“Разгортваем кнігу — адкрываем свет”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У апошні дзень лютага ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло свята “Разгортваем  кнігу – адкрываем свет”, прысвечанае ад-крыццю Года кнігі.

Мерапрыемства аб”яднала ўсіх, хто любіць кнігу – чытачоў і аўтараў, выдаўцоў і бібліятэкараў. Раздзяліць з гаспадарамі свята прыбылі пачэсныя госці – вядучы спецыяліст  аддзела культуры райвыканкама Таццяна Новік,  член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Марціновіч (фота 8), дырэктар  выдавецтва “Народная асвета” Ларыса Менько, загадчыца рэдакцыі  выдавецтва “Народная асвета” Вера Бахціна, начальнік аддзела маркецінгу  выдавецтва “Вышэйшая школа” Алег Шукела (на фота 1 ён з дырэктарам ЦБС Людмілай Вітко), рэдактар  аддзелаў паэзіі і замежнай літаратуры часопіса “Нёман”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Юрый Сапажкоў (фота 3). Госці перадалі ў дар гаспадарам некалькі цікавых кніг, выпушчаных у сваіх выдавецтвах.

Адкрыла свята дырэктар Нясвіж-скай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людміла Вітко, якая расказала  ў сваім выступленні  аб рабоце  ўстановы  і зазначыла, што кніга  бу-дзе жыць заўсёды, таму што  ні адзін другі сродак інфармацыі  не дае такога адчування  пранікнення ў свет іншых людзей і такой  прысутнасці аўтара ў тваім жыцці.

Аб значэнні кнігі для духоўнага развіцця чалавека, аб развіцці  выдавецкай справы гаварылі і дырэктар выдавецтва “Народная асвета” Ларыса Менько,  начальнік аддзела маркетынгу выдавецтва “Вышэйшая  школа” Алег Шукела, беларускі  пісьменнік Алесь Марціновіч і рэдактар аддзелаў паэзіі і  замежнай літаратуры часопіса “Нёман” Юрый Сапажкоў.

Разам з дарослымі ў свяце кнігі, на радасць усім  прысутным, удзельнічалі і дзеці. Па-дзіцячы шчыра  і непасрэдна вучні 4-га класа Нясвіжскай гімназіі  чыталі вершы, прысвечаныя кнігам.

Дарэчы, больш за 500 вучняў школ Нясвіжа з”яўляюцца  чытачамі  цэнтральнай раённай бібліятэкі і некаторыя  з іх заваявалі права  называцца лепшымі чытачамі па выніках 2011 года. Іх узнагароджвалі памятнымі  падарункамі дырэктар  Нясвіжскай ЦБС Людміла Вітко і дырэктар выдавецтва “Народная асвета” Ларыса Менько (фота 6). Права называцца лепшымі чытачамі  юнацкага абанемента  мінулага года  атрымалі вучань  10 “А” класа ДУА Нясвіжская гімназія” Яўген Чарнюк і вучаніца 10 “Б” класа  Нясвіжскага  дзяржаўнага  ліцэя Вераніка Гаргун (фота 10). Спецыяльным дыпломам быў узнагаро-джаны  Павел Каверчык, вучань 10 “Б” класа СШ № 4 г. Нясвіжа (фота 9).

За актыўны ўдзел у масавых  мерапрыемствах  раённай бібліятэкі  былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі 10 “А” клас СШ № 1 г. Нясвіжа (класны кіраўнік Любоў Азарка), 10 “А”  клас Нясвіжскай гімназіі (класны кіраўнік Іна Хаванская), 10 “Б” клас Нясвіжскай гімназіі (класны кіраўнік Людміла Зубрыцкая).

Каб зацікавіць кнігай  як мага большае кола чытачоў, у раённай бібліятэцы з 1 лютага стартавалі спецыяльныя акцыі. Так, чытачам  прапанавана выдзеліць лепшую з прачытаных  за год кніг, прыняўшы ўдзел у  акцыі “Кніга года”. А ў рамках акцыі “Лідар чытання” будуць  вызначаны лепшыя чытачы 2012 года.

Таксама можна паўдзель-нічаць у акцыі “Буккросінг у бібліятэцы: прачытаў – прапануй другому”. Гэта акцыя дае магчымасць узяць кнігу, якую прынёс з дому нехта  іншы, або пакінуць сваю, каб падзяліцца ёю з другімі людзьмі.

Калі вы прачыталі кнігу і не хочаце, каб яна без справы стаяла ў вас на паліцы, можна прыняць удзел у акцыі “Падары бібліятэцы кнігу” або ў сумеснай з раённым  тэрытарыяльным цэнтрам абслугоўвання насельніцтва акцыі “Душу выратуе дабро”,  падчас якой кнігі, што вы падарылі, трапяць у бібліятэкі  сацыяльнага цэнтра, Нясвіжскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, Гарадзейскай школы-інтэрната.

З 1 сакавіка ў цэнтральнай  раённай бібліятэцы стартавалі цікавыя   раённыя і гарадскія  конкурсы. Сярод іх – конкурс буктрэйлераў “Кніга ў кадры”. Буктрэйлер – гэта кароткі  відэаролік-анонс твора. Яго асноўная  задача – расказаць пра кнігу, зацікавіць ёю чытача.

Таксама ўсе жадаючыя могуць  прыняць удзел у раённым  фотаконкурсе “Злоўленыя за  чытаннем”. Здымак павінен  ілюстраваць  момант чытання, зносінаў з кнігай або іншым  друкаваным выданнем. Для ўдзелу ў  конкурсе трэба прадаставіць  заяўку, у якой расказаць пра сябе, даць згоду  (або нязгоду)  на размяшчэнне  конкурсных работ  на сайце бібліятэкі, які пачне дзейнічаць з красавіка 2012 года. Вынікі конкурсаў будуць падведзены 15 верасня 2012 года.

Не менш цікавымі  для навучэнцаў горада стануць конкурс  дзіцячых малюнкаў  “Кніга ў маім жыцці” і конкурс  на лепшы літаратурны твор, прысвечаны  130-годдзю Я. Купалы і Я. Коласа “Тэрыторыя творчасці”.

Навучэнцам 10-х класаў  школ горада і 1-га курса Нясвіжскага  каледжа бібліятэка прапануе прыняць удзел  у гарадскім краязнаўчым конкурсе “Нясвіж – асяродак  нацыянальнай культуры”, арганізаваным  у рамках Рэспубліканскай акцыі  “Нясвіж – культурная сталіца Беларусі 2012”. Конкурс складаецца  з дзвюх гульняў, якія пройдуць  у сакавіку і кастрычніку  2012 года.

Пасля азнаямлення ўдзельнікаў  свята кнігі з акцыямі і  конкурсамі 2012 года, мерапрыемства працягнулася ў іншых залах  бібліятэкі.

Так, новыя кніжныя паступленні і выданні гасцей – выдавецтваў “Народная асвета” і “Вышэйшая школа” можна было ўбачыць у файе 2-га паверха  на выставе-продажы  “Кніжны салон у бібліятэцы” (фота 2,5), у чытальнай зале  жадаючых чакала аўтограф-сесія “Кніга з рук аўтара”, дзе можна было атрымаць  аўтограф  пісьменніка Алеся Марціновіча і пагутарыць з ім.

Тыя ж, хто любяць паэзію і пішуць вершы, змаглі прыняць удзел  у творчай майстэрні юнага аўтара “Спроба пяра” (фота 4), якую вёў у канферэнц-зале бібліятэкі супрацоўнік часопіса “Нёман” Юрый Сапажкоў.

На суд вопытнага майстра слова свае вершы прадставілі  юныя паэткі Надзея і Ксенія Гжыбоўскія, Кацярына Будчан, Марына  Вайцюк,  Наталля Шахонцава, Настасся Антонава, Крысціна Чыгір.

Юрый Міхайлавіч уважліва ацаніў  усе добрыя і слабыя бакі кожнага верша, падвёўшы маладых  аўтараў да разумення  неабходнасці  вельмі крытычна ставіцца да сваіх слоў, шліфаваць кожны радок, шукаць свае непаўторныя вобразы  і думкі, якія па-вінны  вырастаць са свайго ўласнага  вопыту, нараджацца  менавіта ў сваім сэрцы, а не  брацца аднекуль збоку, з вопыту  іншых людзей.

Юрый Сапажкоў асабліва адзначыў вершы Ксеніі Гжыбоўскай, Кацярыны  Будчан (фота 7) і Крысціны Чыгір, даўшы і ім пэўныя рэкамендацыі па рабоце над словамі.

Госць з Мінска таксама пазнаёміў удзельнікаў творчай майстэрні з уласнай паэзіяй, якая выклікала гарачыя апладысменты слухачоў.

Па просьбе арганізатараў сустрэчы свае думкі аб творчасці юных і  паэзіі ўвогуле выказалі таксама мясцовы паэт  Уладзімір Жылко і намеснік  галоўнага рэдактара  раённай газеты “Нясвіжскія навіны” Соф”я Любанец. Уладзімір Трафімавіч  яшчэ і парадаваў слухачоў сваім выдатным  вершам “Нібы  чырванню падмаляваныя”.

Так, разнастайна і насычана, прайшло  адкрыццё Года кнігі ў цэнтральнай  раённай бібліятэцы. Наперадзе – новыя мерапрыемствы і цікавыя сустрэчы, на якія  абавязкова за-просіць усіх жадаючых  цэнтральная раённая бібліятэка і іншыя бібліятэкі Нясвіжчыны.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.