Спыненыя імгненні

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

“Якой чысцінёй, дабрынёй, пачуццём прыгожага  павінны быць  напоўнены сэрцы лю-дзей, што дораць нашаму  погляду дзівосы, увасобленыя ў фатаграфіі!..”

“Вельмі хораша і натхнёна… Адразу хочацца накіравацца  ў паход. Калі чалавек БАЧЫЦЬ Прыроду, ён бачыць Бога. Вялікі дзякуй за  стан любові, палёту і сузірання!”

З кнігі водгукаў на выставу турысцкіх фотаздымкаў

“Успаміны, якія грэюць”.

Як мы паведамлялі, на  пачатку гэтага месяца ў салоне-галерэі “Скарбніца” адкрылася выстава фотаздымкаў нясвіжскіх турыстаў, аб”яднаных у клуб  “Вандроўнік”. Сёлета свае работы на ёй прадставілі 9 аўтараў. Гэта Генадзь Аксёнік, Ігар Богуш,  Вольга Мікітовіч, Аляксандр Мікітовіч, Валянціна Пратасенка, Аляксандр  Спірыдонаў, Алена Цымбарэвіч, Уладзімір Цымбарэвіч, Аляксандр Язвінскі.

Гэта выстава стала своеасаблівай творчай справаздачай аб паходах, здзейсненых сёлета  клубам “Вандроўнік”. Упершыню, разам з  вопытнымі ўдзельнікамі  папярэдніх выстаў, свае  фотаработы  прадставілі тры жанчыны – старшыня  клуба “Вандроўнік” Алена Цымбарэвіч, Валянціна Пратасенка і Вольга Мікітовіч. Выставу можна лічыць іх фотадэбютам, і, як  высветлілася, вельмі ўдалым.

Аб тым жа, што натхніла турыстак на спробу праявіць  сябе ў фотамастацтве і якія ўражанні з пройдзеных маршрутаў сталі найбольш  моцнымі, лепш за ўсё раскажуць  яны самі.

Алена Цымбарэвіч:

– Сёлета мы пабывалі  на рэках Беразіна і Днепр,  на нашай роднай рацэ Уша і на Кольскім паўвостраве, на хуткаплыннай  Умбе, якая ўпадае ў Белае мора. Незабыўныя,  незвычайныя ўражанні пакінуў   паход па Умбе.

Паўтара дня поездам да горада Апа-тыты, затым машынай да Кандалакшы – і вось мы на Поўначы.

Там табе адкрываецца зусім іншы свет, не падобная да беларускай прырода. Камяністая, скупая на расліннасць глеба, мхі і лішайнікі, і пры гэтым – незвычайная прыгажосць неба і вады, незвычайна чыстае паветра. Да таго ж, нам на дзіва пашанцавала з надвор”ем. Нават старажылы тых мясцін не прыгадвалі такога цяпла і яснасці, якія панавалі падчас нашага паходу. Звычайна там і летам  пастаянныя прахалоды, туман і імжа, а пры нас, як па заказе, стала ўсё наадварот.

Адзін з нашых прыпынкаў падчас сплаву па рацэ быў  на востраве  пятрогліфаў. Гэта наскальныя малюнкі, зробленыя 4 тысячы гадоў да нашай эры. І тут нам ізноў пашанцавала. На востраве аказаліся студэнты і выкладчыкі, якія займаліся  вывучэннем пятрогліфаў, і адзін са студэнтаў зрабіў  для нас вельмі цікавы экскурс  у далёкае мінулае.

Фото 2

Дырэчы, па рацэ мы рухаліся на катамаранах (не трэба блытаць  з тымі, на якіх мы  катаемся па возеры ў Нясвіжы). Турысцкі  катамаран – гэта дзве трывала злучаныя  паміж сабой гандолы, у якіх  людзі пры дапамозе  вёсел сплаўляюцца па рацэ. У нас было 2 катамараны – па 4 чалавекі на кожным.

Кожнае імгненне, якое  адкрываецца твайму позірку падчас сплаву або на  стаянцы – непаўторнае. Кожнае хочацца  ўвасобіць на здымку. Але ж часта  пакуль дастанеш фотаапарат – яно ўжо прамільгнула. Таму нашы рабяты на стаянках імкнуцца выкарыстаць хвіліны спакою спаўна. Фотаапарат у рукі – і пайшлі ў розныя бакі у пошуках  свайго непаўторнага імгнення. Каб вы  бачылі, як творча, як зацікаўлена  яны падыходзяць да кожнага грыбочка,  кожнай кветачкі, птушкі на галінцы ці пырскаў вады…

Канешне, мы не прафесіяналы і не прэтэндуем на званне фотамастакоў, але ў кожным здымку – наша душа, яе святло.

А “вінаваты” ў гэтым наш старэйшы таварыш, вопытны турыст і фатограф-аматар, заснавальнік турысцкай фотавыставы Ігар Мадэставіч Богуш.  Менавіта ён “заразіў” нас любоўю  да фатаграфіі, і менавіта ён прапанаваў зрабіць  цэнтральным фота  выставы здымак Валянціны Пратасенкі “Рака Умба, парог Падун” (яго можна ўбачыць таксама ў спецвыпуску клуба “Вандроўнік” у “НН” за 23.09.2011 г.).

Валянціна Пратасенка:

– На рацэ Умбе я, як і Алена  Цымбарэвіч, была ўпершыню. Калі мы спыняліся на стаянках, вакол была  такая невыказная прыгажосць, што да яе, я ўпэўнена, далёка самым багатым курортам.

Парог Падун, самы небяспечны з усіх парогаў Умбы, мы праходзілі ў першы  ж дзень сплаву па рацэ.

Я стаяла практычна насупраць нашага другога экіпажа. І такі ў мяне быў  стан душы, што я не магла не зрабіць гэты здымак. Мала хто ведае, што  на падыходзе да гэтага  парога  ты бачыш не толькі небяспеку, але і яе канкрэтнае  пацвярджэнне – мармуровыя памятныя таблічкі  з імёнамі тых, хто загінуў  тут у барацьбе са стыхіяй. Вось ляжаць шапачкі і вёслы, значыць тут  ішла байдарка. А вось  помнік з надпісам: “Юнаку-студэнту, што хацеў стаць  мужным”…  Там, дзе я стаяла, таксама пад нагамі была таблічка ў памяць  трох жанчын. Таму ўсё было на эмоцыях. І на гэтым здымку я ўлавіла  эмоцыі лю-дзей, якія  абавязкова павінны адначасова спрацаваць вёсламі ў патрэбную мінуту, каб вырвацца хаця б на паўметра ўперад і не быць зацягнутымі пад камень. А вырваўшыся, ты ўжо па-за небяспекай. Парог прой-дзены.

Так нарадзіўся гэты здымак. Той стан душы, у якім ён быў зроблены, потым больш не паўтарыўся за ўвесь  паход,  хаця пасля мы прайшлі яшчэ не адзін парог. Я была на рэках Карэліі, але гэта  не тое. На Кольскім паўвостраве сапраўды ёсць адчуванне, што вада нясецца  па камянях ў самае мора. Вакол – марошка, чарніцы, буякі, хмызняк – чыстая натуральная  прыгажосць, якая  заварожвае сваёй суровасцю. Высокая гара, пад ёю  плешчацца вада. У моцны вецер чуеш, як унізе гудзе стыхія.  А воддаль, на гарызонце – туманныя абрысы Хібінаў.

І гэта чыстая натуральная прырода патрабуе вялікай аддачы ад чалавека. У звычайным жыцці можна прытварыцца, зрабіць нейкі патрэбны  табе выгляд, а тут  чалавек настолькі адкрыты, што нічога не схаваеш. Калі людзі з”ядналіся як турысты і пайшлі ў адказны паход, то  яны ўжо як адна сям”я.

Вольга Мікітовіч:

– Я таксама люблю водныя паходы. У іх удзельнічаю ўжо 11-ы год.  Сёлета мы вырашылі прайсці па Ушы – рацэ, добра вядомай  несвіжанам. Але вядомая яна  абсалютнай большасці  з нас толькі сваёй назвай, таму што ніхто з  турыстаў яшчэ  не праплываў па ёй.

Вось мы і вырашылі “не крыўдзіць”  сваёй няўвагай мясцовую рэчку і высветліць, што і як на ёй.

Стартавалі з Макашоў. Дарэчы, вельмі прыгожая мясціна, цудоўна  аформленая для адпачынку. Плылі на байдарках, з добрым настроем. Заўважылі, што рэчка хоць і вузкая, але глыбокая і вельмі чыстая. Вакол – балоты і чарот каля трох метраў вышынёй. Было ўражанне, што трапілі ў тунэль з чароту. Да першай стаянкі плылі некалькі гадзін. Ні ўлева, ні ўправа да берага  не прычаліш – кругом балоты, і ніхто не ведае, дзе спыніцца. Вось табе і экстрым.

Затое, дабраўшыся да стаянкі, мы былі ўзнагароджаны – пакупаліся, пазагаралі, адпачылі.

Да другой стаянкі таксама рухаліся доўга, там і пераначавалі. Раніцай  паплылі далей і пераканаліся, што  добра зрабілі, спыніўшыся там, бо далей стаянак ужо не было  да самага канца – толькі  суцэльныя балоты вакол і зараснікі чароту. Так мы даплылі да Нёмана. Гэтае месца каля вёскі Яромічы было вельмі прыгожым. Напэўна, з вышыні птушынага палёту  наша Уша ў параўнанні  з Нёманам  здаецца ручаінкай, але мы былі рады, што ўпершыню  прайшлі  па роднай рацэ  і цяпер можам  апісаць маршрут. Яшчэ ўзрадавала, што, хаця Уша і забалочаная рака, але  вада ў ёй вельмі чыстая.

А наогул, наша беларуская прырода – такая прыгожая, у спакойных фарбах, з плаўнымі абрысамі.

У турызме, асабліва водным, мяне захапляе  магчымасць  пазбавіцца  будзённай мітусні, апынуцца сам-насам з прыродай і пабыць самой сабой. Побач з надзейнымі сябрамі знікаюць праблемы, усё  вырашаецца без намаганняў. Галава святлее, думкі  лятаюць свабодна. Вяртаешся назад з такім вялізным  зарадам эмоцый, што  становішся  абноўленай, а значыць, маладзейшай.

І сапраўды, нас старасць дома не застане!

Ад імя ўсіх удзельнікаў фотавыставы “Успаміны, якія грэюць” мае суразмоўцы папрасілі выказаць  вялікую ўдзячнасць супрацоўніцам  салона-галерэі “Скарбніца” Алене Віхровай і Святлане Емяльянавай  за прафесіяналізм і майстэрства ў арганізацыі выставы.

Фота з архіва клуба “Вандроўнік”


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.