З жыцця Прападобнай Манефы Гомельскай

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Не журыся ў дарозе, паломнік,

Калі болем азвалася цела:

Гэты боль табе ціха напомніў,

Што зямное ў табе – не знямела.

Набяры ж у жывыя далоні

Прамянёў і свой дух запалі.

І нясі, як паходню, паломнік,

Гэты дар для радзімай зямлі!

Іван Ждановіч

 

Колькі б не займалі наш розум зямныя даброты і клопаты, душа  ж імкнецца да чысціні, туды, дзе паветра напоена водарам вечнасці – у храмы і манастыры, бліжэй да святыняў. Менавіта там, у благаславёных Богам мясцінах, мы наталяем духоўную смагу. Вяртаемся дадому радаснымі і прасветленымі.

Не так даўно настаяцель Свята-Косма-Даміянаўскай царквы іерэй Аляксандр Калеснік і настаўніца нядзельнай школы, што дзейнічае пры гэтым храме, Таццяна Калеснік разам з  прыхаджанамі, сярод якіх была і аўтар гэтых радкоў,  адправіліся ў  Гомель, наведалі Свята-Петрапаўлаўскі сабор, дзе знаходзяцца мошчы Прападобнай Манефы Гомельскай, а таксама пабывалі ў Свята-Іаанаўскім манастыры, што знаходзіцца ў вёсцы Карма Гомельскай епархіі.

Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор – адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, пабудаваны ў 1809-1824  гадах па праекту італьянскага архітэктара Джона Кларка. Яго фундатарам  стаў граф Мікалай Пятровіч Румянцаў. М.П. Румянцаў аса-біста ўдзельнічаў у будаўніцтве сабора. Найвялікшай святыняй храма стала часціца мошчаў Свяціцеля Мікалая, а таксама часціцы мошчаў святых, завешчаных заснавальнікам царквы.

У 1872 годзе храм атрымаў статус гарадскога, а з 1907 – кафедральнага сабора. Недалёка ад яго была ўзведзена радавая капліца-пахавальня Паскевічаў.

У 1929 годзе храм быў зачынены мясцовымі ўладамі, а з 1932 года ў ім былі размешчаны экспанаты мясцовага краязнаўчага музея. Сабор значна змяніўся: была разбурана званіца, сарваны крыжы, скінуты званы, разрабаваны багатыя царкоўныя рэчы, іконы. Разам са святымі мошчамі былі знішчаны і насценныя фрэскі, роспісы. У 1935 годзе ў саборы размясцілі аддзел гістарычнага музея, а ў 1939 годзе – антырэлігійны аддзел, які знаходзіўся ў храме амаль да Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля вывазу і эвакуацыі музея, падчас нямецкай акупацыі, стараннямі вернікаў і архімандрыта Серафіма, зараз праслаўленага ў ліку святых, сабор быў адчынены. Побач пабудавалі невялікую званіцу. У пасляваенныя гады храм адрамантавалі  і аднавілі роспісы.

Сабор дзейнічаў да 1960 года. А ў 1962 будынак быў прыстасаваны пад планетарый, які зачынілі ў 1985 годзе.

Толькі ў 1989 годзе храм зноў быў вернуты вернікам. 7 студзеня 1990 года на свята Нараджэння Хрыстова было здзейснена першае набажэнства.

Вясной 1992 года была ўзноўлена званіца. У 1996 годзе – пабудаваны і асвечаны хрысцільны храм у імя Святога Іаана Прадцечы.

Цэнтральны прастол сабора асвечаны ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла, у правым баку сабора – прастол Казанскай іконы Божай Маці, у ніжнім храме – прастол Святой раўнаапостальнай Марыі Магдаліны.

У саборы знаходзяцца мошчы новапраслаўленай беларускай святой – схіманахіні Манефы (Скопічавай), якім змаглі пакланіцца прыхаджане Косма-Даміянаўскай царквы.

З “Жыція Прападобнай Манефы Гомельскай” даведваемся, што Марыя Скопічава нарадзілася ў цяжкія гады грамадзянскай вайны ў в. Сеўрукі пад Гомелем 1 красавіка 1918 года, у сялянскай сям”і Уладзіміра і Глікерыі Скопічавых. Пры нараджэнні ўрачы выявілі ў яе невылечную хваробу –  дзіцячы цэрабральны параліч. Надзеі на ацаленне не было.

Нягледзячы на хваробу, Марыя з ранняга дзя-цінства дапамагала бацькам ва ўсіх хатніх справах. Дзяўчынка  навучылася нават добра краіць і шыць прыгожае адзенне.

Аднойчы ў дзяцінстве Марыя ўбачыла ў сне дзве дарогі і падумала: па якой з іх ёй пайсці? І тут жа пачула голас: “Па левай пойдзеш – спакойна жыццё пражывеш, па правай – тужыць будзеш”. Не вагаючыся, Марыя выбрала правы, цяжкі шлях.

З ранняга дзяцінства Марыя Скопічава адчувала каля сябе Божую прысутнасць і дапамогу, любіла наведваць царкву і была шчырай малітоўніцай.

Аднойчы ў хату да Скопічавых зайшоў празарлівы жабрак і па-прасіў міласціну. Дома была адна Марыя, якая пашкадавала незнаёмага чалавека і дала яму есці. Выходзячы з хаты,   удзячны старац сказаў, сустрэўшы на парозе Глікерыю: “Твая манахіня дала мне сала”. Гэты выпадак прымусіў задумацца над далейшым лёсам маладой дзяўчыны. Пражыць у свеце без дапамогі іншых людзей яна не магла, а бацькі ўсё ж нявечныя… Многа слёзных малітваў пра-ліла Марыя да Госпада, просячы вызначыць яе лёс, і нарэшце пагадзілася з прапановай ігуменні Чонкаўскага манастыра матушкі Паліксеніі. У дзень свята Праабражэння Гасподняга Марыя Скопічава прыняла манаскі пострыг з імем Манефы і ўсю гарачнасць сэрца, усе сілы душы аддала на служэнне Богу і людзям. Пазней яна прыняла і пострыг у вялікую схіму ад свайго духоўнага айца – аднога з апошніх Опцінскіх старцаў – схіігумена Макарыя.

З таго часу ўсё жыццё матушкі Манефы ператварылася ў бесперапынную малітву. Магчыма таму, яна яшчэ ў маладосці атрымала ад Бога дар празарлівасці.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны 23-гадовая м. Манефа пакінула Чонкаўскі манастыр і пасялілася ў в. Вішнёўка Цярэніцкага сельсавета ў сям”і мужа і жонкі  Кізёвых. У Вішнёўцы ў гады вайны існаваў цікавы абрад, шырока распаўсюджаны на Палессі: штогод 24 верасня з хаты ў хату жанчыны пераносілі драўляную “свячу” і ікону, верачы, што гэтая малітоўная абарона дапаможа іх мужам і сынам на фронце застацца жывымі. Драўляную “свячу” апраналі ў палатнянае “адзенне” і ўрачыста, хросным ходам пераносілі на вясковай вуліцы. Свечку перад абразом заўсёды трымала манахіня Манефа, якую людзі неслі на плячах. Адначасова на хаду матушку запытвалі пра лёс сваіх дзяцей, мужоў, сваякоў, якія былі на вайне. Матушка Манефа расказвала ім пра лёс блізкіх, але ўдоў шкадавала і не заўсёды паведамляла ім аб смерці іх мужоў.

У хуткім часе матушцы прыйшлося зноў вярнуцца  ў Сеўрукі, каб даглядаць малога пляменніка  Васіля, які застаўся адзін пасля смерці маці, сястры Манефы. Жыццё ў Сеўруках не было лёгкім ні для каго з жыхароў… Было вельмі цяжка з прадуктамі, і аднойчы зімой здарылася так, што матушка Манефа тры дні не ела нічога, акрамя кіпеню. Яна ўжо рыхтавалася да галоднай смерці, як у гэты момант у хату зайшла Ганна Міроненка – з далёкай Вішнёўкі яна прынесла дарагой матушцы мяшок сухароў. Расчуленая душэўнай дабрынёй Ганны, матушка Манефа, узяўшы ад яе сухары, сказала: “З гэтага часу не сыйдзе хлеб са стала тваіх дзяцей і ўнукаў”. Так і сталася.

Пасля вайны па Беларусі, як і па ўсім СССР, прайшла хваля рэпрэсій супраць вернікаў і святароў. Былі зачыненыя храмы і манастыры, арыштавана святарства і манаства. Матушка Манефа, як і многія іншыя насельнікі разбураных манастыроў, жыла ў роднай вёсцы, але людзі пра яе ведалі і прыходзілі па духоўную параду і малітоўную дапамогу праз дзясяткі вёрст. Тым, хто прыходзіў да яе з чыстай душой, расказвала аб самым патаемным у іх, распавядала аб іх мінулым, прадказвала будучае, давала парады, накіроўвала на верны жыццёвы шлях. Матушка гаварыла людзям, што галоўнае ў жыцці – малітва, пакаянне, міласэрнасць. Усім людзям яна раіла чытаць акафісты Божае Маці, падаваць мілас-ціну за жывых і памерлых, па магчымасці часцей бываць у Божым храме. Многія, выконваючы  парады матушкі, ацаляліся ад невылечных хвароб, стваралі шчаслівыя сем”і, мелі поспех у працы і розных справах, а той, хто не слухаўся матушкі, вельмі аб тым пасля шкадаваў.

У галодны пасляваенны час матушка Манефа саромелася браць ад людзей падарункі, якія прыносілі да яе ў знак удзячнасці за дапамогу. Але духоўнік благаславіў яе прымаць гэтыя ахвяраванні і аддаваць тым людзям, якія маюць патрэбу ў прадуктах і рэчах. У дні царкоўных святаў і па нядзелях матушка благаслаўляла блізкіх рабіць абеды, на якія збіраліся жыхары вёскі і ўсе, хто ў той дзень быў яе госцем (звычайна – некалькі дзясяткаў чалавек). Традыцыя гэта захоўвалася да канца жыцця матушкі.

Каля фізічна нямоглай, але духоўна моцнай матушкі Манефы збіраліся аднадумцы і блізкія па духу і веры людзі: манахіні Ганна і Фаціння, іншыя. А аднойчы матушку наведаў афіцэр Чырвонай арміі, былы франтавік, шчыры вернік Мікалай Ма-лічаў, убачыўшы ўпершыню якога, матушка Манефа ўпэўнена сказала: “Будзеш святаром!” Пакінуўшы работу на дрэваапрацоўчым камбінаце, дзе Мікалай рабіў пасля звальнення з войска, ён без ваганняў прыняў манаства і стаў святаром і да канца жыцця быў пад духоўным кіраўніцтвам матушкі Манефы. Памёр іераманах Мікалай Малічаў у 1987 годзе, на 3 гады перажыўшы сваю духоўную маці.

Да канца жыцця матушка Манефа пражыла ў Сеўруках і ў памяці ўдзячных сеўрукоўцаў засталася жыццярадаснай, ветлівай, чалавекам святога жыцця, іх абаронцай і апякункай. Пры яе жыцці ўсе нягоды абміналі вёску. Яе малітва нават спыняла пажары, дапамагала знаходзіць злачынцаў (было некалькі выпадкаў, калі забойцы, якіх некалькі месяцаў не магла адшукаць міліцыя, пасля таго, як змучаныя горам людзі звярталіся да матушкі Манефы, самі з”яўляліся да сваякоў забітых імі людзей, шчыра раскайваліся ў зробленым і распавядалі, дзе яны схавалі целы забітых). Прадказала матушка і лёс землякоў пасля будучай чарнобыльскай катастрофы…

У Сеўруках не было свайго храма, і матушка Манефа ездзіла маліцца ў Свята-Мікольскі храм вёскі Крыўск Рагачоўскага раёна, куды накіравалі служыць айца Мікалая Малічава, у Гомель, у Жыровічы. Ма-лілася матушка не толькі за сябе, за сваіх сваякоў і знаёмых, але і за ўвесь свет. У вольны час  займалася рукадзеллем, і, між іншым, многія храмы аздоблены зробленымі яе рукамі прыгожымі ручнікамі. У Свята-Петрапаўлаўскім саборы Гомеля захоўваецца яе любімая  ікона – Найсвяцейшай Багародзіцы “Спагнанне загінуўшых” (“Взыскание погибших”) – у прыгожым кіёце, перададзеная ў гэты храм пасля смерці матушкі Манефы.

Фізічна нямоглая на працягу ўсяго жыцця, у канцы яго матушка Манефа вельмі цяжка хварэла. Два апошнія месяцы яна нічога не ела, толькі па кроплях піла святую ваду. Памерла схіманахіня Манефа (Скопічава) 25 лютага 1984 года ў акружэнні блізкіх ёй людзей. На пахаванні і адпяванні матушкі сабраліся многія дзясяткі яе духоўных дзяцей і ведаўшых яе святароў. Сваё спачуванне з нагоды яе спачыну даслаў з Мінска Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Філарэт.

Пахавалі матушку Манефу на могілках у роднай вёсцы Сеўрукі, над магілай паставілі сціплы крыж і фотаздымак з указаннем датаў нараджэння і смерці. Побач з ёю потым былі пахаваныя і іншыя насельнікі “сеўрукоўскага манастыра”: іераманах Мікалай (Малічаў), матушкі Ганна і Фаціння.

Ішлі гады, але памяць пра матушку Манефу заставалася жывою ў сэрцах усіх, хто яе ведаў. Штогод 25 лютага збіраліся духоўныя дзеці і аднавяскоўцы матушкі на яе магіле. Змянілася некалькі пакаленняў сеўрукоўцаў, але ўсе яны ведаюць аб сваёй незвычайнай зямлячцы, дапамога якой не спыняецца ўжо больш за тры дзесяцігоддзі пасля яе смерці.

Па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Арыстарха, Архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага, раніцай 11 жніўня 2006 года святарамі Гомель-скага Свята-Петрапаўлаўскага сабора адбылося адкрыццё мошчаў схіманахіні Манефы. Усе прысутныя пры гэтым адчувалі незвычайна прыемны водар.

Праз год, у гадавіну адкрыцця мошчаў, 11 жніўня 2007 года ў кафедральным Свята-Петрапаўлаўскім саборы Гомеля адбылася кананізацыя схіманахіні Манефы (Скопічавай). Святая прападобная Манефа Гомельская была далучана да ліку Сабора ўсіх Беларускіх Святых, і гэты дзень у царкоўным календары стаў днём яе памяці.

(Пра наведванне Свята-Іаанаўскага манастыра мы раскажам у наступным выпуску “Вытокаў”).


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.