Высокія тэхналогіі на службе здароўю

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У цэнтральнай раённай бальніцы ў адыходзячым годзе была паспяхова ўкаранёна  новая методыка  лячэння пераломаў вялікіх трубчатых касцей  пляча, бядра і голені, вядомая пад назвай  “інтэрлокінг”. Яе сутнасць  у тым, што ў прасвет касці  ўводзіцца  металічны стрыжань, які фіксуецца  спецыяльнымі шурупамі. Пасля зрастання касці ўстаўныя элементы  выдаляюцца. Сярод раённых бальніц вобласці Нясвіжская – першая, дзе такі метад  аператыўнага  ўмяшальніцтва ўжываецца не ў  спецыялізаваным аддзяленні. Яшчэ  нядаўна  методыка  інтэрлокінгу  прымянялася толькі ў Мінскай  абласной клінічнай бальніцы і Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры  траўматалогіі і артапедыі.

У адрозненне ад ранейшых,  вельмі траўматычных аперацый, пасля якіх  патрабаваўся доўгі  рэабілітацыйны  перыяд,  методыка  інтэрлокінгу прадугледжвае  мінімальны  надрэз і  хутчэйшае  выздараўленне пацыента. З моманту  аперацыі такія хворыя ўжо  могуць хадзіць  пры дапамозе  мыліц і паступова даваць лёгкую нагрузку  на траўміраваную  канечнасць. Гэта садзейнічае хутчэйшаму  аднаўленню рухальных функцый і змяншэнню затрат на знаходжанне чалавека ў стацыянары.

Укараненне ў нашай бальніцы гэтых сучасных  высокатэхналагічных  аперацый стала  магчымым, дзякуючы падтрымцы мясцовай улады  ў асобе старшыні райвыканкама Івана Крупко, які заклікаў прадпрыемствы і арганізацыі аказаць спонсарскую дапамогу ЦРБ, і прадпрыемствам, якія  адгукнуліся на  гэты заклік. З іх дапамогай      былі набыты сам пастановачны апарат для інтэрлокінгу  і часткова – расходныя матэрыялы для правядзення  астэасінтэзу.  Спонсарамі медыкаў сталі: ЗАТ  “Нясвіжскае  аграпрам- энерга”, РУП  “Мінск Крышталь”, СВК “Гарадзея”, ААТ “Лань-Нясвіж”, ААТ “Клецкая крыначка”, ААТ “Юшавічы”, ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”,  ТАА “Футберг”, якім вельмі ўдзячны і ўрачы, і пацыенты.

У правядзенні аперацый  метадам інтэрлокінгу   вялікую ролю іграе  такі прыбор, як перасоўны рэнтгенаўскі апарат з C-падобным  штатывам  і электронна-аптычным пераўтваральнікам, або скарочана АЭП. Яго перадала нашай ЦРБ  Мінская абласная клінічная бальніца.

АЭП дазваляе ўрачу наглядна сачыць за праходжаннем  стрыжня ўнутры касці і тым самым пазбегнуць частых рэнтгенаўскіх  здымкаў, зэканоміць час.

Добрае авалоданне методыкай інтэрлокінгу нясвіжскімі хірургамі адзначылі і сталічныя  спецыя-лісты, якія ў аўторак  пабывалі ў ЦРБ з мэтай знаёмства з вынікамі работы несвіжан  па новай методыцы.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат  дзяржпрэміі нашай краіны, доктар медыцынскіх  навук, прафесар Аляксандр Руцкі,   загадчык  артапедычна-траўматалагічнага  аддзялення  № 1 Мінскай абласной клінічнай бальніцы, галоўны траўматолаг  упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Аляксей Маслаў і загадчык аддзялення прамянёвай бяспекі і дазіметрыі МАКБ, галоўны     спецыяліст  па прамянёвай  дыягностыцы ўпраўлення  аховы здароўя Мінаблвыканкама  Ірына Літвінчук абмеркавалі з нясвіжскімі хірургамі на чале з загадчыкам   аддзялення Ігарам Богушам і раённым траўматолагам Аляксандрам  Чабатаром праблемы хірургічнага лячэння хворых са складанымі  пераломамі  канечнасцяў.

Да гонару нашых медыкаў, іх работа была высока ацэнена  спецыялістамі з Мінска.  Як адзначыў акадэмік Аляксандр Руцкі, прагрэсіўнае  высокатэхнічнае  абсталяванне трапіла  ў надзейныя рукі, бо ў Нясвіжы працуюць  хірургі, якія хочуць і могуць вучыцца  новаму.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.