Мікалай РАДАМАН: “Наша праца — уклад у эканамічную бяспеку краіны”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Напярэдадні юбілейных святкаванняў мы сустрэліся  са старшынёй сельскагаспадарчага  вытворчага кааператыву “Агракамбінат  Сноў”, дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў  М.В. Радаманам і папрасілі яго расказаць  пра набыткі апошніх  гадоў, пра дзень  сённяшні. Юбілей – гэта такі момант, калі аналізуеш зробленае  за пэўны адрэзак часу, узважваеш усе “за” і “супраць”, кажаш людзям “дзякуй” за ўсё і натхняеш іх на новыя  здзяйсненні…

– Мікалай Вячаслававіч! З якімі  напрацоўкамі калектыў сустракае 60-годдзе гаспадаркі?

– За сем гадоў майго старшынёўства ў гаспадарцы практычна  падвоілася пагалоўе жывёлы: буйной рагатай было 7 тысяч галоў, сёння – амаль  11 тысяч, свіней было 23000, цяпер – 33 тысячы. Вытворчасць мяса птушкі складала крыху больш за 4 тысячы тон, у гэтым годзе  яго атрымаем 9 тысяч тон.

Што тычыцца першай  палавіны бягучага года, то лічбы ў нас  наступныя: малака надоена 11730 тон – гэта 274,3 працэнта да ўзроўню 1990 года і 117,4 працэнта – да 2010 года; мяса атрымана 9392 т – 350,4 % да 1990 г. і 118,6 % да 2010 г. Сярэднясутачная  прывага свіней дасягнула 641 грама (143,7 % да ўзроўню 1990  г. і 101,3 % да 2010 г.), сярэднясутачная прывага птушкі – 56,2 г (193,1 % да  1990 г. і 100,9 % да 2010 г.). Знізіўся расход  кармоў на цэнтнер прывагі свіней і птушкі. Палепшылася якасць прадукцыі. Болей прададзена малака гатункам “экстра” (43,6 %), маладняку  буйной рагатай жывёлы  вышэйшай укормленасці (84 %), свініны I, II, III катэгорыі (88,6 %), птушкі I катэгорыі  (57,2 %).

На жаль, пасля далучэння да “Снова” насенняводчага саўгаса “Друцкаўшчызна” ў сту-дзені бягучага года,  адставанне ў параўнанні з 2010 г. пачало назірацца па надою малака на карову (было  4606 кг, стала 4463 кг) і па  сярэднясутачнай прывазе буйной рагатай  жывёлы (было 865, стала  822 грамы). Наша задача – ліквідаваць гэтае  адставанне, давесці ўзровень вытворчасці  на ферме “Друцкаў-шчызна” да паказчыкаў астатніх фермаў гаспадаркі.

Рэнтабельнасць вытворчасці  прадукцыі жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі сёлета, згодна з прагнозам: малака – 42,6 %, прывагі буйной рагатай жывёлы – 3 %, свіней – 13,3 %, птушкі  10,4 %.

Летась мы сабралі 16276 тон збожжа – па 71,5 ц/га, больш 14 тысяч тон зерня  кукурузы – па 126,8 ц/га, 35792 т цукровых  буракоў – па 597 ц/га, 2339 т бульбы – па 468 ц/га. У цэлым па гаспадарцы летась атрымалі 30 млрд. 846 млн. рублёў прыбытку. Рэнтабельнасць склала 20,6 %.

Сёлета віды на ўраджай нядрэнныя, хаця пасевы крыху падсушыла. Калі не нашкодзяць прыродныя катаклізмы, ён будзе адным  з лепшых за апошнія гады.

– “Сноў” – гаспадарка, дзе ўвесь  час нешта будуюць, рэканструіруюць. Што новае з”явілася ў апошні час, што з”явіцца ў бліжэйшым  будучым?

– Сёлета на поўную магутнасць запрацаваў самы  галоўны  аб”ект – новы забойны цэх буйной  рагатай жывёлы і свіней коштам 18 мільярдаў рублёў, уведзены ў канцы мінулага года. Прадукцыйнасць працы тут узрасла ў два разы. Будуем  пяць птушнікаў, тры свінарнікі-адкормачнікі на 7400 галоў, рэканструіруем  свінарнік-адкормачнік пад свінарнік для дарошчвання  (адно абсталяванне  туды каштуе каля 300 тысяч еўра). У трэцім квартале ўвядзём біягазавы комплекс коштам 26 мільярдаў рублёў. Пачалі ўзвядзенне станцыі біялагічнай ачысткі сцёкавых вод. Запраектавана будаў-ніцтва  насеннеачышчальнай лініі, збожжасушылкі, бункераў для захоўвання збожжа на  камбікормавым заводзе.

Многае робім у сацыяльнай  сферы. У першым паўгоддзі ўвялі  шэсць дамоў сядзібнага тыпу ў вёсцы Грускова. Вельмі важны аб”ект для ўсіх вяскоўцаў – амбулаторыя на  100 наведванняў у змену, якая  была здадзена ў сту-дзені гэтага года. Пры агульным кошце аб”екта    4 млрд. 911 млн. рублёў уласных сродкаў гаспадаркі ўкладзена 560 мільёнаў. Увялі спартыўна-забаўляльны цэнтр, які вельмі  запатрабаваны.  Працягваем рэканструкцыю зімовага  плавальнага басейна. Сёлета  на яго за-трачана 2,5 мільярда  рублёў. Але ж затраты  гэтыя акупяцца – здароўем працаўнікоў, нашых школьнікаў, якія, безумоўна, з часам стануць перадавікамі вытворчасці ў нашай жа гаспадарцы.

З далучэннем “Друцкаўшчызны” вялікую ўвагу даводзіцца  ўдзяляць будаўніцтву  і рэканструкцыі ў тым рэгіёне. Будуем новую  МТФ на 600 галоў, новыя сянажныя траншэі, рэканструіруем  памяшканні старой фермы, бульбасховішча на 3 тысячы тон. Рамантуем жылыя дамы. Вядома, на ўсё патрэбны  грошы, і немалыя. Укладваем уласныя, бяром  банкаўскія крэдыты. Мы  павінны на працягу двух гадоў падняць там узровень вытворчых паказчыкаў і ўмоў працы людзей, іх пражывання.

– Наша краіна перажывае цяпер нялёгкія часіны ў эканамічным  плане. І прыемна бачыць, што вы  не апусцілі рукі, не толькі не здаяце  пазіцый, а нарошчваеце свой  патэнцыял…

– Канешне, нам даводзіцца нялёгка. Мы выпускаем сацыяльна значную прадукцыю, на якую нельга моцна павышаць цэны. Калі ж адпусцім іх на малако, свініну, ялавічыну, то трэба думаць, як абараніць тыя  слаі насельніцтва, у якіх невысокая зарплата. Думаю, будуць знойдзены нейкія выхады з той сітуацыі, што склалася. Члены ўрада краіны працуюць над гэтым. Гэта часовыя выдаткі…

Узровень вытворчасці ў нас высокі. Можна было б нічога не будаваць, не напружвацца, жыць на дасягнутым. Дабаўляць у год не тысячу  тон мяса, а, напрыклад, 50. Але ж так – нельга. Я лічу:  любому кіраўніку, калі ён перастаў будаваць, працаваць рэнтабельна, на перспектыву, трэба здаваць  свае паўнамоцтвы, ісці дамоў і сядзець на лавачцы. Над развіццём вытворчасці трэба  працаваць пастаянна, працаваць на перспектыву, каб былі паказчыкі, каб гаспадарка  жыла дастойна.

Агракамбінат “Сноў” з году ў год нарошчвае тэмпы. Павялічылася да 1800 чалавек колькасць працуючых – у сувязі  з далучэннем саўгаса “Друцкаўшчызна”. Здавалася б, гэта многа для нашых  няпоўных 6 тысяч гектараў ворыўных  зямель. Але ж мы працуем па сістэме “поле (кармы) – фермы, комплексы (мяса, малако) – перапрацоўчая  вытворчасць (малочная і мясная) – фірменны гандаль – стол спажыўца”. Таму работы хапае ўсім. Сёння на перапрацоўцы мяса і малака заняты каля 550 чалавек, у фірменным гандлі – больш 200, на свінакомплексе – 100, птушкаферме – 50 чалавек. У гаспадарцы 120 вадзіцеляў. Што-дзённа  каля 35 машын  з гатовай прадукцыяй адпраўляецца ў гандлёвыя кропкі. Усім суб”ектам гаспадарання, што гандлююць нашымі  прадуктамі, дастаўляем іх самі: захоўваючы даволі  жорсткія санітарна-гігіенічныя нормы, ні адной машыны, якая не мае  адпаведнага са-нітарнага пашпарта, на тэрыторыю мясакам-біната не прапускаем.

У нас каля 140 трактараў. Імі шмат грузаў перавозім у сувязі з вялікімі аб”ёмамі будаўнічых работ. Спажыванне таго ж  камбікорму ў дзень складае каля 150 тон – тэхніка ўсё развозіць. На фермах стаіць  каля 11 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы: яе трэба накарміць, падаслаць – гэта таксама робяць трактары, людзі. На птушкаферме, на свінакомплексе, хаця і ўкаранёна 100-працэнтная  механізацыя, без чалавека ўсё роўна не абысціся. Адна птушніца абслугоўвае два памяшканні – 68 тысяч галоў. Адна свінарка на адкорме  абслугоўвае паўтары тысячы свіней. Гэта вельмі вялікая нагрузка. Сёння за дзень на мясакамбінат на  перапрацоўку паступае 25 тон птушкі, 50 тон – буйной рагатай жывёлы і свіней.

І хаця ўзровень механізацыі высокі, аднак без чалавека, як кажуць, ні туды, ні сюды. Можна  мець перадавую тэхніку, найноўшыя  тэхналогіі, але, калі няма чалавека, які ўсё гэта будзе  абслугоўваць, выніку не будзе. А ў нас ён ёсць. Нашы прадукты атрымліваюць дыпломы на рэспубліканскіх конкурсах  “Лепшая прадукцыя года”, “ГУСТ”, “Прадукт года”.  Наша прадпрыемства экспартназарыентаванае. Мясныя кансервы ідуць у Маскву і Санкт-Пецярбург, каўбасныя і малочныя вырабы – у Смаленск. Заключаны дагаворы з Украінай.

– Кіраваць такой складанай, шматгаліновай гаспадаркай, напэўна, нялёгка. Але ў Вас ёсць каманда, надзейныя памочнікі. Усе ў  адной запрэжцы, як кажуць…

– Каманда ў “Снове” падабралася нядрэнная. Усе галоўныя і вядучыя спецыялісты вопытныя. Разам абмяркоўваем  многія пытанні, думаем над тым, каб лепей  што зрабіць. Бывае, доўга абмяркоўваем. Я схільны  да дыялогу. Хаця рашэнне ў канцы  прымаю сам. Калі добрая прапанова, гатовы  выслухаць любога трактарыста, вадзіцеля,  калі тое, пра што ён гаворыць, пойдзе на карысць эканомікі гаспадаркі, на карысць нашых людзей. Заўсёды дзякую за падказку. Мы будуем і рэканструіруем буйныя аб”екты, і кошт памылкі можа быць  вельмі высокі. Трэба прымаць вельмі ўзважаныя  рашэнні.

Зразумела, што без нашых разумных, творчых, працавітых людзей не было б і тых поспехаў, з якімі мы прыйшлі да чарговага юбілею гаспадаркі. Прыемна, што некаторыя ў сувязі з 60-годдзем “Снова” будуць адзначаны  райвыканкамам, аблвыканкамам, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Будуць на свята запрошаны і нашы ветэраны.

Добра працуюць усе. Назаву лепшых з лепшых:  маханізатары Іосіф Вацлававіч  Наркевіч і Валянцін Фёдаравіч  Заяц,  вадзіцель Валянцін Іванавіч Міклашэвіч, аператар свінакомплексу Алена Іванаўна Кандыбовіч, аператар машыннага  даення Галіна Георгіеўна Бруй, цялятніца Галіна Паўлаўна Барташэвіч, загадчыца вытворчасці цэха  па перапрацоўцы малака            Ала  Іванаўна Бубен, начальнік каўбаснага  цэха Ала Мікалаеўна Мірановіч, дырэктар камбікормавага завода Аляксандр Аляксеевіч  Марозаў і многія іншыя. З 1800 працуючых 1600 можна называць  у ліку перадавікоў вытворчасці. Гэта – залаты фонд агракамбіната “Сноў”, які сёння стварае  асноўныя сродкі для жыццядзейнасці гаспадаркі.

Нам, магчыма, удвая цяжэй, чым іншым: мы знаходзімся пад пастаяннай увагай, на нас арыентуецца ўся краіна. Па Указу Прэзідэнта ў Беларусі ведзелена 60 базавых  гаспадарак, сярод якіх – наша, і 59 з іх павінны былі выйсці на паказчыкі “Снова”. Але ж і мы не стаялі на месцы, нарошчвалі як валавыя, так і эканамічныя паказчыкі. Я з упэўненасцю магу сказаць, што ні адна гаспадарка поўнасцю на нашы вынікі не выйшла (па асобных вытворчых паказчыках – так, а вось па эканамічнай эфектыўнасці – ні адна). Дзякуючы нашым лю-дзям, мы і маем такія  поспехі.

– Мікалай Вячаслававіч, Вы – чалавек мясцовы. А словазлучэнне “сноўская зямля” гучыць – як брэнд, як нешта  вельмі адметнае. Гэта таксама ўскладвае  пэўную адказнасць?

– Так, я – мясцовы. Як кажуць, мы тут нарадзіліся, мы тут і сыдзем – або ў гісторыю, або ў забыццё. І працуем так, каб  не было сорамна перад зямлякамі. Ды і нам ёсць на каго раўняцца.

Сноўская зямля багатая яркімі асобамі. Гэта Герой Сацыялістычнай Працы Якаў Ва-сільевіч Аляксанкін, Герой Беларусі Міхаіл Аляксандравіч  Карчміт, Герой Сацыялістычнай Працы Алена  Андрэеўна Сцепановіч, чыё жыццё непарыўна звязана з гаспадаркай. Гэта выхадцы з нашых вёсак, якія праславілі малую радзіму: Герой Сацыялістычнай Працы Мікалай Уладзіміравіч Даменікан; Прэм”ер-міністр Рэспублікі Беларусь, прафесар, доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт Нацыя-нальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Ула-дзіміравіч Мясніковіч; доктар тэхнічных навук, прафесар Вячаслаў Мікалаевіч  Ярмолік; чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964 г.), заслужаны майстар спорту СССР, майстар спорту міжнароднага класа, заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларусі Рамуальд Іосіфавіч Клім; доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Пятроўскі; заслужаны дзеяч культуры Беларусі, мастак Яўген Іванавіч Ждан; заслужаны артыст Беларусі, спявак Анатоль Сяргеевіч Падгайскі… Многія пра-славілі Сноўшчыну.

Я лічу: на сноўскай зямлі ні кіраўніку, ні спецыялістам, нікому іншаму  дрэнна працаваць нельга. Трэба пастаянна ўдасканальвацца, быць узорам ва ўсім – як у працы, так і ў быце. Усім паказваць прыклад, таму што “Сноў” – вядучая гаспадарка ў Рэспубліцы Беларусь.

– Што б Вы хацелі яшчэ пажадаць сваім працаўнікам, ветэранам вытворчасці, моладзі, якая з часам прыйдзе на змену?

– Падышоўшы да 60-годдзя сельгаспрадпрыемства, можна далажыць і раённаму выканаўчаму камітэту, і Мінскаму  аблвыканкаму, і Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, і Савету Міністраў, і Прэзідэнту краіны: за 60 гадоў існавання наша гаспадарка некалькі разоў пераўтваралася і ўсе змены  рабіліся разумна, на карысць чалавека, дзеля  паляпшэння эканамічных паказчыкаў і выканання Дзяржаўнай харчовай  праграмы. Гэта наш уклад у эканамічную бяспеку краіны.

Я хацеў бы ўсіх працаўнікоў, ветэранаў па-віншаваць з гэтым юбілеем. Пажадаць здароўя, дабрабыту. Каб мы пастаянна ўдасканальваліся, атрымлівалі большую зарплату. Паляпшэнне ўмоў працы і адпачынку – хіба ж гэта не падарунак да свята?!

– Дзякуй за гутарку. Мы віншуем Вас і ўвесь  калектыў з 60-гадовым юбілеем гаспадаркі. Жадаем далейшых поспехаў. Няхай вам скараюцца ўсё новыя і новыя  вышыні!


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.