Да зімовага стала

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Чацвёрты па ліку кірмаш  па продажы сельгаспрадукцыі ў Нясвіжы быў у суботу не такі  мнагалюдны, як, скажам, першы. Але людзі прыходзілі і прыязджалі, хто дагэтуль не паспеў запасціся на зіму гароднінай. Па дарозе на цэнтральны  рынак я сустрэла знаёмую з двума  пакетамі ў руках.

– Вось, морквы купіла, – адказала яна на традыцыйнае ў такіх выпадках пытанне “Што набылі?”

На рынку стаяла чарга да машыны  райспажыўтаварыства. Быў попыт  на цыбулю па 2 тысячы рублёў за кілаграм. Была тут і іншая гародніна, а таксама журавіны, але ў фаворы аказалася іменна цыбуля. Калі яе не стала ў гэтай гандлёвай кропцы, пакупнікі накіраваліся да гандляра ў суседні рад, там кошт быў  ужо 2200-2800 руб./кг.

Шмат хто гандляваў капустай. У палатцы ААТ “Новае жыццё” забіралі апошнія качаны, а моркву (200 кг)  у іх раскупілі дагэтуль. Актыўна набывалі капусту ў прыватніка з Сейлавіч.

– Вось гэтая – шынкаваць, а гэтая – на захоў-ванне, да сямі месяцаў будзе ляжаць, – тлумачыла гаспадыня тавару.

Побач стаялі легкавушкі, куды пакупнікі складвалі цяжкія сеткі.

– Я задаволены, што дазволілі заязджаць на рынак з машынай. Зручна. Я купіў капусту, паклаў  у багажнік і паехаў. Не трэба цягаць далёка, – падзяліўся  думкамі мінчанін Міхаіл Аляксандравіч. – Мы прыехалі  на выхадныя на дачу, вось заадно і капустай  запасліся.  Познюю самі  не вырошчваем, толькі раннюю.

Чырвоныя і зялёныя памідоры, капусту, бульбу прапаноўвала  жанчына з Капыля. Прывёз свой тавар і фермер-агароднік М.В. Бойка з вёскі Грыцкевічы. Морква яго – адна ў адну, затараная ў зручныя невялікія сеткі.

Збожжа прывезлі ААТ “Юшавічы”, “17 верасня” і “Новае жыццё”.

– Добра, што кірмашы ў суботу арганізоўваюць. Спакойна заязджаеш, стаяць не цесна. А ў нядзелю людзей вельмі шмат, мы пацясняем палаткі індывідуальных  прадпрымальнікаў, – ацаніў сітуацыю вадзіцель  з “Юшавіч” Уладзімір Мікалаевіч Янцэвіч. – А што сёння людзей няшмат – дык за мінулыя кірмашы  многія атаварыліся.

ААТ “Лань-Нясвіж” і “Сейлавічы” прадавалі парасят.  У мінулым годзе  свінаферма “Кунаса” зноў вярнулася да свайго ранейшага гаспадара – ААТ “Сейлавічы”. І цяпер памочнік загадчыка фермы Наталля Аляксееўна Мядзвецкая прадавала на рынку калгасных “пятачкоў”. “Купляюць тыя, хто ведае нашых свіней” – сказала яна.

Калі ўспомніць, што ў пачатку 1980-х гадоў свінні “вывелі”  гэтую гаспадарку (былы калгас “Рассвет”) “у людзі”, то хочацца пажадаць пакупнікам, каб і ім парасяткі  прынеслі прыбытак у хату.

СВК “Агракамбінат Сноў” гандляваў сваёй мясной прадукцыяй. Дарэчы, тут  можна было спакойна  набыць пячонку, шыйкі і страўнічкі  куранят-бройлераў, якія ў магазіне звычайна  расхопліваюць увачавідкі. У мясным павільёне ланцы і  першамайцы прапаноўвалі свініну і ялавічыну, гатовую прадукцыю  прывезлі з Аношак.

Традыцыйна наведвальнікі рынку куплялі і смачную выпечку  майстроў Гарадзейскага  кандытарскага цэха райспажыўтаварыства.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.