Іх расстралялі ў Гайках

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ішоў па вуліцы аркестр… Узнёслыя гукі ўрачыстай мелодыі марша разносіліся далёка-далёка па наваколлі. Іх чулі і ў Грускове, і ў Дольным Снове, і можа, нават, у Тарэйках, калі вецер дзьмуў у тым напрамку.

Ішоў па вуліцы аркестр… Ваенны аркестр. А маршыраваць яму даво-дзілася па звычайнай вясковай вуліцы,  хаця і пакрытай па модзе таго часу – брукам, але ўсё роўна была гэта звычайная вуліца звычайнай вёскі Сноў, якіх  ой як многа  ў Заходняй Беларусі… Незвычайным здавалася тое, што побач з вёскай, у былым палацы Рдултоўскіх, размяшчаўся полк уланаў імя Стэфана Баторыя Войска Польскага. А пры ім існавала музычная каманда. I было гэта ў далёкія 30-я гады 20-га стагоддзя.

Удзельнікі аркестра – бравыя салдаты, у асноўным з самой Польшчы, амаль усе са спецыяльнай музычнай адукацыяй. Лёс закінуў іх у гэтыя мясціны. Многія знайшлі тут сваё каханне, ажаніліся на мясцовых дзяўчатах. У сем,ях раслі дзеці.

Аркестр ішоў прыгожа, зладжана. Раз-два! Раз-два! Наперадзе ўзмахваў палачкай дырыжор, і таму іграў аркестр вельмі рытмічна. Ды і як не старацца!  Быў цудоўны святочны дзень, і настрой у музыкантаў быў адпаведны.

Аўтар гэтага тэкста ведае гісторыю фотаздымка са слоў дачкі аднаго з музыкантаў – Ірыны Яўгенаўны Дуброўскай, былога дырэктара Пагарэльцаўскай сярэдняй школы, жыхаркі Снова, заслужанага настаўніка Беларусі,  выдатніка народнай асветы Беларусі. На фотаздымку ёсць і яе бацька, Яўген  Іванавіч Сэляшук. Ён  нарадзіўся ў 1910 г. у Снове.

…Жыццярадасная мелодыя ўзнімала настрой усім навокал. I хлапчукам, якія ва ўсе часы любяць гля-дзець на такія відовішчы, седзячы на плоце. I маладым сноўскім кабетам, што выйшлі на вуліцу па прычыне свята. I старэнькім бабулькам, якія бавяць свой час на лаўках.

Салдаты неслі звычайную вайсковую службу. I не здагадваліся музыканты, што наступіць трагічны 1941 год, а затым – 1942, і што схопяць іх, ні ў чым не павінных, нямецкія акупанты і іх прыслужнікі – паліцаі з мясцовых жыхароў, будуць некалькі месяцаў трымаць у нейкім гумне, а 5 жніўня расстраляюць ва ўрочышчы “Гайкі” разам з іншымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі Нясвіжчыны. I будуць расстраляны, акрамя бацькі Ірыны Яўгенаўны, яе родная цёця Вольга Сідаровіч з мужам Стэфанам Мацковякам і другія знаёмыя людзі:  ксёндз Ян Сахань, Ян Банасюк, Фелікс Рожэк, Ян Збічак, Станіслава  Гусакоўская… Гэтыя  прозвішчы расстраляных снаўчан памятае Ірына Яўгенаўна.

А ў той святочны дзень, пра які мы вялі свой аповед, музыканты не ведалі, што з захаду прыйдзе чорная навала  і што  будуць дзеткі  расці ўжо без іх.

Апантанаму фюрэру  і яго памочнікам трэба было рэалізаваць свае амбіцыі, усё роўна якімі метадамі. Нават самымі жорсткімі…


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.