Робаты, лазер… І іншыя навінкі фермаў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Аб задачах далейшага развіцця жывёлагадоўлі раёна  мы гутарым  з начальнікам аддзела вытворчасці і перапрацоўкі жывёлагадоўчай прадукцыі і харчавання ўпраўлення сельскай гаспадаркі  і харчавання райвыканкама С.А. КАПЫТКАМ.

– Станіслаў Аляксандравіч, за 9 месяцаў гэтага года ў гаспадарках  раёна надоена 79381,9 тоны  малака. Летась было 78138,4 тоны. Тэмп росту склаў  101,6 %. Мяса атрымана 23697,9 тоны (было 21631,3 т).  Тэмп росту  – 109,6 %. Прааналізуйце, калі ласка, за кошт чаго  гэта дасягнута.

– Па-першае, мы выйшлі на плюс па пагалоўі жывёлы. Буйной рагатай  ужо налічваецца 55,8 тысячы галоў (было 54,9 тысячы),  тэмп росту склаў  101,6 %. У тым ліку  фуражных кароў  стала 15022 галавы (было 14650). Павялічылася і колькасць свіней. Цяпер маем іх 62461 галаву. Тэмп росту – 105,2 %.

Па-другое, асобныя гаспадаркі ўпэўнена набіраюць тэмп росту  прадуктыўнасці. Паглядзіце  ў малочнай жывёлагадоўлі: ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” па  надоі малака на карову плюсуе на 659 кілаграмаў. Гаспадарка  выйшла па прадуктыўнасці дойнага статка на  цвёрдае трэцяе  месца па раёне пасля “Снова” і “Гара-дзеі”. Я лічу, што ў “Нясвіжскіх Ас-троўках” прадуктыўнасць так вырасла,  дзякуючы ўводу  робатызаванай фермы на 400 галоў у Макашах. Раздаіць першацёлку так, як яе раздойвае робат, не здольна ні адна даярка. А многа малака можна атрымліваць  толькі ад добра раздоенай першацёлкі. Тое ж назіраецца і ў СВК “Гарадзея”: там у Вялікай Лысіцы запаўняецца таксама робатызаваная ферма на 240 галоў. У наступным годзе за кошт гэтага будзе  нарошчваць прадуктыўнасць кароў СВК “Агракамбінат Сноў”: у Друцкаўшчызне актыўна ўзводзіцца  ультрасучасная ферма на 600 галоў. Так што будучыня – за робатамі.

І вельмі важна, каб новыя фермы, дзе даенне вядуць робаты, запаўняліся  цялушкамі. Кароў, якія ўжо даіліся  на лінейнай дойцы, прывыклі да яе, цяжка перавучваць новаму. Будуць страты малака, а гэтага неабходна пазбягаць.

– Вялікае малако залежыць і ад таго, які  патэнцыял закладзены ў жывёлу. Дзе ў дойны статак уводзяць цялушак з самай высокай прадуктыўнасцю іх маці?

– У СВК “Агракамбінат Сноў”. Тут адбіраюць цялушак ад кароў прадуктыўнасцю болей 9 тысяч кілаграмаў малака ў год.

– Кажуць, малако ў каровы на языку… Зразумела, што  прывагі жывёлы  на дарошчванні і адкорме – таксама…

– З 1 кастрычніка пачаўся стойлавы перыяд. Але для нашага раёна  характэрна такая асаблівасць: больш 24 % статка круглы год знаходзіцца на стойлавым утрыманні і корміцца  практычна  аднатыпным  рацыёнам – сенажом, сіласам, канцэнтратамі, каб не парушаць  працэс стрававання жывёлы. Зялёныя кармы  выкарыстоў-ваюцца  зрэдку –  калі ёсць патрэба  павялічыць у рацыёне  ўзровень бялку. Гаспадаркі, дзе думаюць  аб ста-більнасці ў вытворчасці малака і прываг, павінны  мець паўтарагадовы запас кармоў. Каб і ў летні час не пераходзіць  на зялёны корм, а восенню – на кукурузу. Сёлета там, дзе старога сіласу не хапіла на 2-3 тыдні, маладняку далі “зялёнку”  – у жніўні-верасні  мы адразу ж сутыкнуліся  з падзеннем прываг, таму што арганізм трапіў у стрэсавую сітуацыю.  Толькі стабільны рацыён забяспечвае высокую прадуктыўнасць жывёлы. Да гэтага і трэба ўсім імкнуцца.

Думаю, што ў гэтым годзе пагалоўе на зімоўку  будзе забяспечана кармамі пад 100-працэнтную патрэбнасць – і па канцэнтратах, і па травяністых кармах.  На сярэдзіну кастрычніка нарыхтавана па раёне 106472 тоны сенажу, 9461 тона сена, 256009 тон сіласу, які яшчэ  працягваюць закладваць з кукурузы. Сабрана 37032,5 тоны зерня гэтай культуры. Яно захоўваецца як у сухім, так і ў плюшчаным выглядзе. Без кукурузы мы не бачым далейшай вытворчасці ў жывёлагадоўлі. 1 кг яе  плюшчанага зерня  замяняе 1 кг камбікорму. Праверана на практыцы:  там, дзе заканчвалася плюшчаная кукуруза і яе не было ў рацыёне, надоі адразу зніжаліся.

На ўмоўную галаву жывёлы па стане на 17 кастрычніка мы маем 23,27 цэнтнера кармавых адзінак. Яшчэ больш – 42,38 ц – у ААТ “Новае жыццё”, 36,02 ц – у ААТ “Юшавічы”. Да таго ж, у некаторых ёсць і мінулагоднія запасы кармоў.

– Якія яшчэ новыя напрацоўкі ўкараняеце? Якія задачы стаяць перад работнікамі жывёлагадоўлі?

– На ўзроўні вобласці праводзілася шмат семінараў па правільным прыгатаванні кармасумесяў – на базе сельскагаспадарчых філіялаў сумеснага беларуска-італьян-скага прадпрыемства “Унібокс”  і гаспадарк вобласці. Мы запрашаем  у нашы сельгаспрадпрыемствы кансультантаў, спецыялістаў  вузкага профілю, якія займаюцца пытаннямі  прыгатавання кармасумесяў, выкарыстання  кормараздатчыкаў, іх рэгуліроўкі. Спецыялісты тлумачаць, якія кармы трэба здрабняць у першую чаргу, якія – дабаўляць пазней, каб сумесь была і спажыўнай, і легкатраўнай для жывёлы.

Цяпер трэба купляць машыны, якія правільна рыхтуюць  кармасумесі. Не кожны кормараздатчык  правільна  робіць гэта. У якасці станоўчага прыкладу можна прывесці “Сноў”. Тут працуюць  амерыкан-скія кормараздатчыкі, дзе пры загрузцы ўсіх складнікаў ідзе іх поўная камп”ютарная дазіроўка згодна з неабходнай рэцэптурай. Машыны, вядома, не танныя. Але  правільнае прыгатаванне  кармасумесяў – гэта тое, без чаго мы ў жывёлагадоўчай вытворчасці ўжо не можам абысціся.

На фермах ёсць памяшканні, якія неабходна перабудоўваць, расшыраць, каб праходзіла патрэбная тэхніка. І ўсё пакрыху  абнаўляецца. Дзесьці будуюць  новыя фермы, дзесьці вядуць  рэканструкцыю ранейшых. Так, сёлета рэканструкцыя з элементамі  новага будаўніцтва (створаны даільныя залы)  павінна быць закончана  да канца года на ферме “Лань” ААТ “Лань-Нясвіж”, ферме “Ужанка” эксперыментальнай базы “Свеклавічная”, ферме “Саска Ліпка” Нясвіжскага  райаграсэрвіса.

Мы патрабуем таксама, каб усюды былі  радзільныя аддзяленні, дзе б карова магла расцяліцца свабодна. Жывёліна, якая  дае прыплод, не павінна стаяць на прывязі.

Новае ў нашай галіне – прымяненне лазерных тэхналогій лячэння. Яны выкарыстоўваюцца ва ўсіх напрамках жывёлагадоўлі. Дапамагаюць у рабоце з узнаўленнем статка, у лячэнні масціта кароў, у лячэнні захворванняў маладняку.  Лазернае лячэнне мае высокую  эфектыўнасць, эканамічна выгаднае,  характарызуецца  ростам паказчыкаў у жывёлагадоўлі. Яно ўзмацняе імунную сістэму арганізма.

Асабліва лазер неабходны на новых фермах, дзе даільныя залы. Зразумела: дзе большыя аб”ёмы малака – там адразу або маеш многа, або губляеш многа.

Лазерныя апараты працуюць  на малочнатаварным комплексе  “Сычы” СВК “Агракамбінат Сноў” і малочнатаварнай ферме “Макашы” ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.