“НОВЕНЬКІ”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Памяці сястры

Валера Макараў з”явіўся ў школе сярод навучальнага года. Што дзіўна, ён прыйшоў адзін, без бацькоў, якія, па вясковых чутках, пераехалі ў мясцовы калгас з адной далёкай паўднёвай рэспублікі. Яны абачліва накіраваліся ў ціхую Беларусь, адчуўшы на сабе першыя подыхі варожых адносін, што невядома якім ветрам занясло ў дагэтуль спакойныя краі.

Хлопчык прынёс загорнутую ў газету асабовую справу, але ў ёй, акрамя яго імя, назвы і адраса школы і некаторых агульных звестак, больш нічога не было. Пагутарыўшы з ім і вызначыўшы прыблізны ўзрост Валеры, дырэктар школы Людміла Дзімітраўна накіравала яго ў другі клас.

Ядвізе ж Антонаўне, настаўніцы гэтага класа, яна толькі паспачувала: «Ну, мая даражэнькая, здаецца мне, скончылася ваша спакойнае жыццё». І як у ваду глядзела. Сямёра вучняў Ядвігі Антонаўны – тры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі – складалі гонар самой настаўніцы і ўсёй школы: усе яны займаліся без троек і не мелі праблем з паводзінамі.

З прыходам Валеры Макарава нібыта ў адно імгненне абрушыўся казачны будынак, узве-дзены намаганнямі майстра-педагога. Як толькі Ядвіга Антонаўна звярталася да «новенькага» па імені ці прозвішчу, ён ускідваў галоўку, уздрыгваючы хвалямі доўгіх, прыкметна ніжэй каўнерыка валасоў, утаропліваў на яе бліскучыя і імклівыя, нібы ў вавёрачкі, вочкі і голасна ўсклікваў вельмі нязвыклае для беларусаy слова, якое складалася ўсяго толькі з двух гукаў: вельмі мяккага «ч» ды «о». Дзяцей пры гэтым ахопліваў такі страшэнны рогат, што яны ледзь не хапаліся за жываты, не звяртаючы ўвагі ні на строгі позірк настаўніцы, ні на пастукванне далонню па стале. Толькі пасля працяглай ушчувальнай тырады ўсталёўвалася неабходная для працы цішыня.

Наступная сустрэча Валеры з дырэктарам адбылася ў школьнай сталоўцы. Людміла Дзімітраўна і той-сёй з настаўнікаў абедалі, як звычайна, падчас вялікага перапынку. Нечакана іх увагу прывабіла да сябе гучная размова дзяжурнай настаўніцы:

– Я ж табе кажу, што цяпер абедаюць старэйшыя класы.

– А я хачу што-небудзь купіць у буфеце, – гэта быў ужо голас «новенькага» з другога класа.

– Дык няма ж нічога – ні коржыкаy, ні пячэння…

Як бы ў адказ на гэта хлопчык  з усяго размаху кінуў на падлогу рублёвую паперку і пачаў таптаць яе падэшвай чаравіка.

– Што ты робіш? Гэта ж грошы, – разгублена вымавіла настаўніца.

– Якія гэта грошы, калі за іх нічога не купіш? – пачулася ў адказ. *

Тут ужо Людміла Дзімітраўна не здолела болей вытрымліваць пазіцыі старонняга назіральніка.

– Макараў! – крыкнула яна ледзь не ва ўсю моц сваіх лёгкіх.

Ад гэтага ўладнага і гучнага голасу Валера ўздрыгануўся і тут жа выдаў сваё славутае амаль ужо на ўсю школу «чё». Рэакцыя ўсіх прысутных была такой жа, што і ў другім класе. Як вялікія прафесійныя комікі прымушаюць цэлыя залы заходзіцца  ад смеху адным гукам, жэстам ці мімічным рухам, так і гэтае дзіцяня, таго не жадаючы, не пакінула абыякавай ніводнай душы, не выключаючы і паварыхі цёці Светы, якая сваёю велічнаю постаццю займала ўвесь праём паміж кухняй і абедзеннай залай.

Хто ціхенька пырснуў у далонь, а хто і   зайшоўся ад рогату, рызыкуючы папярхнуцца расольнікам ці катлетаю.

Людміла Дзімітраўна, хутка авалодаўшы сабою, спакойна ўстала, падышла да «спалоханай вавёрачкі» і сказала: «Макараў, хадзем са мной».

У кабінеце яна звярнулася да Валеры з наступнымі словамі:

– Макараў, я закончыла два інстытуты і ўніверсітэт марксізму-ленінізму, выкладаю рускую мову больш за дваццаць гадоў і ніколі не чула, што ў рускай мове ёсць слова «чё».

Некалькі дзён таму ў яе кабінет забегла ўзвіхураная жанчына, маці адной вучаніцы, са скаргай на тое, што настаўнікі не разумеюць асаблівага характару яе дачкі, заніжаюць адзнакі, і што калі дырэктар школы не дапаможа, то яна пойдзе і вышэй, і далей…

Людміла Дзімітраўна мела ўжо неблагое веданне такіх людзей і, як толькі жанчына спынілася, каб перавесці дух, адразу ж зрабіла беспамылковы ход – давяла да яе ведама свае інстытуты, вышэйшую настаўніцкую катэгорыю, прыгадала таксама дэпутацтва ў раённым савеце і вялікі асабісты клопат пра павышэнне псіхолага-педагагічнай культуры падначаленага ёй калектыву шляхам правядзення семінараў, самастойнай працы над сучаснай літаратурай і гэтак далей. Людміле Дзімітраўне кінулася ў вочы, што асаблівае ўражанне на наведвальніцу стварыла спасылка на вышэйшую катэгорыю, і тая адразу змяніла тон і сказала, што проста прыйшла параіцца наконт дачкі, якая, yвайшоўшы ў падлеткавы ўзрост, стала такою нервоваю і складанаю ў зносінах.

Ну вось, усміхнулася пра сябе Людміла Дзімітраўна, яшчэ адзін дадатны аргумент на карысць увядзення катэгорый, а колькі было спрэчак паміж настаўнікамі …

Што тут казаць пра маленькага Валеру Макарава. Ён схіліў галоўку і, перабіраючы запэцканыя ў чарніла пальчыкі, спачатку зусім ціха, а потым крыху гучней паўтарыў пад дыктоўку дырэктара, што ў рускай мове існуе слова «что», толькі «что» і нічога іншага, акрамя «что».

Скончыўшы з гэтай праблемай, Людміла Дзімітраўна рашыла перайсці (абед ужо ўсё роўна быў сапсаваны) да хлопчыкавай прычоскі.

Колькі ўжо зламана педагагічна выхаваўчых дзідаў вакол даўжыні вучнёўскіх валасоў. Самыя дасціпныя і вытанчаныя спасылкі падлеткаў на замежны і айчынны тэлеэкран, нарэшце, на партрэты вялікіх вучоных, пісьменнікаў і іншых выбітных дзеячаў (ну хай там Гогаль быў не зусім душэўна здаровы, а мноства іншых, пачынаючы з рэвалюцыянера-дэмакрата, які паставіў рубам самае неўміручае ў нашым грамадстве пытанне «Што рабіць?», да люстэрка рэвалюцыі з графскім тытулам, насілі далёка не кароткія валасы), але дарма – усё гэта церпіць безумоўнае паражэнне ў сутычцы з традыцыямі савецкай школы, якая смела магла ганарыцца тытулам самай стрыжанай школы ў свеце. Адным словам – не першая і не апошняя – Людміла Дзімітраўна не здолела стрымаць класічнага педагагічнага свербу, каб не забіць адным стрэлам двух зайцоў, адным з якіх была, шчыра кажучы, вельмі сімпатычная, але ўсё ж занадта доўгая хлопчыкава шавялюра.

– Я спадзяюся, мы дамовімся, што ў паня-дзелак ты прыйдзеш у школу акуратненька пастрыжаны, – сказала дырэктар. – Заўтра якраз нядзеля, паедзеце з мамаю ў горад і зой-дзеце ў цырульню.

– У мяне мама сама парыкмахер, – сказаў Валера.

– Ну вось і цудоўна, ніякай праблемы. Значыць, дамовіліся?

Валера прыўзняў галаву, нібы збіраючыся кіyнуць ёю ў знак згоды, але ў вачах заблукала нейкае сумненне. Ён сустрэў запытальны позірк Людмілы Дзімітраўны і апусціў галаву.

– Мама з татам сёння пойдуць у госці, – ціха сказаў ён, – а калі яна вып”е, вый-дзе на вуліцу, ляжа на снег і не ўстае. А назаўтра…

Валера не змог гаварыць далей, быццам яму нечым сціснула горла. Потым пачуліся ўсхліпы. Людміла Дзімітраўна хацела нешта запытаць пра тату, але не заўважыла, як выйшла з-за стала, прытуліла хлопчыка да сябе і пачала гладзіць яго прыгожыя, рассыпаныя хвалістым шоўкам валасы. Праз хвіліну яна неяк сумелася, прыўзняла галаву. З партрэта на яе гля-дзеў заснавальнік камуністычнай партыі і    савецкай дзяржавы. Позірк быў строгі, у ім не адчувалася спагады.

– Цікава, што ён адчуваў, – прабегла думка, – калі яму далажылі пра забойства цара і ўсёй яго сям”і? То ж былі нявінныя дзеці… Заўтра ж скажу заўхозу, каб зняў…А што павесіць, каб не тырчэў цвік?

 

* У той час коржык каштаваў 9 капеек.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.