Творчасць Рэрыха — у Нясвіжы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У мінулую суботу ў выставачнай зале Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”  урачыста адкрылася выстава  рэпрадукцый карцін Мікалая Рэрыха, арганізаваная беларускім аддзяленнем  Міжнароднага цэнтра Рэрыхаў. Рускі творца ўвайшоў у гісторыю  не толькі мастацтва, але і ўсёй сусветнай культуры як жывапісец, філосаф, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч,  ініцыятар і арганізатар першага  ў гісторыі міжнароднага дагавору ў абарону  культурных помнікаў (Пакта Рэрыха). Мікалай Рэрых жыў і працаваў у Фінляндыі, Лондане, Нью-Ёрку, у Індыі.  Пабываў з доўгатэрміновай  экспедыцыяй у Цэнтральнай Азіі, Кітаі і Манголіі.  На аснове сабраных матэрыялаў,  разам з жонкай Аленай Іванаўнай заснаваў Інстытут  гімалайскіх даследаванняў.

У сваёй творчасці Мікалай Рэрых імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму святлу. Творы, прадстаўленыя на выставе,  абвостранай яснасцю форм выдатна перадаюць эпічнасць, велічнасць і прыўзнятасць вобразаў, створаных мастаком (карціны, прысвечаныя славутым гістарычным фігурам, у тым ліку  святым розных канфесій).

Каларыт работ, асабліва горных пейзажаў, вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем каляровых суадносін у спалучэнні з сіламі і  глыбінёй тонаў. І гэта  гарманічнае  супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі (“Накіроўваючыся  дамоў”) аказвае незабыўнае  ўздзеянне на гледача.

Прадстаўлены на выставе і рэпрадукцыі такіх знакаміцейшых твораў Мікалая Рэрыха, як “Мадонна Арыфлама” і “Маці свету”.

А лепш зразумець творчасць мастака і яго  філасофію дапамаглі  выступленні арганізатараў выставы – старшыні  беларускага аддзялення Міжнароднага  цэнтра Рэрыхаў Наталлі Базылевай, якая  правяла і прэзентацыю часопіса  “Культура и время”, што выдаецца Цэнтрам (фота 1), старшыні  культурна-асветніцкага аб”яднання “Адаман” Мікалая Паўленкі і мастацтвазнаўцы Вадзіма Мартава. Апошні  непасрэдна  і правёў экскурсію па выставе, суправаджаючы кожную работу цікавымі, змястоўнымі каментарыямі (фота 2). Дарэчы, пачуць тлумачэнні Вадзіма  Юр”евіча  можна будзе да канца работы выставы, што, безумоўна, зробіць  знаёмства з творамі Рэрыха яшчэ больш цікавым.

Фотография 2

Увогуле, адкрыццё выставы гэтага незвычайнага майстра стала такім жа незвычайным, як і ўся яго творчасць: на ім  гучала скрыпка, якая спявала  ў руках  былога настаўніка Нясвіжскай ДШМ Аляксандра Кудрука, свае вершы  чыталі несвіжанка Ніна Графянкова і госць з Мінска, ужо названы Вадзім Мартаў. Усё разам гэта стала своеасаблівым сінтэзам мастацтваў, да якога дадалося яшчэ  і кіно. Відэафільм Марата  Кабірава “Касмізм у прадчуванні  новай прыгажосці”, прысвечаны мастакам-касмістам, прадстаўлены самім  аўтарам, стаў яскравай ілюстрацыяй гэтай плыні мастацтва.

Пазнаёміцца ж з выставай  рэпрадукцый Мікалая Рэрыха ў выставачнай зале  Нацыянальнага музея-запаведніка “Нясвіж” можна будзе да 5 кастрычніка.

Фота Івана ТРУХАНАЎЦА


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.