“Зрабіце мне зубы…”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Загадчык аддзялення Ю.К. Матусевіч і стаматолаг-артапед В.І. Рацкевіч ставяць дыягназ чарговаму пацыенту

Гэты двухпавярховы домік стаіць крыху воддаль  ад цэнтральнага  корпуса раённай бальніцы. Ён лічыцца  гісторыка-архітэктурным  помнікам, знаходзіцца  пад аховай дзяржавы. Домік, кажуць, належаў  за польскім часам адміністрацыі  лясніцтва.

Цяпер у ім зубапратэзнае  аддзяленне. Вядома ж, пацыенты ідуць  сюды з хваляваннем і трывогай. Бо кожны ведае, што значыць зубная праблема.

У калідоры  маладая жанчына  разглядае сябе у люстэрку, радуецца, жартуе:

— Во, цяпер у мяне прыгожыя «фіксы», чаго добрага, і муж не пазнае…

З кабінета, дзе «гаспадарыць» стаматолаг-артапед Валянцін Іванавіч Рацкевіч, выходзіць сярэдніх гадоў мужчына. Прысеў на стул, уздыхнуў:

— Даўно трэба было сюды ісці. Пабойваўся. Але ж у доктара рукі ўмелыя, усё зрабіў, як трэба. Дзякуй яму. Гэтых пратэзаў, думаю, хопіць надоўга.

Загадчык аддзялення Юрый Карлавіч Матусевіч па спецыяльнасці стаматолаг-артапед. Акрамя сваіх адміністрацыйных функцый, таксама займаецца пратэзаваннем зубоў. Ён расказаў, што ў раёне дзейнічаюць зубалячэбныя кабінеты ў Сноўскай участковай і Гарадзейскай  гарад- ской бальніцах, у вёсках Лань, Аношкі, Астроўкі, Сейлавічы, Лявонавічы, пасёлку Ударным.

У апошнія гады  на дапамогу медыкам  прыйшло больш дасканалае абсталяванне. «Прыжыліся» і метала-керамічныя канструкцыі, што, у сваю чаргу, палепшыла  эстэтычнае афармленне, новыя зубы сталі больш трывалымі. Не выпадкова, мабыць, у  Нясвіж едуць  на пратэзаванне зубоў  многія жыхар Стаўбцоўскага і Капыльскага раёнаў.

У цесным кантакце стаматолгі-артапеды працуюць са сваімі калегамі, якія лечаць зубы, а калі патрэбна, і «вырываюць» іх. Мала хто з пацыентаў не ведае такіх дактароў, як Вольга Віктараўна Качаноўская, Святлана Аляксандраўна Куксёнак, муж і жонка Віктар Вітольдавіч і Ірына Мікалаеўна Чурылы, Ірына Рычардаўна Янчэўская і іншыя. Усе яны — майстры высокай кваліфікацыі.

На другім паверсе аддзялення працуюць тэхнікі. Гэта ад іх у многім залежыць, як стануць каронкі, пратэзы. Тут патрэбна  ювелірная работа, высокая дакладнасць. Такімі якасцямі валодаюць гэтыя спецыялісты.

Безумоўна, не усё ідзе ў аддзяленні, як кажуць, без сучка і задзірынкі. Прыходзяць людзі  розных узростаў, характараў. Няпроста бывае кожнаму дагадзіць, але важна тое, што ў апошні час скаргаў ад пацыентаў  не паступае. Калектыў медыкаў імкнецца рабіць сваю справу добрасумленна, каб не было  крытыкі ў яго адрас, каб пацыенты выходзілі адсюль з добрым настроем.

Фота Дзмітрыя ЯШЧАНКІ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.