З гісторыі пошты

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У даўнія часы пошты ў яе сучасным разуменні на Беларусі і ў суседскіх краінах не існавала. Не было тады і спецыяльных устаноў для дастаўкі карэспандэнцыі і правядзення паштовых аперацый. Паштовая сувязь была спачатку недасканалай і нерэгулярнай. У 14-15 стагоддзях вялікія і ўдзельныя князі Вялікага Княства Літоўскага (у яго склад уваходзіла і тэрыторыя Нясвіжчыны) трымалі для перасылкі ўказаў, дэпеш, распараджэнняў так званых ганцоў (пасланцоў, нарачных), якія іх дастаўлялі на конях ці пешшу.

З развіццём эканомікі і культуры ўзнікла патрэба ў рэгулярнай паштовай сувязі. З цягам часу пачалі стварацца для дастаўкі пошты і правядзення паштовых аперацый спецыяльныя ўстановы. На Беларусі яны ўзніклі ў другой палове 16 стагоддзя. Паступова гэты від сувязі ўдасканальваўся, набываў рэгулярны характар.

У другой палавіне 19 — пачатку 20 стагоддзя, як і раней, асноўным сродкам перавозкі пошты з»яўляўся конны транспарт. Паводле афіцыйнай кнігі «Обзор Минской губернии за 1881 год» у губерні (у яе склад уваходзіла і Нясвіжчына) працавала 71 конная паштовая станцыя (у тым ліку 65 казённых і 6 земскіх). На казённых станцыях налічваўся 541 конь. На ўтрыманне казённых конных станцый з дзяржаўнай казны было выдаткавана ў 1891 годзе 90516 рублёў таго часу.

З узнікненнем і развіццём чыгуначнага транспарту пошту сталі дастаўляць і па чыгунцы — у спецыяльных паштовых вагонах. У сувязі з гэтым значэнне конных паштовых станцый знізілася, іх колькасць значна паменшылася. Згодна з «Обзором Минской губернии за 1900 год», на яе тэрыторыі налічвалася толькі 25 казённых конных паштовых станцый з камплектам 176 коней і 12 земскіх станцый.

Сетка іншых паштовых устаноў у Мінскай губерні была тады таксама негустой. Так, напрыклад, у 1902 годзе тут існавала толькі 18 паштова-тэлеграфных кантор, 40 паштова-тэлеграфных і 33 паштовых аддзяленні.

У 2-й палавіне 19 — пачатку 20 стагоддзя на Нясвіжчыне таксама было небагата ўстаноў паштовай сувязі. Тут працавалі 2 паштовыя казённыя конныя станцыі на паштовым тракце Клецк-Нясвіж-Мір-Навагрудак: Нясвіжская і Гарадзейская.

У горадзе дзейнічала паштовая кантора, якая ў 1888 годзе была ўзведзена ў паштова-тэлеграфную кантору 6 класа. У розныя гады начальнікамі Нясвіжскай паштова-тэлеграфнай канторы працавалі Ігнацій Карзюк-Залескі, Рыгор Масквічоў, Іван Петрусевіч (1908-1917 гады).

У апошняй чвэрці 19 стагоддзя было заснавана Гарадзейскае паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Яго начальнікам быў Васілій Смірноў. У канцы 19 стагоддзя (не пазней 1898 года) Гарадзейскае паштова-тэлеграфнае аддзяленне было пераўтворана ў паштова-тэлеграфную кантору 6-га класа. У розныя гады начальнікамі Гарадзейскай паштова-тэлеграфнай канторы служылі: Васілій Смірноў (першы), Васілій Фёдараў, Анатолій Захараў, Аляксандр Арлоў.

У канцы 19 стагоддзя (не пазней 1892 года) было створана Пагарэльцаўскае паштовае аддзяленне. У 1913 годзе яно было пераўтворана ў паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Началь-нікамі Пагарэльцаўскага аддзялення сувязі ў розныя гады працавалі: Мікалай Антановіч, Мікалай Якубовіч, Лявонцій Жакун, Іван Корхаў (1910-1915 гады), Пётр Гладкі (1917 год).

У 1913 годзе было адкрыта Сноўскае паштовае аддзяленне, якое ў гэтым жа годзе пераўтварылі ў паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Начальнікам Сноўскага аддзялення сувязі служыў Арсеній Груша. У 1913 годзе пры Сноўскім аддзяленні сувязі была створана паштова-тэлеграфная ашчадная каса.

Паштовыя аперацыі выконваліся таксама ў Гарадзейскім, Ланскім і Сноўскім валасных праўленнях.

У цяперашні час да паслуг насельніцтва Нясвіжчыны — раённы вузел паштовай сувязі. Існуе пошта традыцыйная і нетрадыцыйная (электронная). Многія жыхары раёна і цяпер дасылаюць пісьмы традыцыйнай поштай. Мясцовыя жыхары выпісваюць газеты і часопісы, якія своечасова дастаўляюць ім руплівыя і старанныя паштальёны. Не пустуюць паштовыя скрынкі, у тым ліку і дзякуючы газеце «Нясвіжскія навіны», якая карыстаецца папулярнасцю сярод насельніцтва раёна.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.