Геаграфічны летапіс мінулага

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У канцы лютага ў выставачнай зале першага пускавога комплекса замка князёў Радзівілаў адкрылася выстава, на якой прадстаўлены старадаўнія геаграфічныя карты, пад назвай “Беларусь: картаграфічныя крыніцы ХVI – XVIII стагоддзяў”.

Як зазначыў на яе адкрыцці дырэктар Нацыянальнага музея-запаведніка “Нясвіж”, кандыдат гістарычных навук Сяргей Клімаў, гэта першая з некалькіх выставаў, запланаваных у замку ў рамках акцыі “Культурная сталіца Беларусі”.

Усяго наведвальнікам прадстаўлена 16 старадаўніх картаграфічных крыніц, большасць з якіх – з прыватнай калекцыі старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА ў Беларусі Уладзіміра Шчаснага. 5 экспанатаў – з фондаў самога музея-запаведніка. Гэта так званая “Радзівілаўская карта”, датаваная 1673 годам, і 4 карты сярэдзіны XVII стагоддзя, зробленыя прыдворным картографам Людовіка XIII Нікаласам Сансонам д”Абэвілем, з выявамі ваяводстваў Вялікага княства Літоўскага.

Асобна трэба адзначыць карту “Еўропа” славутага заснавальніка картаграфічнай навукі Герарда Меркатара, рэканструкцыю якой па факсіміле канца XIX ст. выканаў кандыдат гістарычных навук, буйнейшы спецыяліст па картаграфіі земляў Вялікага Княства Літоўскага Леў Казлоў.

Гэту карту Меркатар зрабіў у 1554 годзе для імператара Карла V Габсбурга, а апошні арыгінал, на жаль, быў страчаны падчас 2-й сусветнай вайны. Убачыць яе можна было толькі ў дзень адкрыцця выставы, каментарыі па якой даваў сам Леў Раманавіч. Ён расказаў аб ролі Мікалая Крыштофа Радзівіла  Сіроткі, пры фінансаванні якога была створана лепшая карта Вялікага Княства Літоўскага тых часоў, зробленая польскім гравёрам Томашам Макоўскім, аб тым, што да падзелу Рэчы Паспалітай у Еўропе з”явіліся карты, дзе землі ад Брэста да Полацка пазначаліся словамі “Russia Alba”, што значыць “Белая Русь”, і аб многіх іншых цікавых момантах.

Як адзначыў у завяршэнне свайго аповеду Леў Казлоў, галоўнае значэнне старадаўніх картаграфічных крыніц у тым, што яны паказваюць свет, у якім мы жывём, такім, якім ён быў сотні гадоў таму. Гэта своеасаблівы геаграфічны летапіс, які адкрывае ўважліваму воку мінулае нашай Радзімы ў яго развіцці і дапамагае захаваць гэта мінулае для нашчадкаў.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.