Дваццаць гадоў памяці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

4 снежня 1991 года Нясвіж  і аколіцы з “маланкавай” хуткасцю  абляцела вестка аб тым, што  памёр ксёндз Гжэгаж Каласоўскі. Даляцела яна і да прылеглых раёнаў і нават да Слуцка, бо людзі і адтуль прыехалі на пахаванне.

Зіма ў тыя дні была ўжо ў сваёй моцы, – 20 градусаў і ніжэй, – але гэта зусім не перашкодзіла, бо правесці ў апошні шлях  гэтага чалавека і святара прыехала і прыйшла вялікая колькасць людзей.  У  касцёле і на  провадах на могілках прысутнічала шмат святароў, якія на ўсім шляху маліліся, а мегафон даносіў словы малітвы да ўсіх прысутных.

Малады ксёндз Гжэгаж Каласоўскі  прыехаў у Нясвіжскі  фарны  касцёл Божага Цела  вясною 1939 года і застаўся тут да  сканчэння свайго жыцця. За гэты  час выдалася шмат розных  падзей: змена ўлады 17 верасня 1939 года, пачатак вайны ў 1941 годзе.  У час акупацыі ксёндз  Гжэгаж  трапляе ў турму. І вось  праваслаўны святар  Русецкі, які  добра ведаў  нямецкую мову, пад сваю адказнасць вызваляе ксяндза Гжэгажа з турмы. А людзей, што засталіся там, у наступную ноч расстралялі ва ўрочышчы Гайкі.

Калі ў 1944 годзе ішлі баі за  вызваленне Нясвіжа і раёна ад  фашысцкіх акупантаў, артылерыйскі снарад трапіў  у купал касцёла. Узнік пажар. Гарэлі  драўляныя канструкцыі купала. Як толькі ў Нясвіжы ўсталявалася савецкая  ўлада, ксёндз Каласоўскі  сабраў  брыгаду цесляроў і майстроў па будаўніцтве, дапаможных  рабочых з ліку парафіян і пачаў рамонт касцёла, каб захаваць  фрэскі ад  атмасферных ападкаў.

Уручную, з дапамогай сякеры і пілкі, работы ішлі хутка, і купал неўзабаве заняў сваё месца, на ім усталяваўся крыж.

За перыяд  атэізму на культавыя будынкі-помнікі былі накладзены вялікія падаткі за іх  выкарыстанне і за электраэнергію  з павялічанымі  тарыфамі, але ж гэты сціплы і  мудры святар меў вялікую павагу ў католікаў. Прыходзілі яму на дапамогу і людзі другіх  канфесій. На сабраныя сродкі была куплена  ацынкаваная бляха, адрамантаваны дах і карнізы. Набылі і вапну, якой некалькі разоў бяліліся вонкавыя сцены касцёла. Каляровыя шыбы ў вокнах таксама – клопат ксяндза Каласоўскага. Памятным для касцёла і Нясвіжа  застанецца 1980 год, калі  быў  адрэстаўраваны  алтарны абраз “Тайная вячэра”, напісаны  ў 1752-1754 гадах  мастаком Гескім. Брыгада рэстаўратараў  з 8 чалавек з Масквы пад кіраўніцтвам Савелія Ямшчыкова працавала  два месяцы (ліпень-жнівень).  Кошт работ склаў 35000 рублёў таго часу, або  не менш  як 5 аўтамабіляў “Жыгулі”. Не здзейсненаю мараю яго жыцця засталася рэстаўрацыя фрэсак і зробленага ў спешцы купала. Каб ён мог даведацца аб тым, што сёлета  пачаліся гэтыя работы, то быў бы бязмерна ўзрушаны і ўдзячны.

За больш як паўвекавое служэнне Богу і людзям  гэты сціплы ў паводзінах і мудры чалавек  заслужыў  бязмежную павагу парафіян і ўлады. У 2001 годзе ксёндз-прэлат  Гжэгаж Каласоўскі занесены ў лік  ганаровых грамадзян г. Нясвіжа, а ў 2009 годзе ў гонар  100-годдзя з дня яго нараджэння на сцяне касцёла  ўсталявана і асвечана памятная дошка. Яна будзе заўсёды нагадваць  аб выдатным чалавеку, ксяндзу-прэлату Гжэгажу Каласоўскім.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.