Для зручнасці пакупнікоў
На фота: загадчыца магазіна Лілія Елісеенка абслугоўвае першых пакупнікоў
У канцы мінулага тыдня аднавіў сваю работу пасля капітальнага рамонту магазін райспажыўтаварыства ў вёсцы саска Ліпка. Як патлумачыў старшыня райспажыўтаварыства Сяргей Лапко, год таму магазін быў закрыты як нерэнтабельны, але зараз кааператыўны гандаль, згодна з праграмай развіцця спажыўкааперацыі, вяртаецца ў многія вёскі, дзе стварае здаровую канкурэнцыю прыватнікам.
Сапраўды, абноўленая гандлёвая кропка мае вельмі прывабны выгляд як звонку, так і ўнутры. Светлыя, аптымістычныя колеры афармлення, зручная выкладка тавараў і, галоўнае, багаты асартымент адразу прывабілі пакупнікоў. Знайсці тут можна не толькі разнастайныя прадукты, але і гаспадарчыя тавары – ад посуду да бытавой хіміі.
Прадаецца тут прадукцыя нашых беларускіх вытворцаў, таму і цэны даволі прымальныя на ўсё – ад прадуктаў да мыйных сродкаў.
Па заяўках насельніцтва ў магазін прывязуць і складаную бытавую тэх-ніку, і будматэрыялы.
Працаваць гандлёвая кропка будзе з 8 гадзін раніцы да 21-й вечара без выхадных і перапынкаў на абед, што таксама зручна для пакупнікоў. А сустракаць іх будуць загадчыца магазіна Лілія Елісеенка і прадавец Таццяна Елісеенка, мясцовыя жыхаркі, якія пастараюцца, як запэўніла Лілія Мікалаеўна, каб землякі выходзілі з магазіна, задаволеныя пакупкамі і з добрым настроем.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ