З жыцця святога Іаана Кармянскага

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Працяг. Пачатак у № 193-196)

Пакінуўшы Гомель, паломнікі з Нясвіжчыны адправіліся ў Карму, у Свята-Іаанаўскі манастыр, каб пакланіцца мошчам святога праведнага Іаана Кармянскага, а таксама часціцам мошчаў пяцідзесяці святых, што знаходзяцца ў храме.

Протаіерэй Іаан Гашкевіч быў далучаны да ліку святых не так даўно: 31 мая 1998 года. Але людзі яшчэ пры жыцці бацюшкі ўшаноўвалі яго як святога – за падзвіжніцкую працу, за вялікую любоў да бліжніх, за цуды вылечвання.

Нарадзіўся бацюшка Іаан у сям”і Іаана Гашкевіча, святара Свята-Пакроўскай царквы вёскі Стрэшын Рагачоўскага павета Гомель-скай  губерні ў ноч на 20 кастрычніка 1837 года. Быў хрышчаны з іменем Іаан, што азначае “благадаць Божая”, у гонар апостала любові Іаана Багаслова. Яго будучае служэнне было прадвызначана Госпадам і адкрыта бацькам яшчэ да яго нараджэння. Аднойчы, калі маці будучага праведніка, яшчэ цяжарная, як звычайна, малілася ў храме, да яе падышоў  юро-дзівы, нізка пакланіўся і вымавіў прароцкія словы: “Хацеў бы я ў яго (дзіцяці) узяць благаславенне, але не дажыву”. З гэтага дня бацькі ведалі, што ў іх народзіцца другі сын і таксама стане святаром.

З ранняга ўзросту Іаан разам з братам дапамагаў бацьку ў храме. Паслушэнства, праца і малітва, а таксама адданне сябе на волю Божую з маленства сталі галоўнымі яго рысамі.

Пачатковую адукацыю Іаан атрымаў у царкоўна-прыходскай школе, затым скончыў гімназію і духоўную семінарыю. Толькі ва ўзросце 23 гадоў Іаан вярнуўся ў родную вёску, дзе быў псаломшчыкам у царкве. Пасля смерці бацькі Іаан стаў настаяцелем царквы ў роднай вёсцы.

У 1862 годзе, пасля свята Богаяўлення, Іаан Гашкевіч вянчаецца з Марыяй. За 14 гадоў жыцця ў вёсцы ў праведніка нараджаюцца сыны Міхаіл, Ігнат, Сімяон і дачка Таццяна.

У канцы 1876 года протаіерэй Іаан пераводзіцца ў Свята-Мікольскі храм, які знахо-дзіўся ў вёсцы Агародня Добрушскага раёна. У новым прыходзе бацюшка шмат клапаціўся аб устраенні храма. Жонка Марыя ў Агародні нарадзіла яшчэ траіх дзяцей: Ганну, Платона і Іаана. Міхаіл, Сімяон, Платон і Іаан пасля таксама сталі святарамі. Ігнат – псаломшчыкам. Дачка Таццяна – настаўніцай царкоўна-прыходскай школы.

Пасля нараджэння малодшага сына 48-гадовы айцец Іаан здзейсніў сваю мару: наведаў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе атрымаў благаславенні ад  старцаў на вядзенне манаскага жыцця: да смерці не ўжываў ён мясной ежы, строга пасціў у сераду і пятніцу, толькі пасля вячэрняга богаслужэння ўжываў прасфору і крыху вады. Розум свой бацюшка заўсёды займаў Ісусавай малітвай, навучаючы гэтаму сваіх сыноў і духоўных дзяцей.

Святы праведны Іаан меў дар празарлівасці і заклікаў усіх да пакаяння: “…калі мы не пакаемся, наступнае пакаленне ўбачыць у храмах брыдкае запусценне”. Аднойчы ён сказаў, што за кроў памазанніка Божага Расія пралье шмат крыві, і гэтае прадказанне яго збылося, як і многія іншыя.

Айцец Іаан лячыў без грошай, вымольваў ацаленне нават беснаватым. Аднойчы бацюшка аддаў удаве Марыі і яе пяці сіроткам уласную карову, потым дазволіў браць царкоўныя дровы.

Айцу Іаану было бачанне  Крыжа Гасподня. Ён прадказаў  і  прыход у храм Божай Маці, пасля чаго храм апусцее. Прадказанне здзейснілася ў 30-я гады, праз 20 гадоў пасля смерці бацюшкі, які пакінуў гэты свет восенню 1917 года. Многія памятаюць, як зайшла ў храм Жанчына, незвычайна апранутая для тых месцаў. Яна падышла да чашы без споведзі. Усе стаялі і глядзелі, як заварожаныя, некаторыя бачылі каля Жанчыны юнакоў у белых  адзеннях. Калі выйшаў святар з Чашай, кроў у Чашы пачала кіпець. Іерэй спалохаўся, а Жанчына стала нябачнай. Святар успомніў словы свайго бацькі, забраў з храма анцімінс, а ў хуткім часе (у сярэдзіне 30-х гадоў)  Свята-Мікалаеўскі храм зачынілі і айца Іаана-малодшага адправілі ў ссылку.

У 1956 годзе царква была спалена на вачах у мясцовых жыхароў. На гэтым месцы зрабілі футбольнае поле і танцпляцоўку. Былі зруйнаваны і могілкі, дзе пахаваны айцец Іаан разам з сынам. Але людзі прыходзілі на гэтае месца і атрымоўвалі па сіле сваёй веры вялікія ацаленні.

У 1997 годзе адбылося адкрыццё святых мошчаў айца Іаана Гашкевіча.

Духоўным дзецям сваім айцец Іаан гаварыў, каб прыходзілі яны да яго на магілку, як да жывога, з усімі сваімі радасцямі і смуткам.

Магчыма, калі будзе на тое воля Божая, вы, паважаныя чытачы, пройдзецеся па шляхах святога праведнага Іаана Кармянскага і прападобнай Манефы Гомельскай. А пакуль што можам толькі прасіць: “Святыя праведныя ойча Іаане і матушка Манефа, маліце Бога за нас”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.