Ад матчынай песні, ад бацькавай мудрасці…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Малая радзіма… Абсяг нашага дзяцінства. Тое, што могуць бачыць дзіцячыя вочы. І што прагне ўвабраць у сябе дзіцячая душа.

Святы, ачышчальны і высакародны агонь натхнення запальваецца ў чалавека ад самага яго нараджэння. І каб гэты агонь не згас, яго ўвесь час трэба падтрымліваць, і крыніцай жыцця, крыніцай натхнення для чалавека творчага з”яўляецца яго малая радзіма.

Сноўская зямля надзвычай багатая на таленты. Адны толькі пачынаюць свой творчы шлях і вядомы невялікаму колу прыхільнікаў, імёны другіх вядомы не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі. Да ліку апошніх і адносіцца пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Гэта гонар сноўскай зямлі, гонар нашай школы.

20 сакавіка 2012 года у Сноўскім сельскім цэнтры культуры і адпачынку было асабліва ажыўлена і мнагалюдна. І на гэта была прычына! Работнікі Сноўскай сельскай бібліятэкі разам з настаўнікамі Сноўскай сярэдняй школы арганізавалі сустрэчу вучняў з беларускім дзяржаўным дзеячам, дыпламатам, пісьменнікам, публіцыстам, перакладчыкам, крытыкам, кандытатам навук у галіне інфармацыйных тэхналогій Анатолем Іванавічам Бутэвічам (фота 1).

Анатоль Іванавіч – лаўрэат прэміі Саюза журналістаў “Залатое пяро-2001”, прэміі імя Васіля Віткі часопіса “Вясёлка”, літаратурнага конкурсу “Кімерыйскія музы” на міжнародным фестывалі дзіцячых пісьменнікаў у Феадосіі. У 2008 годзе нашаму земляку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны журналіст” Беларускага Саюза журналістаў. Ён узнагаро-джаны ордэнам Свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускай праваслаўнай царквы, шматлікімі медалямі і граматамі.

Менавіта так прадставілі Анатоля Бутэвіча вядучыя – вучні 10 класа Андрэй Сташынскі і аўтар гэтых радкоў.

Анатоль Бутэвіч прыехаў не адзін. З ім былі яго добрыя знаёмыя: Пастаянны ўпаўнаважаны прадстаўнік Украіны пры каардынацыйных інстытутаў СНД, доктар філасофскіх навук  Іван Рыгоравіч Бунечка, старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Валерый Міхайлавіч Лазюк, дырэктар ДУА “Сноўская СШ” Галіна Васільеўна Радаман (на фота 2 – справа налева).

Пасля прадстаўлення гасцей пісьменнік пачаў свой маналог.

Любіць сваю зямлю, ведаць цану цяжкай сялянскай працы навучылі пісьменніка яго бацькі – Іван ды Мар”я Бутэвічы, ураджэнцы невялічкага хутарка Язавец, што непадалёку ад вёскі Баяры Ліпскага сельсавета. Менавіта адсюль пачалося для Анатоля Бутэвіча спасціжэнне свету, багатага і разнастайнага, спасціжэнне мілай сэрцу Беларусі, спасціжэнне сваёй малой радзімы, куды ён вяртаецца зноў і зноў з розных дарог. У адным з першых яго твораў – “У кожнага свае Баяры!” – ёсць радкі, сугучныя вядомай людзям старэйшага пакалення песні:

“А я ў Баяры, дамоў хачу,

Я так даўно не бачыў мамы.”

Але малая радзіма для Анатоля Іванавіча – гэта не толькі Язавец і Баяры, але і наш Сноў. Бо менавіта тут, па словах Анатоля Бутэвіча, ён сустрэў людзей, якія дапамаглі яму спазнаць і палюбіць гісторыю роднага краю. Гэта Іван Іосіфавіч Калоша, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, і Пётр Іванавіч Пазняк, настаўнік працоўнага навучання, якія арганізоўвалі для вучняў старэйшых класаў вандроўкі па родных мясцінах, знаёмілі з мінулым і сучасным роднага краю.

Але ўжо будучы міністрам культуры і друку Рэспублікі Беларусь, а потым Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску, Анатоль Іванавіч зразумеў, як мала ён ведае пра Беларусь, пра яе гісторыю, цуды і таямніцы. Менавіта адсюль пачынаецца яго сур”ёзнае захапленне гісторыяй роднага краю. Ён, у сваю чаргу, хоча перадаць гэты неацанімы дар будучым пакаленням, таму выдае цыкл кніг для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту на гістарычную тэматыку, аб”яднаных у серыю “Сем цудаў свету”. Услухаемся ў назвы гэтых кніг: “У гасцях у вечнасці”, “Званы Нямігі”, “За наміткай гісторыі”, “Адвечны покліч Радзімы”, “Славутыя родам сваім”, “Перуновага племені дзеці”…

Потым былі і больш грунтоўныя даследаванні: “Раскіданае гняздо крывіцкай славы” (2008), “Таямніцы Мірскага замка: падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам” (2011). У планах Анатоля Бутэвіча – праца над кнігай “Нясвіж вядомы і невядомы. Падарожжа ў глыб стагоддзяў з Уладзіславам Сыракомлем”.

Аднак Анатоль Іванавіч Бутэвіч не толькі пісьменнік-гісторык. Ён цудоўна ведае дзіцячую псіхалогію і з”яўляецца аўтарам такіх захапляльных кніг, як “Прыгоды лісціка-карунчыка”, “Растойны пах асоту”, “Як акіян з кропелькай барукаўся”, “Прыгоды віруса Шкодзі”.

Шмат цікавага і пазнавальнага расказаў Анатоль Бутэвіч, а потым даў слова сваім сябрам – Івану Рыгоравічу Бунечку і Валерыю Міхайлавічу Лазюку, якія адрасавалі многа добрых і цёплых слоў Анатолю Іванавічу і падаравалі кнігі школьнай бібліятэцы.

Напрыканцы сустрэчы Анатоль Іванавіч  адказаў на шматлікія пытанні, зададзеныя вучнямі.

У 2014 годзе Анатоль Іванавіч адзначыць свой саракапяцігадовы юбілей творчай дзейнасці. Напісанае ім за гэты час дапамагае чытачу спазнаць гісторыю Беларусі, абуджае, падымае на паверхню ў чалавеку тое, што даўно знаходзіцца на глыбіні душы, даносіць людзям, што тут, на гэтай зямлі, кожнаму хопіць месца, абы не бракавала шчырасці і спагадлівасці.

Адкуль у пісьменніка такая пявучая душа, шчырае сэрца? Канечне, ад матчынай песні, матчынага слова, матчынай любові, бацькавай мужнасці і мудрасці. Ад нашай нясвіжскай зямлі, якая дала гэтаму чалавеку натхненне. Ад яго землякоў, якія сталі героямі многіх твораў, дапамаглі зрабіць першыя крокі як на гэтай зямлі, так і ў літаратуры.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.