Зямля жыцця, зямля стваральнікаў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Паляводы калгаса здаюць збожжа дзяржаве. 1959 г.

У сельскагаспадарчым вытворчым каператыве «Агракамбінат Сноў» памятаюць  сельскіх актывістаў  канца 40-х – пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя А.І. Лешчылоўскага з вёскі Хвоева,  К.П. Радамана  з Грускова, П.П. Радамана са Снова, К.І. Фянчука з Новага Снова, В.К. Мікшу з Агароднікаў, М.І. Рацкевіча з Тарэек. Яны ў гады калектывізацыі ўзначалілі шэсць калгасаў у гэтых вёсках. Іх невялікія калектыўныя гаспадаркі сталі фундаментам, на якім нарадзіўся, узяўся ў рост і росквіт, стаў знакамітым у свой час на ўвесь Савецкі Саюз калгас імя Калініна з цэнтрам у вёсцы Сноў. Перавага буйна-таварнай вытворчасці над дробнымі сялянскімі надзеламі была  відавочнай. Прыклад таму – высокі ўзровень развіцця сённяшняга СВК «Агракамбінат Сноў».

У далёкім 1951 годзе адбылося аб”яднанне тых шасці арцеляў – імя Калініна, «Сцяг Саветаў», «Прамень камунізму», «Барацьбіт», «Чырвоны агароднік» і «Асілак» – у адзін калгас, які налічваў 576 двароў. Яго назвалі імя Калініна. Гаспадарку ўзначаліў ветэрынарны ўрач Якаў Ва-сільевіч Аляксанкін, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Першы год работы амаль не даў ніякіх вынікаў. Ураджай сабралі нізкі. Жывёлу – 2 дзесяткі кароў, 40 свіней, 37 авечак – трымалі ў хлявах вяскоўцаў. А каб набыць грузавую машыну, старшыні давялося ўкласці асабістыя грошы.

Далейшы лёс калгаса вызначыла нарада льнаводаў у Баранавічах, якія тады з”яўляліся абласным цэнтрам. Сярод яе ўдзельнікаў быў і малады старшыня Я.В.Аляксанкін. Вярнуўшыся з нарады, ён сабраў актыў і сялян старэйшага ўзросту, параіўся. Вырашылі ўзяцца за льнаводства. Адвялі 120 гектараў зямлі, добра яе апрацавалі. За лён у той год атрымалі 2,5 мільёна рублёў. На працадзень калгаснікам выдалі па 2,5 кілаграма   збожжа і па 3 рублі.

Справы пачалі наладжвацца. I ўжо ў 1953 годзе грашовы даход калгаса склаў больш 2 мільёнаў рублёў, у 1954 годзе – больш за 3 мільёны, у 1955-м – амаль 7,5 млн., у 57-м – больш за 8,2 млн. рублёў. Грашовы даход з 1957 да 1961 года ўзрос у 4,5 раза. Лепшыя працаўнікі карысталіся павагай і ўвагай. У 1954 г. звеннявая па вырошчванні льну Вольга Канстанцінаўна Клім была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, а ў 1959 годзе звеннявая Лідзія Іосіфаўна Якавец-дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

А вось перад намі рашэнне № 36 выканкама Нясвіжскага райсавета дэпутатаў працоўных ад 28 лютага 1957 года аб зацвярджэнні кандыдатаў ва ўдзельнікі Усесаюзнай сель-скагаспадарчай выстаўкі. Сярод іх – старшыня калгаса імя Калініна Я.В. Аляксанкін, аграном А.А.Шчарбянок, бухгалтар Б.І.Сташынскі, заатэхнік М.С.Іўкін, звеннявыя па льну А.І.Ганчарык, А.І.Ждан, даярка Я.Н.Шадура, брыгадзір І.П.Курыла, палявод Н.А.Віннічак і іншыя. У рашэнні прыведзены і паказчыкі гаспадаркі: з гектара атрымана па 8,4 цэнтнера льнасемя і 10 ц ільновалакна. Надой на фуражную карову склаў 2393 літры.

Прыкметных зрухаў у вытворчасці калінінцы дабіліся, навёўшы парадак на зямлі. А пачалі яго з ссялення хутароў. Гэта  дало магчымасць дадаткова ўключыць у севазварот каля 400 га новых зямель. Апрача таго, амаль столькі ж  прыбавілася за кошт  раскарчоўкі  кустарнікаў, заворвання непатрэбных дарог і жывёлагадоўчых  выгулаў. Павялічылі размеры  палёў, палепшылі іх канфігурацыю.

У сувязі з тым, што амаль усе мінеральныя і асабліва тарфяныя землі былі тут пераўвільготненыя, на плошчы каля 3000 га  заклалі ганчарны дрэнаж. Астатнія масівы асушылі адкрытым спосабам.

Услед арганізавалі абследаванне зямель. На кожнае поле, на кожны ўчастак склалі глебавыя карты і картаграмы. Распрацавалі план  вапнавання.  Вызначылі патрабавальнасць палёў ва ўгнаеннях. У 1970 г. быў закончаны першы тур  вапнавання на ўсім ворыве.

Ва ўсіх брыгадах стварылі сапраўдныя фабрыкі  ўгнаенняў. Выпнаванне і ўгнойванне палёў паставілі на шырокую навуковую аснову, не шкадавалі на гэта  ні сродкаў, ні сіл. Арганізавалі ў сябе  аграхімічную службу на чале з вопытным  аграномам-хімікам Іосіфам Худніцкім. У распара-джэнні службы з”явілася добра  абсталяваная хімлабараторыя, якая  пастаянна  вывучала састаў глебы, патрэбнасць яе ў вапнаванні, мінеральных і  арганічных удабрэннях. Гэта служба строга кантралявала  тэхналогію  раскіслення глебы, нарыхтоўку і закладку кампостаў. Калі раней на 1 га збожжавых уносілі  па 12-13 т кампостаў, то ў сярэдзіне 70-х – ужо 25-30 т.

Пачалі ствараць пераходны фонд насення, асабліва азімых культур. Шмат увагі пачалі  надаваць сорта-змене. Выдзелілі  спецыяльныя доследныя ўчасткі для ацэнкі розных сартоў у розных агратэхнічных умовах.

І, як вынік, з часам аддача гектара значна павысілася. Так, у 1975 годзе сорт пшаніцы “міронаўская-808” на 40 га ў першай  брыгадзе, якую ўзначальваў  вопытны хлебароб Сцяпан Суднік, даў па 56 ц/га. Упершыню на тутэйшых землях. І Міністэрства  сельскай гаспадаркі БССР прысвоіла гэтаму полю дзяржаўны Знак якасці. Знак якасці тады ж быў  прысвоены 40-гектарнаму полю шостай брыгады (брыгадзір  Вячаслаў Пахольчык), дзе сабралі па 360 ц/га цукровых буракоў.

У 1976 годзе было атэставана  на знак якасці шэсць палёў, у тым ліку 60-гектарнае  поле ячменю ў 4-й брыгадзе (брыгадзір Канстанцін Касцюкевіч),  на якім сабралі  па 64 ц/га зерня. Усяго ж у той год калінінцы вырасцілі  па 44,7 ц/га збожжа, 255 – бульбы, 274 – цукровых буракоў, па 8,2 – ільнасемя, 8,3 – ільновалакна.

Немалая заслуга ў паляпшэнні ўрадлівасці палёў  агранома Сямёна Сідоркі, кавалера ордэнаў “Знак Пашаны” і Працоўнай Славы 3-й ступені.

Шчыра працавалі на палях механізатары  Мікалай Зарожны, Вікенцій Ждан, Міхаіл Малейка, Мікалай  Крупеніч, Ілья Даменікан, Іосіф Акалатовіч, Віктар  Курдун, Сяргей Бабок і іншыя.

Гаспадарка багацела і расла не толькі за кошт інтэнсіўнага росту вытворчасці, а і дзякуючы далучэнню суседніх зямель.

Падчас другога ўзбуйнення калгаса імя Калініна ў яго ўлілася частка саўгаса “Горны Сноў» з аднайменным населеным пунктам і вёскай Дольны Сноў – у агульнай колькасці 42 двары.

У 1960 г. гаспадарка ўзбуйнілася ў трэці раз – за кошт калгаса імя Чарняхоўскага (вёскі Пагарэльцы, Слабада, Сычы, Сынгалы, Кміты, Мікуцевічы, Гелавічы з агульнай  колькасцю  двароў – 378).

А ў 1979 годзе было прынята рашэнне аб далучэнні інкубатарнай станцыі Церасполле.

Займеўшы грошы, павялі будаўніцтва. У 1956-57 гадах узвялі 60 вытворчых памяшканняў, ссялілі 216 хутароў. Калгасная будаўнічая брыгада здала 20 дамоў, якія прадалі вяскоўцам у растэрміноўку на 4-5 гадоў без працэнтаў. Усім, хто перасяляўся з хутароў, праўленне дапамагала будматэрыяламі і грашыма. На гэтыя мэты выдаткавалі 1 мільён 200 тысяч рублёў. У 60-х гадах быў складзены архітэктурны праект забудовы цэнтра вёскі Сноў, і гэтае будаўніцтва паспяхова вялося. Выраслі шматпавярховыя жылыя дамы, магазіны, Дом культуры, Дом быту, адміністрацыйны будынак, сярэдняя школа.

Працягвалі ўзводзіць фермы. Жывёлагадоўля стала прыбытковай галіной. На гэты перыяд прыпадае зорны час яшчэ адной выдатнай працаўніцы – свінаркі Станіславы Іосіфаўны Драчан. За рупнасць, адданасць справе яе ўзнагародзілі ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Дарэчы, С.І.Драчан у 1959 годзе з”яўлялася настаўніцай маладой свінаркі Алены Сцепановіч, будучага Героя Сацыялістычнай Працы. Алена Андрэеўна засталася вельмі ўдзячна ёй за перададзенае майстэрства,за  жыццёвую мудрасць. Ад Алены Андрэеўны я даведалася і пра няпросты лёс Станіславы Іосіфаўны. У пошуках работы падалася яна некалі, перад 39-м годам, у «крэсы ўсходнія» з Польшчы. Ды так і засталася на чужой старонцы, прыжылася. Выйшла замуж за мясцовага хлопца. Працаві-тасцю заваявала павагу.

3 1977 года змянілася калгасная спецыялізацыя. Кірунак узялі на вытворчасць збожжа, цукровых буракоў, малака і мяса, затым – і мяса птушкі. Гаспадарка стала адной з перадавых у рэспубліцы. За высокія паказчыкі яе неаднаразова ўзнагароджвалі Ганаровымі граматамі, пераходнымі Чырвонымі Сцягамі, Ганаровымі дыпломамі ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ.

У вядомы далёка за межамі рэспублікі калгас прыязджалі, заставаліся жыць і людзі з іншых рэспублік вялікага Саюза. Шматнацыянальны калектыў, як адзіная сям”я, працаваў і дабіваўся новых перамог. За гэта калгас імя Ка-лініна ў сакавіку 1981 г. быў узнагаро-джаны ордэнам Дружбы народаў.

Высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі былі  адзначаны многія працаўнікі  калгаса. Ордэнам Леніна – брыгадзір трактарнай брыгады  Эдуард Акалатовіч, трактарысты Ілья  Даменікан, які ўжо меў ордэн Працоўнага Чырвонага  Сцяга, Аляксандр Панцялееў, Іван Шут, які ўжо меў ордэн “Знак Пашаны”, брыгадзір  паляводчай брыгады Сцяпан  Суднік, які  ўзнагароджаны  таксама ор-дэнам Кастрычніцкай  Рэвалюцыі.

Герой Сацыялістычнай Працы (ім стаў у 1984 г.) старшыня калгаса Якаў Аляксанкін  меў тры ордэны Леніна, ордэны Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэтыя ўзнагароды  дабавіліся  да ваенных – ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 1-й ступені.

Алена Сцепановіч, аператар па вырошчванні парасят, залатую Зорку Героя  атрымала ў 1976 г., мае  два ордэны Леніна і  ордэн  Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Яшчэ ордэнам Кастрычніцкай  Рэвалюцыі былі ўзнагароджаны  трактарыст Леанід  Жданюк (кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”), брыгадзір Вячаслаў Пахольчык (кавалер ордэна Працоўнага  Чырвонага Сцяга),  даяркі Ніна Чудук (ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга) і Паліна Цыуля.

Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга  былі адзначаны  таксама рупнасць і добрасумленнасць  загадчыка сектара  адкорму свіней калгаса Івана Грыца,  аграномаў Казіміра Гурына і Піліпа Дубяжынскага, даярак Надзеі Еўтух і Ніны Зарожнай (Ніна Міхайлаўна ў  1988 г. атрымала яшчэ ордэн Дружбы народаў), заатэхніка Міхаіла  Іўкіна, інжынера Аляксандра Лапко, цялятніцы Ганны Нячай, свінаркі Ніны  Якавец, у якой ёсць ордэн “Знак Пашаны”.

Ордэнам Дружбы народаў  былі адзначаны брыгадзір Васіль Богдан і даярка Людміла Радаман.

Ордэнам “Знак Пашаны” былі ўзнагароджаны  даярка Алена Іоська і аграном Уладзімір Бабёр, які з”яўляецца цяпер галоўным тэхнолагам зямлі (у 1997 годзе яму прысвоілі званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі). Ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені  былі ўзнагароджаны трактарысты  Віктар Ждан, Вячаслаў Сырыца і Міхаіл Якавец, ён жа кавалер  ордэна Працоўнай Славы  2-й ступені.

Заслужаны ветэрынарны ўрач БССР Я.В. Аляксанкін узначальваў калгас імя  Калініна да 1988 г. Безумоўна, яго  ўклад у развіццё гаспадаркі – неацэнны. Вялікі клопат ён праяўляў пра кадры, радаваўся поспехам спецыялістаў, давяраў  самыя адказныя ўчасткі. Многія з іх былі калгаснымі стыпендыятамі.

Вучыўся і сам старшыня. Ён  паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па праблеме  эканамічнага развіцця і культурнай перабудовы  сяла.

У 1991 г. Якава Васільевіча не стала. Але справу яго прадоўжылі такія ж улюбёныя  ў зямлю, творчыя людзі.

У 1988 г. калгас узначаліў Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, які дагэтуль кіраваў калгасам “Рассвет”.  Узялі накірунак на ўкараненне новых, прагрэсіўных тэхналогій, набыццё сучаснай тэхнікі і абсталявання. Спецыялісты ездзілі за мяжу, вучыліся працаваць па-новаму.  Умацоўвалася дысцыпліна, павышалася прадукцыйнасць працы. Напрыклад, калі ў      1976 г. А.А. Сцепановіч  прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы за атрыманне за год  паўтары тысячы парасят, то цяпер кожны аператар  свінакомплексу атрымлівае больш за 6 тысяч галоў маладняку.  А да канца бягучай пяцігодкі мяркуюць давесці гэты паказчык амаль да 8 тысяч парасят.

Удасканальвалася птушкаферма.

У 1994 г. на агульным сходзе кал-гаснікаў вырашылі рэарганізаваць гаспадарку ў калектыўнае прадпрыем- ства «Агракамбінат Сноў». Каб палепшыць яго фінансавае становішча, стварылі перапрацоўчую вытворчасць і ўласны гандаль. Мясаперапрацоўчы цэх даў першую прадукцыю ў 1991 г. Малакаперапрацоўчы – у 1995 г. Арганізавалі, такім чынам, закончаны цыкл – ад атрымання прадукцыі жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі да яе рэалізацыі спажыўцам.

У 1997 г. пабудавалі камбікормавы завод.

Нялёгка ішло станаўленне гаспадаркі ва ўмовах развалу Савецкага Саюза, парушэння ўсіх – палітычных і эканамічных – напрацовак. Але велізарная працавітасць людзей, на чале якіх 15 гадоў стаяў удумлівы, творчы, мэтанакіраваны чалавек, надзелены дарам прадбачання, перамагла цяжкасці. Тыя 17 мільёнаў рублёў, што меў калгас пры Аляксанкіне, былі своечасова ўкладзены ў справу і пачалі “працаваць”, прыносіць прыбытак. Разумная, магутная тэхніка, навейшыя тэхналогіі “прыйшлі” на палі і фермы. Ужо ў    1997 г. Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка, наведаўшы  сельгаспрадпрыемства, сказаў: “Агракамбінат Сноў” – гэта гаспадарка ХХІ стагоддзя”.

У 2000 годзе ў «Снове» сабралі самы высокі ў гісторыі Беларусі ўра-джай збожжавых і зернебабовых культур – 74,6 ц/га, вал склаў 15821 тону. Працоўны калектыў атрымаў за гэта Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі.

У 2002 г. ураджайнасць збожжавых вырасла да 83,2 ц/га, валавы збор склаў больш 18 тыс. т. Было атрымана амаль 7,5 тыс. т мяса жывёлы і птушкі, амаль 11 тыс. т малака. У   2003 г. у параўнанні з 1990-м збожжа  атрымалі болей на 80 %, цукровых буракоў – на 71,8 %, малака – на 39 %, мяса – на 71 %. Дабіўшыся высокіх валавых паказчыкаў, больш увагі пачалі надаваць  эканамічным: дабівацца зніжэння  затрат ва ўсіх галінах і сабекошту прадукцыі, росту яе рэнтабельнасці і канкурэнтаздольнасці.

Герой Беларусі, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна “Знак Пашаны”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі рэспублікі М.А. Карчміт старшынстваваў у “Снове” да мая 2004 г.  Ён рана пайшоў з жыцця, не паспеўшы здзейсніць усяго, што было задумана.

Але жыццё не стаіць на месцы. Калектыў сноўскіх  спецыялістаў, радавых працаўнікоў  палёў, фермаў, перапрацоўкі, іншых сфер дзейнасці – выдатная каманда прафесіяналаў, якая нацэлена браць толькі самую высокую планку.

У 2004 годзе старшынёй сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву «Агракамбінат Сноў» выбралі галоўнага энергетыка гаспадаркі Мікалая Вячаслававіча Радамана – выхадца з гэтых мясцін, гаспадарлівага, няўрымслівага чалавека. Працягваючы рэканструкцыю і пераўзбраенне ў вытворчых галінах, жыллёвае будаўніцтва, ён узяўся за абнаўленне сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванне вясковых вуліц, стварэнне максімальных даброт і зручнасцей для лю-дзей. У сельгаспрадпрыемстве стварылі  новую сферу дзейнасці – бытавое абслугоўванне насельніцтва. У Снове пабудаваны аграгарадок.

Старшыня гаспадаркі М.В. Радаман за сваю рупнасць  у  2009 г. быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

У студзені гэтага года адбылося яшчэ адно ўзбуйненне гаспадаркі. Да «Снова» далучылі саўгас «Друцкаўшчызна».

Кааператыў стаў школай перадавога вопыту ў краіне. Сюды амаль кожны дзень прыязджаюць дэлегацыі, у тым ліку з іншых дзяржаў, каб павучыцца метадам гаспадарання, палюбавацца прыгожымі прасторнымі палямі, паслухаць задушэўныя песні ці паглядзець іскрамётныя танцы народнага калектыву народнай песні і танца «Вяночак», які створаны пры Сноўскім  сельскім цэнтры культуры. Яго танцоры і спевакі – тыя ж спецыялісты, працаўнікі палёў  і фермаў агракамбіната. Пасля рабочай змены яны спяшаюцца на рэпетыцыі. З задавальненнем выступаюць на сцэне. Калі сэрца спявае, калі лёгка і светла на душы, то і працуецца з “агеньчыкам”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.