Месца, дзе захоўваецца гісторыя…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Кожная гістарычная эпоха, якая адыходзіць у мінулае, пакідае за сабою сляды ў выглядзе матэрыяльнай і духоўнай культуры. На яе аснове складаецца грамадскі гістарычны вопыт, а яго сведкамі назаўсёды застаюцца помнікі гісторыі і культуры. Збор і захаванне помнікаў – адна з умоў існавання музея. Музейная дзейнасць накіравана на папаўненне фонду сапраўднымі сведкамі гісторыі, матэрыяльнай культуры і духоўнага развіцця. На жаль, у апошні час супрацоўнікі музея сутыкнуліся з новым этапам у жыцці культуры, калі адыходзяць апошнія носьбіты старой традыцыі. Тое, што яны ведалі і стваралі, сёння застаецца ў дзяцей, унукаў, праўнукаў, якія, магчыма, не заўсёды разумеюць гістарычнай каштоўнасці многіх старых рэчаў. Цудоўна, калі чалавек хоча захаваць памяць аб сваіх продках, але яшчэ лепш, калі гэта стане нашай агульнай культурнай спадчынай, не згубіцца дзесьці па куфрах. Мала хто задумваецца аб тым, дзе будуць гадоў праз сто ўсе гэтыя рэчы. Адны апынуцца на сметніках, другія будуць надзейна захованы на гарышчы, а некаторыя будуць дажываць свой час на дачах, куды многія так любяць звозіць старыя рэчы.

Фонд Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея пачынаў збірацца на грамадскіх пачатках з 1986 года, ля вытокаў яго камплектавання стаялі М.А. Бабіч і Н.М. Арсеньева. На дадзены момант у асноўным фон-дзе налічваецца крыху больш за восем тысяч адзінак, якія размеркаваны па 18 калекцыях. Апошнім часам актыўна папаўняюцца калекцыі “Фотадакументы”, “Рэчы”, “Нумізматыка”, “Ткацтва”, “Дрэва і лазапляценне”. Адным са спосабаў папаўнення фонду ў музеі з”яўляюцца экспедыцыі па раёне. Улічваючы тое, што наш музей краязнаўчы, навуковыя супрацоўнікі імкнуцца ў першую чаргу набыць прадметы, якія маюць дачыненне да гісторыі і культуры менавіта нашага раёна. Апошнім часам музейшчыкі звярнуліся і да рэчаў ХХ стагоддзя. У наш час, такі імклівы і прагрэсіўны, некаторыя прадметы вельмі хутка становяцца гісторыяй. На жаль, многія людзі не разумеюць важнасці нашай справы: не тое, што на двор не пусцяць, нават гаварыць не жадаюць.

Разам з тым, ёсць людзі, якія ідуць нам насустрач. Толькі за апошнія пяць гадоў фонд музея папоўніўся амаль на дзве тысячы адзінак. За бескарысліва перададзеныя рэчы хочацца выказаць словы падзякі былому жыхару Нясвіжа А.Я. Балакіну, несвіжанам З.А. Зарэмбоўскай, В.І. Міцкуну, К.П. Прышчэп, Р.І. Сасуновай, Л.В. Керко, А.П. Крыцуку, Г.І. Казаку, М.В. Азарка і інш. Хочацца падзякаваць А.П. Лявіцкай – дачцэ вядомага паэта Паўлюка Пранузы, С.Г. Грыбаедавай – пляменніцы знака-мітай краязнаўцы К.Я. Шышыгінай, Т.У. Дзідок – суседцы заслужанага работніка культуры  М.А. Бабіч, якія перадалі ў фонд музея асабістыя рэчы сваіх родных і сяброў.

У  камплектаванні калекцый фонду музей працягвае супрацоўніцтва са старшынямі пасялковага і сельскіх Саветаў. Добрымі сябрамі музея з”яўляюцца работнікі аддзела культуры, райваенкамата. Воіны-інтэрнацыяналісты М.А. Прахода, А.У. Андросік, І.Э. Бурновіч, А.В. Слабыш, А.В. Гжыбоўскі,  В.В.Правальскі, І.А. Драздовіч,  Я.С.Бабкоў, П.М. Зудаў, В.В. Ціцікша, Г.Г. Казлоў, М.В. Марук не засталіся абыякавымі да звароту музейшчыкаў і перадалі ў фонд музея ўласныя рэчы і фота-здымкі. Вялікі дзякуй родным ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія лічаць за лепшае захоўваць памяць продкаў у музеі.

Самая вялікая і каштоўная музейная персанальная калекцыя мастака Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука налічвае больш за тысячу адзінак захоўвання. І, здавалася, папаўнення калекцыі больш не прадбачыцца. Але ў 2009 годзе ў музей звярнулася С.А. Ціхонка, былы намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Новае жыццё”, і перадала 4 карціны беларускіх мастакоў, сярод якіх аказалася адна работа М.К. Сеўрука. Мы ведаем, што і ў нашых землякоў ёсць работы Міхаіла Канстанцінавіча. Можа, хто згадзіўся б перадаць іх у музей?

У наш час таксама востра стаіць і праблема наведвання музея. Да нас прыяз-джаюць з іншых гарадоў Беларусі і нават з-за мяжы, а мясцовыя жыхары – рэдкія наведвальнікі.  І справа тут не ў кошце ўваходнага білета. Многія лічаць: калі я пабыў аднойчы ў музеі, то і дастаткова. Але ж музей мяняецца, развіваецца, таксама, як і развіваецца на працягу жыцця кожны чалавек. З”яўляюцца новыя экспанаты, а ў чалавека – новыя думкі. І тое, што наведвальнік некалі пачуў, убачыў у музеі, зусім не роўна яго новым адчуванням. Гэта адносіцца не толькі да школьнікаў, але і дарослых.

Нас усіх датычыцца праблема Памяці. Гэта ж вельмі важна: адчуваць, як праз сувязь пакаленняў можна прадоўжыць сваё кароткае жыццё на тысячагоддзі і ўбачыць перспектыву будучага, перадаўшы нашчадкам памяць аб сабе. Музей захоўвае гэту Памяць.

Паважаныя жыхары раёна і горада, прадстаўнікі адміністрацыі ўстаноў і арганізацый! Калі ёсць у вас цікавыя прадметы ці карысная інфармацыя, якая датычыцца гісторыі нашага старажытнага горада і раёна, яго жыхароў, звяртайцеся ў музей! Гэтым вы дапаможаце захаваць нашу спадчыну. Наш адрас: г. Нясвіж, вул. Ленінская, 96. Тэлефон 5-58-74.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.