«Вера ў лепшае не пакідала ніколі”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Дзяцінства,  апаленае вайной.  Менавіта ў маленстве такое  гаротнае жыццё напаткала Рыгора Кірэева. Сям»я жыла на Смаленшчыне, дзе, як вядома,  ішлі жорсткія баі. Іх вёсачка з незвычайнай назвай  Занозная стаяла  недалёка ад чыгуначнай  станцыі. Дзень і ноч чуліся выбухі бомбаў, снарадаў і кулямётныя стрэлы. У сям»і Кірэевых панавалі трывога і  неспакой. Бацька пайшоў на фронт. Маці  засталася з трыма дзецьмі. Самаму малодшаму — Рыгорку — было шэсць гадоў, брату Жэньку — дванаццаць, сястры Ганначцы — сямнаццаць.

Аднойчы вёску акружылі немцы, людзей сагналі ў натоўп, а потым запхнулі ў вялізныя грузавікі і пад аховай салдат  павезлі ў невядомым  накірунку. Усе  думалі, што іх шлях — у Германію. Было сакавіцкае разводдзе. Калона спынілася ў невялікім гарадку, начавалі ў цэркаўцы, дзе было вельмі холадна, сыра.  Рыгорка туліўся  да маці і ўсё пытаў: «Што з намі будзе?» Раніцой ізноў — у шлях. Прыехалі ў горад Крычаў Магілёўскай вобласці. Там  размеркавалі ў паўгнілыя баракі. Жылося вельмі цяжка. Сястру Ганначку штодня немцы ганялі на працу. Стомленая, галодная, яна ледзь дабіралася ўвечары да барака. Жэнька пачаў вырабляць  сталовыя лыжкі з алюмінію і насіў іх па вёсках, выменьваў на хлеб, бульбу, яйкі. Маці хадзіла па хатах, дапамагала людзям па гаспадарцы, а людзі там былі добразычлівыя, бачылі гора сям»і і не пакідалі яе ў бядзе.

Мясцовыя жыхары падказалі Кірэевым, што можна карыстацца кавалкам зямлі, які знаходзіўся непадалёку ад баракаў.

— О, для нас гэта было  вялікім  шчасцем, — прыгадвае Рыгор. — Мы вясною апрацавалі яго, вырошчвалі там бульбу,  проса, агародніну. Мала-памалу, як кажуць, мацнелі. І ўсё ж цягнула ў родныя  мясціны. І як толькі Магілёўшчыну вызвалілі ад немцаў, мы сабралі ўсё  «дабро» ў клуначкі і рушылі ў сваю вёску. Але там ад яе захавалася  толькі назва. Хаты былі спаленыя, усё зарасло быллём.  Але дзіўна! Наша хата ўцалела. Праўда, немцы перанеслі яе ў лес, зрабілі вялікую  зямлянку, дзе, мусіць, быў нейкі камандны пункт. Вось у гэтай зямлянцы і засяліліся аж дзевяць сем»яў. Праўду кажуць,  што ў цеснаце — не ў крыўдзе. Мы дзялілі  кожны кавалак хлеба,  радаваліся жыццю. Але  неўзабаве атрымалі паведамленне, што наш бацька загінуў  у баях. О, гора, гора…

— А што было далей? —  пытаюся ў Рыгора, бачачы, што яму нялёгка  прыгадваць тыя часы.

— Стварыўся калгас. Па-сутнасці,  на пустым месцы. Уся «эканоміка»  — некалькі  трафейных коней, якія ад дрэннага харчу хутка загінулі. Чым жа засяваць палеткі?

Маці і яшчэ некалькі жанчын хадзілі ў райцэнтр і ў мяшэчках за спінамі прыносілі насенне (за гэта старшыня калгаса даваў ім па 2-3  кілаграмы зерня). Людзі часта запрагаліся ў плуг, аралі, баранавалі.

Ганначка, найбольш дасціпная, нейкім чынам звязалася са сваёй зямлячкай, якая пераехала на Нясвіжчыну. Тая клікала ў пісьме, каб мы таксама ехалі  сюды, бо людзі тут, пісала яна, жывуць лепш.  І мы паехалі. Спыніліся ў вёсцы Сейлавічы. Адна бабулька жыла адзінока,  была вельмі  хворая і згадзілася пусціць  усю сям»ю да сябе ў хату. Ой, добрая была бабулька. Мы ў яе жылі, як у сябе дома. Даглядалі старэнькую, як родную маці. Жэнька з мясцовымі хлопцамі цяслярыў, Ганначка ў наймічках была, я «запісаўся» ў пастушкі. Калгасаў  яшчэ не было. То ў аднаго гаспадара пасвіў каровы, авечкі, то ў другога. Розныя былі людзі. І добрыя, і скнары. У сям»і Пятроўскіх, памятаю, у Фальваркоўцах  мяне лічылі за роднага сына. І кармілі, як сваіх дзяцей, і адзявалі. А былі і такія, хто, меўшы  поўны кубёлак сала, шкадавалі пастушку малюсенькі шматок. Усяго перанёс. Бывала, пагоніш кароў ранічкай — і  да абеду  «кішкі марша граюць». Ніколі не забуду, як халодным асеннім днём  адзін гаспадар  узяў мяне на падмогу  рабіць дах у хаце. Тады я моцна прастудзіўся, «зарабіў» хранічны бранхіт, які і сёння мучыць…

— Як вытрымалі такое жыццё?

— Не было выйсця. Дзеля кавалка хлеба ўсё рабіў. Праўда, тады я ўжо быў  ладным падлеткам і пачынаў многае разумець. І калі аднойчы наш добры знаёмы, зямляк Андрэй Новікаў, які працаваў  у падсобнай гаспадарцы санаторыя «Нясвіж», сказаў, што ён можа  ўладкаваць нашу  сям»ю, то мы, вядома ж, згадзіліся. Далі нам хату, і даволі нядрэнную. Мы змайстравалі з Жэнькам стол, ложак. Купілі парасятка, курэй. Я на конях выконваў  усё нараўне з дарослымі. Жэнька падаўся ў Данбас, на лепшыя заробкі. І нас  хутка з маці туды «перацягнуў». Я там  цяслярыў ля шахтаў, зарабіў грошай, купіў сабе хромавыя  боты, штаны-галіфэ, некалькі сарочак…

— А чаму ж вярнуліся з Данбаса?

— Нам цяжка было «ўпісацца» ў вялікім  горадзе. Падаліся зноў у Нясвіж. Дзякуй таму самаму Новікаву, які пасяліў нас у хаце. Жэнька яшчэ быў у шахтах. Ганначка, на жаль, загінула трагічна. Я адслужыў у арміі, вярнуўся ў Нясвіж.

— А калі ж стварылі сваю сям»ю?

— У падсобную гаспадарку санаторыя ў летні час прыходзіла працаваць з бліжэйшых вёсак нямала моладзі. Была сярод іх высокая, стройная Алена з Сейлавічаў. Прыглянуліся адзін другому.  Пажаніліся мы  ў 1962 годзе. Я неўзабаве пачаў працаваць у Гарадзейскай ПМК-10 цесляром, а жонка — мулярам. Вось так і  «пакацілася» жыццё сямейнае. Выгадавалі дваіх дзяцей, сына і дачку. Яны жывуць асобна. Мы з Аленай на пенсіі, здароўе, як кажуць, кульгае, але жыць трэба. Мы  абмяняліся з сынам  кватэрамі. Я адрамантаваў стары домік, дзе ён жыў (яму ўступіў  сваё жыллё ў будаўнічым доме). Цяпер у нас  садок, нядрэнны агарод. Нярэдка прыгадваю свае пакуты ваенных і пасляваенных гадоў. Шмат было  цяжкасцей, але вера ў лепшую долю ўсё ж ніколі не пакідала. Радуюся, што я прыклаў рукі  на будаўніцтве  цэнтральнай раённай бальніцы, кінатэатра «Салют», шматлікіх  жылых дамоў, розных іншых аб»ектаў. Дваццаць пяць гадоў аддаў цяслярству. Гэта нямала. Заўсёды карыстаўся павагай у калектыве, бо ніколі не баяўся цяжкасцей.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.