Сваімі рукамі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

З добрымі вынікамі сустрэлі прафе-сійнае свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК – працаўнікі СВК “Лань-Нясвіж”. Аб гэтым будзе расказана ніжэй. А ў самой гаспадарцы да гэтага ставяцца так:

– Папрацавалі нядрэнна, хаця маглі б і лепш. Па ўраджайнасці мы ў раёне далёка не першыя, – расказвае старшыня сельгаспрадпрыемства Генадзь Салавей, называючы, на яго погляд, больш годныя адрасы. А потым дадае:

– А ўвогуле, усе мы робім звычайную сялянскую справу, нялёгкую, хоць і вельмі ганаровую, як нярэдка кажуць пра яе. І сапраўды ганаровую: будзе хлеб, будзе ўдосталь іншай сельскагаспадарчай прадукцыі – будзе ў працаўнікоў і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

– Галоўная мэта раслінаводчай галіны нашай гаспадаркі, – працягвае гутарку Генадзь Міхайлавіч, – забеспячэнне жывёлагадоўлі паўнацэннымі высакаякаснымі кармамі, вытворчасць малака і мяса – асноўны накірунак дзейнасці нашых працаўнікоў. Сёлета было пасеяна збожжа на плошчы 2300 гектараў: пад азімыя – 1379 га: пшаніца – 568, трыцікале – 811; яравыя – 921 га: пшаніца – 30, ячмень – 796 , авёс – 50, гарох – 45. Усё было зроблена, каб атрымаць максімальны ўраджай: правялі своечасовую сяўбу ўсіх азімых і яравых, унеслі дастатковую колькасць мінеральных угнаенняў – з разліку 430-450 кг дз.р. на гектар, а яшчэ з восені ўнеслі каля 9 тысяч тон арганічных угнаенняў. У выніку атрымалі ўраджайнасць 50,4 ц/га. Летась была 63,4 ц/га. Таму ў гэтым годзе добра адчулі, што здольныя на лепшы вынік. Уважліва прааналізавалі работу, вызначылі недахопы, праблемы і засяродзіліся на іх вызначэнні на будучы год.

Цукровыя буракі – наступная стратэгічная культура гаспадаркі, прычым за кошт іх яна толькі зарабляе – прадае Гарадзейскаму цукроваму камбінату. У гэтым годзе накапалі 20 тысяч тон караняплодаў з ураджайнасцю 425 ц/га. Даведзена заданне здаць на камбінат 19600 тон, на 25 лістапада здалі – 17480 тон. Ураджай нядрэнны. Тут адыгралі сваю ролю належная падрыхтоўка палёў пад пасевы, своечасовае і дакладнае захаванне ўсіх аграпрыёмаў, элітнае насенне.

Для сваёй жывёлы на зімова-стойлавы перыяд нарыхтавалі 5513 тон сенажу і 9500 тон сіласу. Прычым сілас, у асноўным, кукурузны, а гэта значыць – болей каштоўны. Кукуруза пасеяна ў гэтым годзе была на 372 гектарах на зялёны корм, 407 – на зерне. Пасевы гэтай культуры плануем на будучае павялічваць з улікам уводу ў дзейнасць біягазавай устаноўкі. Увогуле, па краіне будзе пабудавана 10 такіх установак. У Нясвіжскім раёне наша гаспадарка ды СВК “Агракамбінат Сноў” першымі заключылі дагаворы аб іх будаў-ніцве са стопрацэнтным нямецкім капіталам. Мы прадастаўляем немцам зямлю, прадаём па сярэдніх цэнах вадкі і цвёрды гной, адходы кукурузы, зерня. Пасля выпрацоўваецца біягаз, які круціць турбіну. Атрымліваецца цепла- і электраэнергія. На сённяшні дзень завяршаецца будаўніцтва метантанкаў і плануецца прыступіць да пракладкі сетак. А пасля – да завозу тэхналагічнага абсталявання з Германіі. Для нас галоўнае – адаптаваць праект да ўмоў Беларусі. А потым будзе працавацца і лягчэй, і эфектыўней. Акупіцца ўстаноўка, па прагнозах немцаў, за 6-7 гадоў работы.

Што нам дасць яна – гэта танную цепла- і электраэнергію. Плануем атрымліваць цеплаэнергію ў памеры 1,7 Мвт, што дазволіць сэканоміць на спажыванні прыроднага газу. У рамках выканання Дырэктывы Прэзідэнта № 3 у нас падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю кацельні. Там заменім катлы ДКВ-63 на сучасныя, айчыннай вытворчасці. Таксама падрыхтавана дакументацыя на рэканструкцыю топачнай, што знізіць спажыванне цеплаэнергіі па адміністрацыйным будынку. Калі працягваць размову на тэму рэканструкцыі і будаўніцтва па гаспадарцы, не магу не закрануць вырашэння гэтых пытанняў па сельскагаспадарчых будынках.

Рэканструем вытворчыя памяшканні для дарошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы на 300 галоў, таксама рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю МТФ “Лань” на 300 галоў дойнага статку. На будучы год запланавана будаўніцтва новай малочнатаварнай фермы “Міцькавічы” на 600 галоў, дзе прадугледжаны самыя сучасныя метады і тэхналогіі догляду жывёлы, што, адпаведна, гарантуе больш высокія надоі.

Што тычыцца свінакомплекса, ідзе рэканструкцыя цэхаў дарошчвання і падсосных свінаматак. У ходзе рэканструкцыі тры сектары апошніх павялічылі прадуктыўнасць кожнага на 20 %. Сёння комплекс выйшаў на сваю праектную магутнасць – больш 27 тысяч галоў адкорму ў год, а памяшканне, у якім была б магчымасць размясціць большае пагалоўе (1800 галоў стаяць на шведскім стале), адсутнічае. Таму прыступілі да будаўніцтва новага свінарніка на 4 тысячы галоў. Зманціравалі памяшканне, закупілі ў Галандыі абсталяванне і ў наступным годзе прыступім да мантажу. Новыя тэхналогіі кармлення і ўтрымання дазволяць павялічыць валавую вытворчасць мяса свініны на 20 %.

Дадам, што ў гэтым годзе на тэрыторыі комплекса пабудавалі сучаснае збожжасховішча на 6 тысяч тон, што дало магчымасць зэканоміць на перавозках.

У СВК “Лань-Нясвіж”, у дзень наведвання карэспандэнтамі “НН” гаспадаркі, віншавалі яе працаўнікоў з прафесійным святам. Скамплектаваныя падарункі ўручалі на рабочых месцах, а ветэранам працы – на даму старшыня прафсаюзнага камітэта Г.С. Салавей і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Такія падарункі прынята ўручаць і да навагодняга свята. Сёй-той з гараджан, чытаючы пра гэта, падумае: “Вось дык жыццё”. Ды як тут сказаць. Праца ў вяскоўцаў вядома якая – напружаная. А, напэўна, мала хто з іх пагадзіўся б змяніць гэта жыццё на гарадское. Год ад году прыгажэюць, становяцца больш добраўпарадкаванымі вёскі, якія размешчаны на тэрыторыі гаспадаркі. Падчас нашага візіту завяршаліся падрыхтоўчыя работы да адкрыцця новай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, яна расчыніла свае дзверы для наведвальнікаў у сераду, 24 лістапада. Будуецца жыллё. У гэтым годзе здадзена ў карыстанне пяць індывідуальных дамоў з усімі праведзенымі сеткамі і астатнімі зручнасцямі. Таксама, як зазначыў старшыня гаспадаркі, на тэрыторыі аграгарадка размешчаны ўсе неабходныя аб”екты сацыяльна-культурнага прызначэння. На будучы год будуць уведзены яшчэ тры дамы. І, па сутнасці, устрайваюць гэта жыццё працаўнікі сельгасвытворчага кааператыву сваімі ж рукамі, сваёй працай. І няхай у іх усё атрымаецца.

Вытворчасць малака ў СВК “Лань-Нясвіж” за 10 месяцаў бягучага года склала 4613 тон, надой на карову – 5069 кг. Атрымана прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы 309 тон. Атрымана прадукцыі вырошчвання свіней 2448 тон (або + 106 т да аналагічнага перыяду мінулага года). Прададзена мяса дзяржаве 2439 тон.

 

На фота: Механізатар  Генадзь Яўгенавіч Карпач; са святочным канцэртам да даярак і жывёлаводаў МТФ в. Міцькавічы прыехалі работнікі Ланскага і Міцькавіцкага СДК

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.