Прызнанне ў любові

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Я люблю цябе, мой горад, мой старажытны і малады Нясвіж. Гэта вялікае шчасце, калі ёсць  на зямлі месца, якое туліць да сябе, закрывае  сваім крылом спакою і робіць мацнейшаю. Шукаю і знаходжу нейкі  патаемны сэнс у назве  майго горада — з усё новымі і новымі думкамі  і адценнямі; чую ціхамернае цурчанне вады ў  азёрах-люстэрках; слухаючы ваяўнічы поступ вякоў, зазіраю ў будучае, веру ў светласць і шчырасць маіх летуценняў.

Ганаруся табою, мой Нясвіж! Старадаўнія муры твае,  вусцішныя перавулачкі і вулачкі, мемарыяльныя надпісы нагадваюць пра тваё слаўнае мінулае: чую выбухі гармат са сценаў замка, бачу, як спяшаецца, прытрымліваючы мантыю, у заснаваную ім друкарню Сымон Будны; прыслухоўваюся  да чароўнай, дзівоснай  мелодыі «Авэ Марыя», што льецца з вуснаў мясцовай манашкі ў фарным касцёле. Паўстае перад  вачыма пяшчотная і сумная Марыся, льюцца  яе слёзы па заглубленым, няшчасным каханні. Засланяе ад ліха горад Божая Маці, абраз  якой знаходзіўся ў адным з пакойчыкаў Слуцкай брамы. Успамінаецца легенда пра  архітэктара і мастака Яна Бернардоні, які  працаваў з Мікеланджэла, прывёз ідэі Адраджэння на землі славян, і якога, па легендзе, асляпілі  магнаты, каб ён ніколі  не мог стварыць прыгажэйшага за фарны касцёл у Нясвіжы. Верыцца ў тое, што славуты Рэмбрандт  усё ж такі прыязджаў у Нясвіж і ўдзельнічаў у фарміраванні  славутай карціннай галерэі Радзівілаў. Мроіцца Чорная дама ў замкавых  скляпеннях. Ажываюць  таямніцы нясвіжскіх саркафагаў.

Майму гораду наканавана  годная будучыня. Горад, які выстаяў перад стыхіяй  разбурэнняў, збярог, быццам чароўнае святло, большую частку сваёй дасканаласці, заслужыў у нашчадкаў  пашану і гонар.

Горад-парк  прычакаў сваёй вясны. Тут створаны  нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», мяркуецца зрабіць «маленькі Парыж» цэнтрам айчыннага  турызму.

Хутка горад-парк адзначыць чарговае свята свайго  нараджэння. Праз  дванаццаць гадоў майму гораду споўніцца васямсот.

У гарадоў, як і ў людзей, ёсць свае лёсы і душы. Нягледзячы на нягоды і ліхалецці, Нясвіж захаваў у сваёй душы  чысціню і высакароднасць. Ён здольны вылечыць ад  жыццёвай мітусні і прымусіць  падумаць пра вечнае, успомніць, хто мы, адкуль і куды ідзём. Светлых табе шляхоў, мой Нясвіж!


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.