Стараста ў вёсцы — што гаспадар у доме

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

З 2005 года, калі ў Беларусі  з”явіўся інстытут стараства, інтарэсы сваіх аднавяскоўцаў стала прадстаўляць жыхарка вёскі  Цякалаў-шчына Лявонавіцкага сельскага Савета Людміла Іванаўна Кудрук.

Старастай свайго населенага пункта яна была  абрана невыпадкова – усё жыццё пражыўшы  ў гэтай вёсцы, Людміла Іванаўна не па чутках ведае штодзённыя клопаты і праблемы сваіх землякоў. Ды і як работнік  культуры, загадчык Смаліцкай сельскай бібліятэкі-клуба, арганізатар многіх мерапрыемстваў, яна заўсёды на віду. Любіць людзей, цікавіцца імі, стараецца  зрабіць жыццё сваіх аднавяскоўцаў як мага больш упарадкаваным і змястоўным.

– Цякалаўшчына – вёсачка невялікая і аддаленая  ад цэнтра гаспадаркі, – расказала ў  нашай гутарцы Людміла Іванаўна. – У ёй усяго 46 жыхароў, з якіх 31 – пенсіянеры, 11 яшчэ працуюць і 4 – непаўналетнія. Як бачыце, больш за палову вёскі – пенсіянеры, а ім патрабуецца асаблівая ўвага.

Разумеючы гэта, Людміла  Іванаўна пачала з элементарнага – з дарогі, па якой трэба ездзіць і хадзіць людзям. Асфальта не было, і дзесьці 800 метраў вуліцы – разбітай, спрэс у  ямінах – парадкам псавалі жыццё вяскоўцам. Стараста падняла гэта пытанне перад тагачасным кіраўніком гаспадаркі Ігарам Макарам,  і ён паставіўся да яго з поўным разуменнем. Дамовіўся з кіраўніцтвам ДРБУ № 168, і вяскоўцы  атрымалі дарогу з цвёрдым, надзейным пакрыццём.

Яшчэ адзін немалаважны момант – захаванне парадку на могілках. Гэта, лічыць Людміла Іванаўна, клопат  кожнага сумленнага чалавека, а яе як старасты – асабліва. І тут таксама, як з удзячнасцю адзначыла  мая суразмоўца, першы памочнік – кіраўніцтва  сельгаспрадпрыемства, дзякуючы якому, па хадатайніцтве старасты,  на могілках у Цякалаўшчыне быў знесены  стары гнілы плот і пастаўлены новы, жалезабетонны. Устанавілі і новы прыгожы крыж, каб кожны мог спыніцца тут і пакланіцца Богу ў святым месцы памяці і смутку. Дарэчы, у пахаванні адзінокіх людзей  таксама роля старасты  незамянімая. Яна дапамагае  арганізоўваць  развітанне з аднавяскоўцамі, пра якіх  няма каму з блізкіх паклапаціцца.

З самымі рознымі пытаннямі звяртаюцца  да Людмілы Іванаўны людзі. Было і такое, што чалавек ніяк  не мог атрымаць грошы  за здадзеную бульбу. Ужо амаль  страціўшы надзею, ён прыйшоў да старасты. Яна звярнулася да  тагачаснага дэпутата  парламента Марыі Худой, і пасля неабходных разбіральніцтваў  грошы былі выплачаны.

Нераўнадушнае, адказнае стаўленне да сваіх людзей і вёскі ўвогуле – першая і галоўная  прыкмета сапраўднага старасты, челавека, які служыць сувязным  звяном паміж насельніцтвам і мясцовай уладай, добрым яе памочнікам ў добраўпарадкаванні  паселішча, навя-дзенні парадку на зямлі.

Так, у цесным супрацоўніцтве з дэпутатам мясцовага Савета  Міхаілам Шчэрбачам  стараста адсочвае пытанні вулічнага асвятлення, апрацоўкі прысядзібных участкаў, становішча  з нежылымі дамамі. Апошняе, дарэчы, – асаблівы клопат Людмілы Іванаўны. Яна вельмі ўдзячна кіраўніцтву гаспадаркі – і былому, і цяперашняму, у асобе дырэктара Анатоля  Рудзяка, за ачыстку ўчасткаў, дзе  ўжо ніхто не жыве. Па сумеснай просьбе  старасты і старшыні сельвыканкама  Уладзіміра Мірончыка,  ЗАТ “1 Мая”  выдзяляе людзей, якія  разбіраюць платы, выпілоўваюць  старыя сады і кустарнікі, аплачвае работу  трактара, які прадастаўляе  Нясвіжскае ПМС.  Гэта ідзе на карысць і жыхарам, і гаспадарцы – вёска  без закінутых, заросшых сядзіб святлее, а сельгаспрадпрыемства атрымлівае ў севазварот новыя землі.

Важны момант у рабоце  Людмілы Іванаўны як старасты – не толькі вырашэнне  жыццёва-бытавых пытанняў аднавяскоўцаў, але і арганізацыя іх адпачынку. Як сапраўды работнік культуры, яна выдатна разумее, што не хлебам адзіным жыве чалавек, і неабходна ўсяляк  падтрымліваць у ім цікавасць да жыцця. Тым больш, калі чалавек  гэты ўжо немалады.

– Штогод 4-5 канцэртаў праходзіць  у нашай вёсцы, – гаворыць  Людміла Іванаўна. – І сваімі сіламі ладзім, і з райцэнтра  артысты выступаюць, прыязджае аўтаклуб.  І калі мясцовая ўлада  праводзіць традыцыйную  справаздачу перад насельніцтвам аб зробленым за год, мы гэту  падзею часцей за ўсё стараемся прымеркаваць  да Вялікадня або Яблычнага Спаса (19 жніўня) і ладзім вялікае святочнае мерапрыемства. А каб усе жадаючыя, асабліва пажылыя, маглі  дабрацца да яго, гаспадарка дапамагае з падвозам людзей.

Асобная цікавая старонка дзейнасці старасты – супрацоўніцтва  з раённай арганізацыяй грамадскага аб”яднання “Беларускі Саюз жанчын” Першамайскага раёна г. Мінска, наладжанае па ініцыятыве  Людмілы Іванаўны. Гэтаму сяброўству ўжо споўнілася 10 гадоў, а пачалося яно 1 кастрычніка 2001 года, калі разам з прадстаўніцамі з Першамайскага раёна прыехаў навуковы супрацоўнік інстытута анкалогіі і  радыяцыйнай медыцыны імя Аляксандрава Іван Кудрук, які даваў бясплатныя кансультацыі ўсім жадаючым. Пабывала на сустрэчы з вяскоўцамі і вядомая паэтэса  Валянціна  Паліканіна і многія іншыя цікавыя людзі.  Сяброўкі з Мінска таксама пастаянна прывозяць гуманітарную дапамогу для  шматдзетных і малазабяспечаных сем”яў, асобны адрас іх клопату –  Лявонавіцкі і Салтанаўшчынскі  дзіцячыя садкі, куды яны прывозяць  добрыя падарункі. Шмат цікавых кніг  прадстаўніцы Беларускага Саюза жанчын  Першамайскага раёна перадалі ў дар бібліятэцы Лявонавіцкай СШ.

І гэта толькі кароткі пералік прыкладаў добрага, цікавага супрацоўніцтва, якое арганізавана дзякуючы  нераўнадушнаму чалавеку,  і ідзе на карысць не толькі  адной вёсцы, але і суседнім.

Не выпускае стараста з-пад сваёй  пільнай увагі  і гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў. Так, пасля закрыцця магазіна  ў Цякалаў-шчыне ў вёску  ўжо другі  год прыязджае  аўталаўка, і  Людміла Іванаўна стараецца, каб і графік  яе прыездаў, і асартымент задавальнялі людзей.

Вядома, не ўсё ў жыцці бывае гладка, не ўсё ўдаецца злёту. Але на тое і стараста, каб  вяскоўцы бачылі ў ім залог таго, што  іх праблемы не застануцца без увагі, што яны будуць пачутыя.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.