Цёплая сустрэча ў восеньскім стылі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пяшчотныя белыя ружы, яркія цыніі і сальвіі, пышныя  вяргіні – гэтыя ды іншыя  цудоўныя кветкі красаваліся  на стале.  Іх вырасцілі  і прынеслі на сваё свята матулі і бабулі, несвіжанкі, якіх запрасілі  ў раённую бібліятэку яе работнікі, а таксама спецыялісты  раённага тэрытарыяльнага  Цэнтра сацыяльнага  абслугоўвання насельніцтва. Уласны верш  пра самых дарагіх жанчын прачытала супрацоўніца  райбібліятэкі  Валянціна Шчарбакова, маці чатырох дзяцей.

А работнікі Цэнтра  сацабслугоўвання Галіна Бушмакіна і Ала Усовіч  папрасілі бабуль  падзяліцца ўражаннямі  пра сваіх унукаў. А.І. Дубініч, напрыклад, мае чацвёра  ўнукаў, яна ганарыцца  і радуецца нашчадкам. Працавітыя рукі Алены Іванаўны  не ведаюць стомы: у яе шмат  вышытых ручнікоў, адзін – з гербам і сімволікай Нясвіжа. Майстрыха ўдзельнічае ў  выставах народнай творчасці, вазіла свае адмысловыя вырабы на «дажынкі» ў Маладзечна.

Багатыя на ўнукаў (па 7 і 8) і несвіжанкі Н.С. Сінішова, І.М. Добыш. Яны падабралі і прынеслі на свята  цікавыя кампазіцыі з гародніны і кветак.  Уяві-це сабе – вялікая галінка  з зялёнымі лістамі, а на ёй  красуюцца  ярка-чырвоныя  перцы. Дарэчы, падбор восеньскіх букетаў  і нацюрмортаў  прыемна ўразіў прысутных, а іх  стваральнікі М.А. Красковіч, Г.І. Ярмалінская, Н.В. Вятлугіна, Ф.А. Стадуб атрымалі прызы за фантазійныя знаходкі.

Арганізатары свята  для мам і бабуль прапанавалі ім цікавыя і  вясёлыя конкурсы на самую-самую: гаспадыню, ласкавую бабулю, спартыўную жанчыну, якая  ўмее спавіць дзіця, заспяваць  песню і сказаць самыя добрыя словы, адгадаць загадку. Раманс “Ноч светлая”  пранікнёна выканалі С.У. Лях і Б.М. Вятлугін.

Словам, свята атрымалася па-восеньску яркім і маляўнічым, атмасфера – цёплай і ўтульнай, настрой – цудоўным. А завяршылася яно  добрымі песнямі за чайным сталом. Матулі і бабулі  шчыра дзякавалі  арганізатарам.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.