У надзейных руках

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Выступаюць    удзельнікі вакальнай групы Юшавіцкага і Затур”янскага СДК

        Мы – каласы ў жытнім полі,

       Мы – галасы зямной красы,

        Мы – кроплі ў жытнім моры.

       Мы – каласы, мы галасы

      У небывалым хоры…

Хоць і па-дзіцячы, але ўзнёсла  гучаў голас 6-гадовага Дзімы Еўтуха, які адкрыў  у мінулую сераду зажынкі ў ААТ “Юшавічы”.

Іх удзельнікі сабраліся на полі з трыцікале ля вёскі Ракавічы. Да ўдзельнікаў жніва  з цёплымі  віншаваннямі і пажаданнямі звярнуліся дырэктар таварыства Віктар  Азарка і галоўны аграном  Юрый Тарасевіч. Яны паставілі задачу ўбраць ураджай у сціслыя тэрміны і без страт. Слова ў адказ трымаў Дзмітрый Шымановіч, механік, які падчас уборачнай садзіцца за штурвал  камбайна. Ад імя  ўсіх камбайнераў ён паабяцаў апраўдаць давер, убраць збожжавыя за 20 рабочых дзён.

Паважаныя вясковыя жанчыны – Яніна Іосіфаўна Чарнюк, Алена Іосіфаўна  Тарчыла, Марыя Канстанцінаўна Кухта –  зажалі першыя снапы. Іх уручылі дырэктару, галоўнаму аграному, а таксама  галоўнаму інжынеру Міхаілу Буку.

Над полем плылі задушэўныя  мелодыі песень “Зажыначкі”, “Вітальная”, “Белая Русь” і іншых  у выкананні работнікаў Юшавіцкага і Затур”янскага  СДК.  Вялі святочную праграму вучаніцы мясцовых школ, дочкі камбайнера і шафёра, Таня Янская і Алёна Янцэвіч. Дзяўчаты пачаставалі ўсіх прысутных  пірагом і квасам. А намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай  рабоце Ганна Жывень ад прафкама падзякавала артыстам за словы натхнення, сказаныя ў добры шлях удзель-нікам жніва.

І вось дырэктар прадпрыемства Віктар Азарка падаў каманду:

– Па машынах!

І ўсе сем “стэпавых караблёў” рушылі па полі – выконваць сваю спрадвечную работу, жаць збажыну. З рокатам матораў зліваўся шэпт цяжкага калосся, якое пакорліва  схілялася  перад веліччу машыны і чалавека.

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна камбайнеры з “Юшавіч” Аляксандр Кукула, Аляксандр  Янскі і Юрый Быль ішлі ў ліку маладых удзельнікаў жніва. А сёння яны  ў атрадзе старшых камбайнераў – самыя старэйшыя (хоць зусім не старыя). Радуе, што на вёсцы застаецца працаваць моладзь. У яе надзейных руках знаходзіцца лёс ураджаю.

Фота Таццяны ЕЎТУХ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.