Чалавек ці грошы?

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Што важней, кожны лічыць па-свойму. І тэма ўлады грошай над людзьмі таксама не новая. Рускі драматург Астроўскі ў сваіх п”есах адлюстраваў страшную залежнасць чалавека ад  грошай. Што хцівасць  і прага губяць душу, вядома яшчэ з біблейскіх часоў. Тым не менш, за тысячы гадоў нічога не змянілася. Закон залатога цяльца, на жаль, дамінуе (у большасці) над  многімі людзьмі. Я згодна з тым, што грошы неабходны, іх трэба зарабіць, каб потым патраціць, прычым разумна і рацыянальна. Купіць дабротнае адзенне, абстаноўку ў дом, якасны харч і г.д. Але існуе тэндэнцыя, калі заробленых і накопленых фінансавых сродкаў становіцца мала, а прага расце.

Хаця, як вядома, усіх грошай не заробіш, тым не менш, многія імкнуцца. А горш за ўсё тое, што дзеля папаўнення запасаў людзі ахвяруюць сваім часам, здароўем, а здараецца, і жыццём. Ставіць на першае месца рубель (долар ці еўра) – значыць, падпарадкаваць сябе яму, даць неабмежаваную ўладу над сабой. І збіраць тыя грошы не толькі для  таго, каб жыць, а псіхалагічна настроіцца на скнарлівасць і думку пра багацце. А тое, што ёсць духоўныя каштоўнасці і душэўныя парывы, адыходзіць на трэці план, або забываецца зусім. Жаданне мець усяго як мага больш прыводзіць да парадоксаў. Цяпер жанчыны-гаспадыні захапляюцца кансерваваннем гародніны, пладоў і ягадаў. Што ж, для сям”і гэта патрэбна. Але, на жаль, многія не разлічваюць разумную патрэбнасць саленняў-варэнняў. Не могуць 2-3 чалавекі спажыць за год  вялікую колькасць марынаванай ці варанай прадукцыі. У выніку стаіць яна гадамі ў падвалах, накапляе шкодныя рэчывы, ржавеюць накрыўкі. Потым гэта прадукцыя раздаецца людзям, выкідваецца ў смеццевыя скрыні. Сёлета я была сведкай таго, як жанчына выкідала гуркі з некалькіх трохлітровых слоікаў. Затрачаны час, грошы, сіла. Навошта?..

Адзін мой знаёмы расказваў:

– У нашым раёне (на Палессі) абсалютная большасць людзей занята збіраннем капіталу. Яны працуюць на гэта, вырошчваюць і рэа-лізуюць гародніну, свойскую птушку, будуюць катэджы. А вось паехаць да мора ці  ў іншую краіну – для іх дзіка і страшна. Хаця сродкі ёсць, бо купляюць дарагія шпалеры і шторы, абнаўляюць сядзібы.

Усё гэта добра, але часта пераходзіць межы. Жывуць мае землякі ў большасці за высокімі агароджамі, адасоблена, вёскі пусцеюць, бо моладзь выязджае. І хто ўбачыць нажытае багацце? Адна жанчына спецыяльна адчыняе вароты, дзверы дома, каб хоць хто-небудзь палюбаваўся яе набытым хараством і раскошай. У нейкай ступені яе можна зразумець і пашкадаваць. Бо чалавек зацыклены на сваім перакананні ў абсалютнай уладзе багацця. А паехаць куды-небудзь ды пагля-дзець свет, удыхнуць гаючае мар-ское паветра – недасягальная вяршыня. Праўда, для многіх яна нерэальная па той прычыне, што не цікавіць іх. На жаль.

А вось другая мая знаёмая лічыць так:

– Безумоўна, грошы патрэбны, каб жыць, без іх бывае складана. Але гэта не азначае, што яны павін-ны ўладарыць над намі і не даваць думаць ні аб чым іншым. Я, напрыклад, люблю падарожнічаць. А паехаць за мяжу, паглядзець архітэктурныя ці мастацкія шэдэўры – гэта здорава. Цяпер, між іншым, даступна многім, бо ёсць выбар сярод краін і цэн. Ды і ў старасці, напрыклад, спытае цябе ўнук ці ўнучка: што цікавага бачыла ў жыцці, бабуля?  Аб чым расказаць? Як накапіць больш грошай, ці падзяліцца ўражаннямі ад незабыўнай паездкі, расказаць пра пэўную  краіну і жыццё людзей там? Тут будзе спалучана пазнавальна-эстэтычнае выхаванне. Грошы можна набыць і страціць, а ўспаміны ад цікавых падарожжаў і знакавых падзей не страцяцца ніколі.

І сапраўды, турыстычныя паездкі шмат даюць чалавеку: маральнае і эстэтычнае задавальненне, развіваюць кругагляд, павышаюць інтарэс да жыцця. Нездарма цяпер надаецца вялікая ўвага турызму, у тым ліку і агра-экалагічнаму. Каб чалавек пасля напружанай працы мог адпачыць, расслабіцца і набрацца сіл на ўлонні прыроды. Мне могуць запярэчыць: а на ўсё гэта патрэбны грошы. Так, але ж мы іх і зарабляем на тое, каб траціць. А жыць толькі меркантыльнымі інтарэсамі – аднабока і сумна. Чалавек не можа быць шчаслівы багаццем. Бо што яно, калі побач няма каханага, ці дома разбэшчаныя матэрыяльнымі спакусамі дзеці? Апошнія, дарэчы, часцяком патрабуюць ад бацькоў усё большага. Пачынаючы з дзіцячага сада: цацкі, мабільнік (і не абы-які), камп”ютар, дом і г.д.

Пагоня за матэрыяльнымі дабротамі даходзіць да абсурду. Расказвалі, што маладая пара праз паўгода сумеснага жыцця разышлася з-за таго, што муж не згодзен быў (ці сродкаў не хапала) на пакупку камп”ютара для жонкі. Без яго яна, бачыце, ніяк не магла, ахвяравала каханнем і сям”ёй.

А рэклама як выхоўвае дзяцей? “Трэба пакласці грошы ў банк, накапіць”, “Можна выйграць у латарэю вялікую суму грошай”… і т.п.

І ні адна рэклама, на жаль, не вучыць, што грашовыя сродкі трэба зарабіць, самім. І вучыцца гэтаму неабходна з дзяцінства, разумна, з прывіцця павагі да працоўнага чалавека і заробку, а не з накаплення і ўслаўлення залатога запасу. У барацьбе за яго людзі, на жаль, не толькі губяць душу, чалавечнасць, але і жыццё.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.