Шлях у паўвека

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

“Сядзець за камп”ютарам і націскаць на кнопкі – толькі адна сотая працэнта ад нашай работы”, – сказаў у сваім прывітальным слове да калектыву Нясвіжскага УМГ яго начальнік С.М. Лапін на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 50-годдзю ААТ “Белтрансгаз”, што праходзіла на мінулым тыдні ў РЦКіА.

Сапраўды, блакітнае паліва не цячэ па трубах само па сабе. Для гэтага патрэбна, перш за ўсё, цяжкая работа на трасе, дзе б яна ні пралягала – у балоце ці ў гарах, як можна далей ад жылля і добрых дарог. “У любых умовах мы абавязаны забяспечыць бесперабойную падачу газу”, – падкрэсліў у сваім выступленні Сяргей Міхайлавіч. Ён выказаў шчырую ўдзячнасць усім працаўнікам Нясвіжскага ўпраўлення, якія дастойна прадстаўляюць свой калектыў сярод структурных падраздзяленняў ААТ “Белтрансгаз”, і пажадаў ім і надалей не здаваць высокіх пазіцый, быць заўсёды са шчасцем, здароўем і поспехам у справах.

З прыемнай місіяй віншавання і ўручэння ўзнагарод ад галаўнога прадпрыемства перад удзельнікамі свята выступіла галоўны бухгалтар ААТ “Белтрансгаз” Л.М. Кушнер. Яна нагадала, што гісторыя беларускіх магістральных газаправодаў вядзе свой адлік з 25 кастрычніка 1960 года, калі галоўным упраўленнем газавай прамысловасці СССР быў падпісаны загад аб стварэнні Мінскага лінейнага ўпраўлення магістральных газаправодаў.

За гэтыя 50 гадоў, прайшоўшы нялёгкі шлях станаўлення, будаўніцтва новых аб”ектаў і мадэрнізацыі па патрабаваннях часу, Белтрансгаз стаў буйным развітым прадпрыемствам з магутнай газатранспартнай сістэмай. І Нясвіжскае УМГ, як адзначыла Ларыса Мікалаеўна, можа ганарыцца тым, што першая кампрэсарная станцыя міжкантынентальнага газаправода “Ямал-Еўропа” была пабудавана менавіта на Нясвіжчыне. Аднак, якой складанай і дарагой ні была б тэхніка, галоўнае багацце прадпрыемства – гэта яго людзі. Людзі самаадданыя, надзвычай адказныя, ад якіх у многім залежыць бесперабойная і бяспечная работа народнагаспадарчага комплексу ўсёй рэспублікі. Л.М. Кушнер перадала калектыву Нясвіжскага УМГ ад імя генеральнага дырэктара, усёй дырэкцыі ААТ “Белтрансгаз” і ад сябе асабіста віншаванні і найлепшыя пажаданні з нагоды 50-годдзя ўтварэння галаўной арганізацыі, а таксама ўручыла ўзнагароды ад кіраўніцтва.

Так, за шматгадовую добрасумленную працу і прафесійнае майстэрства, асабісты ўклад у забеспячэнне надзейнай работы газатранспартнай сістэмы Рэспублікі Беларусь званне “Заслужаны работнік ААТ “Белтрансгаз” было прысвоена электраманцёру дыспетчарскага абсталявання і тэлеаўтаматыкі службы АСКА і ТМ М.І. Новіку, начальніку змены вытворча-дыспетчарскай службы В.У. Пракаповічу і інжынеру па электрахімабароне лінейна-эксплуатацыйнай службы А.М. Шумейку. Званне “Ветэран працы ААТ “Белтрансгаз” было прысвоена слесару па рамонце і эксплуатацыі газавага абсталявання лінейна-эксплуатацыйнай службы У.М. Баранчуку, электраманцёру па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання службы электраводазабеспячэння М.А. Карпачу, машыністу кампрэсарных установак АГНКС г. Баранавічы В.Г. Падамацкаму.

Ганаровыя граматы ААТ “Белтрансгаз” атрымалі напаўняльнік балонаў АГНКС г. Нясвіжа У.Ю. Яфімаў, інжынер-тэхнолаг газакампрэсарнай службы Л.А. Касіловіч, інжынер па ахове навакольнага асяроддзя Н.А. Лаўрынчык, а падзякі – вадзіцель аўтамабіля аўтатранспартнага цэха Г.Ч. Ванагель, машыніст тэхналагічных кампрэсараў газакампрэсарнай службы Л.П. Ігнатчык, дыспетчар вытворча-дыспетчар-скай службы А.І. Шыманскі.

Л.М. Кушнер таксама ўручыла працоўнаму калектыву Нясвіжскага УМГ падарунак ад кіраўніцтва Белтрансгаза – тэлевізар.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў удзельнікаў святочнага мерапрыемства з паўвекавым юбілеем утварэння галаўнога прадпрыемства павіншаваў старшыня райвыканкама І.І. Крупко. Ён заўважыў, што 32 гады існавання нашага УМГ – гэта час хоць і невялікі па гістарычных мерках, але значны па колькасці спраў і працоўных здзяйсненняў, якімі ён быў напоўнены. Сёння Нясвіжскае УМГ – адна з самых важкіх у эканамічным плане арганізацый, якая ўносіць дастойны ўклад у вытворчы патэнцыял і сацыяльнае развіццё нашага раёна. “Мы, – сказаў кіраўнік мясцовай улады, звяртаючыся да прысутных у зале, – сёння нароўні з вамі ганарымся вашым калектывам, тым, што ў ім працуюць адукаваныя, працавітыя людзі, якія валодаюць спецыяльнай падрыхтоўкай і паспяхова забяспечваюць пастаўку і транспарціроўку прыроднага газу па тэрыторыі нашай краіны і ў краіны Еўропы, тым самым падтрымліваючы добры імідж Беларусі ў міжнароднай супольнасці.

І.І. Крупко адзначыў, што працаваць у Нясвіжскім УМГ па-ранейшым прэстыжна, і што наяўнасць конкурсу на рабочыя спецыяльнасці – гэта добры знак, прыкмета таго, што ў арганізацыі ёсць будучыня. А яна, як вядома, не існуе без мінулага. Таму кіраўнік раённай улады з удзячнасцю ўзгадаў тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння Нясвіжскага УМГ. Гэта першы кіраўнік упраўлення В.В. Глушчук і І.В. Піменаў, які прыйшоў яму на змену, ардэнаносцы прадпрыемства І.У. Ратомскі, Г.Ч. Ванагель, А.А. Губар, ветэраны працы Ф.Д. Страшко, П.К. Саковіч, В.М. Пузакоў і многія ішныя.

І.І. Крупко ўручыў таксама Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта слесару КВП і А службы АСКА і ТМ Дз.А. Вашчанку і трактарысту аўтатранспартнага цэха Л.Л. Букоўскаму. Падзяку райвыканкама атрымаў вадзіцель аварыйна-аднаўленчага поезда А.Р. Стрыеўскі.

Многія работнікі Нясвіжскага УМГ падчас урачыстага мерапрыемства былі таксама адзначаны Ганаровымі граматамі і падзякамі сваёй арганізацыі. А электрагазазваршчык аварыйна-аднаўленчага поезда М.М. Богуш быў удастоены Ганаровай граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якую атрымаў у пятніцу ў Мінску, на ўрачыстым мерапрыемстве ў Белтрансгазе.

Прывітальны адрас ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” калектыву Нясвіжскага УМГ перадаў дырэктар камбіната, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М.В. Крыштаповіч. Ён зазначыў, што цукравараў і газавікоў аб”ядноўваюць даўнія сяброўскія сувязі, і што гэтыя прадпрыемствы калі дзе і сапернічаюць, то толькі на футбольным полі, падчас гульняў паміж камандамі “Белтрансгаз” і “Гарадзея”.

У пацвярджэнне сваіх добрых слоў М.В. Крыштаповіч уручыў калектыву ўпраўлення ад калектыву цукровага камбіната каштоўны падарунак – сучасны ноутбук.

Вельмі шчырыя і сардэчныя словы віншавання з нагоды 50-годдзя ўтварэння ААТ “Белтрансгаз” адрасавала сваім былым калегам па працы старшыня Савета ветэранаў Нясвіжскага БМГ Г.І. Камёнка. Яна зазначыла, што лепшыя гады жыцця старажылы вытворчасці аддалі рабоце па пастаўцы газу людзям. Зараз гэта 41 чалавек з Нясвіжскага УМГ і 16 – з Баранавіцкага БМУ.

Так, больш за 30 гадоў, або практычна са дня заснавання, ва ўпраўленні адпрацавалі А.І. Ганчар, В.І. Канішчаў, Г.А. Лукашэвіч; 20 і больш гадоў – Ф.Д. Страшко, І.І. Арочка, Э.П. Скуратовіч, Н.С. Пракапчук, М.М. Ухваронак і многія іншыя.

Ад імя ўсіх ветэранаў Галіна Іванаўна выказала вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву і прафсаюзнаму камітэту ўпраўлення за клопат і ўвагу да пенсіянераў, за тое, што яны не толькі мелі ў свой час прэстыжную працу, але і зараз, на заслужаным адпачынку, маюць многія сацыяльныя льготы і права на матэрыяльную дапамогу. А ўсё гэта, разам з чулымі адносінамі да просьб і пажаданняў пажылых людзей, азначае вельмі шмат.

Увогуле, нельга было не заўважыць, што прадпрыемства з нагоды свайго юбілею не пакінула без увагі нікога – ад пенсіянераў да маладых маці, што знаходзяцца ў водпусках па догляду за дзецьмі. Для ўсіх знайшліся і матэрыяльная падтрымка, і добрае слова.

Мноства кветак і ўзнагарод, падарункі і душэўныя словы выступоўцаў, памножаныя на выдатныя канцэртныя выступленні лепшых артыстаў раёна, стварылі ў зале цудоўную, цёплую атмасферу. Ды, напэўна, інакш і не магло быць на свяце тых, хто дае цяпло і энергію для ўсёй нашай краіны і далёка за яе межы.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.