Працавітая

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Жыхарка вёскі Затур”я Леаніда Аляксееўна Хвіцько стала сёлета пераможцай раённага конкурсу “Лепшы падворак” у намінацыі “Кветкавае багацце”. На сцэне раённага Цэнтра культуры і адпачынку атрымала падарунак ад арганізатараў конкурсу – упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Сапраўды, ад ранняй вясны, з пачаткам цвіцення жоўтых нарцысаў, да позняй восені, калі агародчык упрыгожваюць белыя, жоўтыя, ружовыя, бэзавыя хрызантэмы, яе дом “патанае” ў кветках. Асабліва яркі малюнак тут летам. За нарцысамі пачынаюць чырванець цюльпаны. Дораць водар крэмавыя, ружовыя і вішнёвыя півоні. Пазней заяўляюць пра сябе ружы, эшольцыя, аксаміткі, флоксы, званочкі, гваздзіка турэцкая, гартэнзія, астры, гладыёлусы, вяргіні.

– Асабліва мне падабаюцца лілеі. Іх болей за 20 кустоў, – усміхаецца Леа-ніда Аляксееўна. – Колеры – самыя розныя, ад белага да бардовага. Займець такое багацце дапамагалі то сын, прывозячы цыбулінкі з іншых мясцін, то нявестка, рассаджваючы ўласныя “зараснікі”.

Цыбуліны гладыёлусаў раней, калі бывала ў Мінску, Леаніда Аляксееўна заўсёды купляла на Камароўскім рынку. Хацелася мець нешта новае, незвычайнае.

Летась пасадзіла касачы. Чакае, што будучай вясной яны зацвітуць.

Вырошчвае і аднагадовыя кветкі. Сальвію, пятунію розных колераў высявае ў хаце. Расаду пікіруе, а потым высаджвае ў адкрыты грунт, паміж шматгадовымі раслінамі. Таму і нагадвае яе немаленькі агародчык прыгожы, прывабны дыван. Кветкавы.

Каб кветкі былі сапраўдным упрыгажэннем сядзібы, іх трэба з любоўю да-глядаць, мнагалетнікі – рассаджваць. Кусцікамі, цыбулінамі гаспадыня дзеліцца з суседзямі, аднавяскоўцамі. Лілея, напрыклад, перакачавала праз дарогу – да Зінаіды Пятроўны Русак. Цюльпаны – праз суседні плот, да Янцэвічаў: Алена Паўлаўна і Іван Аляксандравіч таксама аматары кветак і ў 2008 годзе былі прызёрамі аналагічнага раённага конкурсу. Захапляецца ружамі і дачка Таццяна, якая з сям”ёй жыве ў Лані.

… Чырвоная рабіна ля веснічак, рознакаляровыя хрызантэмы ля плоту. Цяпер, у лістападзе, гэта – адзіная кветка, якая ўпрыгожвае сядзібу. Астатнія зрэзаны, прыкрыты галінкамі, лісцем, зямлёй – падрыхтаваны да зімоўкі.

Прыгожа выглядае ашаляваная, пафарбаваная ў жоўты колер хата з блакітнымі вугламі, з бялюткімі пластыкавымі вокнамі. У глыбіні двара – акуратны калодзеж, далей – такі ж акуратны, з пафарбаванымі дзвярыма хлевушок. Каля яго, на гаспадарчым двары, брэхам сустракае чужога сабака. Чысцюткай сцежкай іду да ганка. Адзначаю: куры тут не гуляюць. Яны – побач, за плотам, пад дрэўцамі маладога саду.

Такая ж чысціня і парадак у хаце. І яшчэ – шмат вазонаў.

Адной любві да раслін мала, трэба быць такой працавітай, як Леаніда Хвіцько, каб ствараць прыгажосць вакол сябе. А яе, працавітасці, маёй субяседніцы не пазычаць. Яна рана спазнала сялянскую справу. Адразу пасля заканчэння сямігодкі пайшла ў мясцовы калгас “Слава” на палявыя работы. Палола лён, кукурузу, жала збожжавыя. А восенню, у 16 гадоў, засталася на Затур”янскай малочнатаварнай ферме. Што такое прафесія даяркі ў 60-я гады мінулага стагоддзя, людзі старэйшага ўзросту ведаюць: усё рабілі ўручную – даілі кароў, насілі вёдрамі малако, насілі корм – буракі, жамерыны, сечку.

10 гадоў аддала Леаніда гэтай справе. І яшчэ 25 – рабоце на мясцовай свінаферме. Тут цяжкасці былі тыя ж. Але жанчына спраўлялася. Працаваць усюды трэба, а тут заробак неблагі, грошы лішнімі не былі – яны з мужам гадавалі траіх дзяцей. Ды й паважалі яе за такую самаадданасць. У 1975 годзе Леаніду Аляксееўну ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені.

Ішлі гады. Дзеці выраслі, разляцеліся, стварылі свае сем”і, звілі свае гнёзды. Рана пайшоў з жыцця муж Канстанцін Адамавіч, затым пахавала свякроў, з якой жылі разам. Засталася адна, але дзеці і ўнукі (а іх – сямёра хлопцаў) часта наведваюць маму і бабулю, дапамагаюць ёй.

– Ваш агародчык перад хатай такі вялікі. Не шкада зямлю пад кветкі аддаваць? – спытала я, агледзеўшы падворак.

– Спрабавала вырошчваць і моркву, і буракі. Не радзілі. Глеба тут – не для гародніны. Некалі, у 45-м, хату будавалі свякроў з маці сваёй і двума сынамі, лю-дзей чужых наймалі, бо свёкар з вайны не вярнуўся. Пяску, каб адсыпаць будынак, не было, для гэтага знялі ўвесь верхні грунт навокал яго, перакінулі рыдлёўкамі праз фундамент. Застаўся ніжні, неўрадлівы пласт. Калі я прыйшла сюды замуж, вазілі з Косцем, насілі ў агародчык зямлю. Хадзіла на поплаў, збірала яе з кратавін. Але, мусіць, тое, што было з самага пачатку, узнавіць не ўдалося. Вось і пачалі садзіць многа кветак. Муж мой іх таксама любіў. І яны растуць, цвітуць на радасць. Ствараюць добры настрой.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.