёсць чым ганарыцца. Многія яе выпускнікі працягнулі сваё навучанне ў вышэйшых музычных установах, сталі прафесійнымі музыкантамі. Сярод іх і выкладчыкі музыкі, і нават салісты ўзорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Беларусі. Напрыклад, у самой школе выкладае па класе фартэпіяна яе былая выпускніца А. Ткачэнка. У аркестры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь іграюць А. Юхнэль і Д. Завясніцкі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.