Родныя дзеці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Кажуць, што чытаць мараль – справа няўдзячная. Я і не стаўлю гэта на мэце, а проста прывяду некаторыя жыццёвыя прыклады. Зрабіць з іх вывады, спадзяюся, змогуць усе бацькі. Калі пажадаюць. Бо толькі ад іх залежыць, якім будзе працяг – родныя дзеці. Звычайна, таты і мамы бязмежна любяць сваіх дочак і сыноў, і гэта  нармальна. Але датуль, пакуль бацькоўская любоў ідзе ў тандэме з розумам і нормай. Калі ж баланс парушаецца, як у гадзінніку аднайменная дэталь, вагаецца туды-сюды, атрымліваецца бракаваная прадукцыя. Калі на вытворчасці гэта можна выправіць – падтачыць баланс надфілем (я ў свой час гэту аперацыю выконвала на гадзіннікавым заводзе “Прамень”), то чалавека так проста не выправіш. А пачынаецца ўсё з  ружовага дзяцінства: заходзіць  мама з сынам у краму, ён тут жа патрабуе (!) цацку. Хаця дома іх – воз і маленькая цялежка. Маці гаворыць, што цацак дома і так шмат, дзіця раздражняецца, стукае нагамі. Каб пазбегнуць скандалу, маці саступае, купляе злашчасную цацку. А таму, што сын, хутчэй за ўсё, прывык атрым-ліваць жадаемае і адмовы не ведае. Я ў такіх выпадках паступала інакш: ідучы з малодшым сынам з сада, перад магазінам папярэджвала яго: “У “дзіцячы” не пойдзем, няма грошай”. Довад дзейнічаў, а сын прасіў: “Я толькі пагляджу”. Дамаўляліся, ішлі глядзець. Дома ў нас, вядома ж, былі цацкі, і фільмаскоп для прагляду дыя-фільмаў, і многае іншае.

Цяпер не тыя цацкі ў дзяцей, і мары другія. У маленькі магазінчык захо-дзяць тата, мама, сынок гадоў пяці з цацачным аўтаматам. На дзвярах падсобкі ў краме змешчаны плакат з выявай чалавека-павука. Сын просіць: “Тата, купі павука”. Бацька нешта адказвае, маці маўчыць. Сынок стракоча аўтаматам, сям”я ідзе ў другі магазін, “стральба” не спыняецца, хаця вакол людзі.

Маўчанне бацькоў красамоўнае: ім усё роўна, чым цікавіцца дзіця, навошта “страляе” ў краме. Маці нават не спытала, чаму малому сыну падабаецца пачварны павук. На жаль, адказ ляжыць на паверхні: захапленне “жудасцікамі” фарміруе не толькі эстэтычны, але і псіхалагічны стан юнай душы. Камп”ютэрныя гульні і “відзікі” далёка не ўсе заснаваны на маралі дабрыні. Большасць нацэлены на элемент насілля: забіць слабага, паразіць цэль (хаця яна адушаўлёная) і г.д.

Многае псуе і бацькоўская ўсёдазволенасць. У магазіне на малых дыванках (тавар для продажу) у абутку качаецца дзіця гадоў 4-х. Маці-пра-давец спакойна сядзіць за прылаўкам. На пытанне, чаму такое месца забавы выбрана, адказвае: “З садзіка забрала”. І ўсё. А калі б тавар быў іншага характару, сукенкі ці сумкі, – таксама хай качаецца? Што будзе далей, здагадацца няцяжка: дзяўчынка  спакойна наступіць на бант сяброўкі, пераступіць праз маміну сукенку на падлозе і г.д.,  па ўзрастаючай.  Яе не вучаць, што можна рабіць, а чаго – нельга.

А куды варты такі эпізод: мама трымае на руках гадавалае дзіця, а тое са злосцю б”е яе ручкамі па твары… Увогуле, яно не вінаватае, – маці дала такую волю. Праз гады воля трансфарміруецца ў іншыя праяўленні: маці пыласосіць кватэру, дарослая дачка занята камп”ютэрнымі гульнямі. Далей у тым жа духу: маці  пенсіянерка поле грады, 40-гадовая дачка дома кнігу чытае.

Знаёмая хвалілася:

– Мая дачка жыве ў Нарвегіі, так добра, багатая. Цяпер адпачывае на Мальдзівах. Во якая!

– А цябе калі ў госці запрашала? – пытаю. – Выслала 100 еўра?

– Што я буду ў дзіцяці грошы браць?

– А яна не прапаноўвала?

– Не…

Вось яна, даччыная “ўдзячнасць” за тое, што адна маці падымала яе, сястру і брата. Дзеці раскашуюць, а маці на невялікую пенсію перабіваецца.

Ёсць, на шчасце, іншыя  прыклады. Сын маёй знаёмай даў маці на рамонт  2 мільёны рублёў, хаця на Мальдзівах не быў. У інтэрв”ю з Андрэем Данілкам (у “КП”) я прачытала, што ён на першыя заробленыя за “Верку” грошы купіў бацькам кватэру. Яшчэ пазітыўны прыклад. Дзеці маёй сяброўкі-аднакурсніцы купілі маці на юбілей пуцёўку ў Італію.

Хацелася б, каб такіх  прыкладаў было больш, а  не сумных, калі бацькі лезуць ў даўгі, каб справіць сыну ці дачцэ вяселле з лімузінам. Добра, калі пара будзе жыць  шчасліва і доўга. А калі праз год развод? Патрачаныя грошы і нервы не вернеш…

У банку пажылая жанчына знімае грошы з рахунка. І расказвае:

– Вось, грошы ўзяла, трэба ўнуку мабільнік купіць…

– А ў яго няма?

– Ёсць, але хоча лепшы.

– Ці заслужыў ён такі падарунак, вучыцца ці працуе добра?

– Не, яшчэ ж малады…

Такая сляпая любоў вядзе да ўтрыманцтва, не іначай. Бо навошта маладому чалавеку клапаціцца, калі само плыве ў рукі? А што спрацаваным бабуліным рукам нялёгка даліся грошы, яго не хвалюе.

Дык чаму ж мы самі штурхаем дзяцей да эгаізму, утрыманцтва, адкуль вырысоўваюцца іншыя нежаданыя моманты. Трэба ўсё-такі строгасць праяўляць у выхаванні, тады больш толку выйдзе. І яшчэ: дзіця ў любым узросце павінна зведаць цану працы, заробленага рубля, а не чакаць яго ад бацькоў. Самы лепшы спосаб да-біцца гэтага  – навучыць  нешта рабіць з малых гадоў, і гэта ўвойдзе ў прывычку. Калі мае дзеці хадзілі ў школу, я клала на стол запіску з пералікам спраў (вядома, пасільных), якія ім трэба зрабіць, пакуль я вярнуся з працы. Цяпер, калі сыны сталі        дарослымі і прыязджаюць з Мінска, дзе працуюць, пісьмовае заданне з даручэннямі таксама ляжыць на стале. Іх ужо не здзіўляе, дзеці проста выконваюць і выкрэсліваюць зробленае. Усё гэта я расказваю не з мэтай пахваліцца  (мае дзеці не ідэальныя, такіх наогул не існуе), а проста дзялюся вопытам. І мне прыемна, калі сын звоніць і пытаецца: “Можа, што прывезці трэба? А дома што зрабіць?”

Упэўнена, клапатлівых дзяцей маюць многія бацькі. І гэта радуе, калі бачыш, як яны стараюцца дапамагчы сваім, часта немаладым ужо, татам і мамам. А ў вёсцы? Там раней кожны падлетак умеў касіць, араць, даіць карову, капаць бульбу. І гэта не псавала дзяцей, наадварот, яны станавіліся добрымі працаўнікамі. Што можна рабіць у горадзе? Прыбіраць кватэру, мыць посуд (і хлопцу, і дзяўчыне), выбіваць дываны, гуляць з малодшым братам ці сястрычкай, палоць агарод на дачы, летам на канікулах працаваць на таку, падсобным на будоўлі, збіраць у лесе грыбы ці ягады і г.д. Паверце, пасля добрай (і карыснай) нагрузкі наўрад ці захочацца ісці падлетку да трох-чатырох раніцы ў залу гульнявых аўтаматаў. Ці бадзяцца бязмэтна па горадзе ў пошуках прыгод.

Калі я працавала ў Лысіцкай СШ, летам дапамагала гаспадыні, у якой кватаравала, палоць буракі. Побач з матыкай шчыраваў суседскі сын, сталы мужчына, дыпламат, выпускнік інстытута міжнародных адносін. Не забыўся, як трымаць у руках тую матыку і сынаў клопат пра маці.

У нашай супрацоўніцы ёсць 12-гадовы ўнук, які пастаянна дапамагае бабулі ў дамашніх і гаспадарчых справах, сам праяўляе ініцыятыву. Выхаваны працай з дзяцінства, ён наўрад ці стане дрэнным чалавекам.

Дзіця любога ўзросту павінна быць занята нечым пазітыўным, выхоўвацца добрымі прыкладамі і духоўна багатымі. А не пераймаць з экрана ў баявіках жорсткасць і насілле, якія зацягваюць, нібы багна, выбрацца з якой вельмі складана. Бездухоўнасць і цынізм, пачуццё безадказнасці і ўсёдазволенасці прыводзяць да сумных вынікаў. Асобныя падлеткі захапіліся апошнім часам дзікай гульнёй: некалькі падонкаў б”юць аднаго, хтосьці здымае ўсё на мабільнік. Пра гэтыя антымаральныя забавы яны не задумваюцца, а дарэмна. Адказваць давядзецца не за гульні, а за злоснае хуліганства, па ўсёй строгасці закона.

У тэлепраграме “Няхай гавораць” абмяркоўвалі неардынарны выпадак. Дзве кіеўскія студэнткі  (адна – будучы ветэрынар, другая – міжнароднік) прэпарыравалі мёртвага сабаку. Расчлянілі, разабралі, з цынічнымі  каментарыямі знялі ўвесь працэс на відэа, запусцілі “карцінкі” ў інтэрнэт. Запрошаныя ў студыю, дзяўчаты ўсміхаліся, спасылаліся на дамашняе заданне, не разумелі, чаму многія абураюцца іх учынкам. Маці адной з “прэпаратаршчыц” пракаментавала так: “Ну, захапі-ліся дзяўчаты…” Дзіўна, што яе не насцярожыла такое, мякка кажучы, нетрадыцыйнае захапленне, цынізм і жорсткасць якога відавочныя. Як слушна заўважыла адна з удзельніц праграмы, “сёння яны разабралі сабаку, заўтра чарга дойдзе да чалавека”.

Каб такога не здарылася, трэба клапаціцца бацькам. І не толькі пра фізічны і матэрыяльны  дабрабыт дзіцяці, але і пра  духоўны. Пагрэшнасці ў апошнім абыходзяцца вельмі  дорага. У нашай вёсцы вучань (гэта было даўно) меў звычку здзекавацца над  катамі і сабакамі. А як вырас –  пачаў рабаваць людзей: знімаў   курткі  дарагія вечарам з прахожых, каштоўныя рэчы адбіраў. Фінал аказаўся чакаемым: яго асудзілі на некалькі гадоў турэмнага зняволення.

Усім вядома народнае выслоўе: “Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала”. Жыццё ўносіць  карэктывы, таму прымаўку  можна прадоўжыць: “Калі дзіця цешыцца тым, чым не трэба, плачуць бацькі”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.